Выбрать главу

Пугацэвіч спыніўся на рагу, зірнуў на гадзіннік. Было каля дзевяці. Вячаслаў Шульжык павінен быць ужо дома. Сяргей Антонавіч намацаў у кішэні двухкапеечную манетку і накіраваўся да тэлефона-аўтамата. Але спачатку ўсё-такі пазваніў у аддзел: а раптам? У трубцы пачуўся хрыплаваіы, з пералівамі бас:

— Оперупаўнаважаны Шульжык слухае.

— Што выхадзіў, Вячаслаў?

— От спрабую выкласці на паперы,— уздыхнуў старшы лейтэнант. Не любіў ён пісаць, кожны раз даводзіў, што менавіта праз гэта ў філолагі не пайшоў.

— Даю табе адтэрміноўку,— пажартаваў Пугацэвіч,— да раніцы. А пакуль давай галоўнае. У мікрафон.

— Ёсць жанчына. У двары, на другім баку Падлеснай…

На Падлеснай вуліцы была другая абрабаваная кватэра.

Аператыўнікі райаддзела вакол яе пахадзілі быццам бы нямала, пабывалі ў суседніх дамах, пагутарылі з людзьмі. Але раён пошукаў, на думку Пугацэвіча, быў звужаны. Таму і даручыў ён Шульжыку выправіць гэта ўпушчэнне.

— Ты канкрэтна, канкрэтна, — Сяргей Антонавіч захваляваўся, пачуўшы, што не памыліўся.

— Вольга Андрэеўна Лашманава, кватэра дзевяць дом адзінаццаць па вуліцы Кавалёва. Там такі вялікі двор. Помніць тую раніцу.

— Еду! — крыкнуў Пугацэвіч.— Чакай,— і выйшаў з кабіны.

Шульжык распытаў жанчыну падрабязна. Капітан слухаў яго задаволена.

— Назіральны чалавек гэта Лашманава,— гаварыў Вячаслаў.— Чысло запомніла дакладна. Пагода, казала, была такая, як сёння,— сухая. Сама вазілася ў двары з кветкамі. Было пуста — лета, дзятва хто ў лагеры, хто ў вёсцы, дарослыя на працы. Таму і звярнула ўвагу, што на тым баку двара, ля дома, у якім сталоўка, тупае хлопец з сумкай. Спачатку падумала, што прыехаў да каго, а кватэра замкнёная. Нават пашкадавала, спытала, да каго. А ён адказаў, што чакае таксі. Дарэчы, следчаму райаддзела яна расказвала пра хлопца, ён быў зацікавіўся, а тады паківаў галавой: маўляў, далекавата ад Падлеснай.

У гэтым месцы Пугацэвіч нахмурыўся. У справе пра Лашманаву не ўпаміналася. Следчы Загдай яе сведчанню не надаў значэння. Добра, што Шульжык аказаўся ўедлівым.

А Вячаслаў працягваў:

— Пытаюся ў Вольгі Андрэеўны, чаму вам запомніўся хлопец? Яна і кажа: тлуміў пра таксі, а па яго «пікапчык» прыехаў.

— Дакладна «пікапчык», Лашманава ўпэўнена? — У Пугацэвіча бровы на лоб палезлі. Калі сведка не памылялася, то машыну можна хутка ўстанавіць. Няўжо ўсё так проста?

— Не сумнявайся, Вольга Андрэеўна на базары працавала, на такіх прадукты прывозілі часта. Ды і тэлевізар у яе нядаўна ў рамонт бралі, на «пікапчыку» прыязджалі. Больш таго, калі я папрасіў, то і рэчы назвала. Балонневую сумку ў чорна-белую клетку, а што яшчэ — не разгледзела, але нешта яшчэ было ў руках у хлопца.

3 упраўлення Пугацэвіч паехаў на вуліцу Кавалёва. Пастаяў крыху перад пад’ездам, ля якога невядомы хлопец чакаў машыну, потым павольна пайшоў у напрамку Падлеснай. Раптам захацелася прайсціся па двары дома, дзе адбылася кватэрная кража. Гэта наўрад ці магло даць яму нешта канкрэтнае, тым болей што да пацярпеўшых ён заходзіць не збіраўся, іх не было ў горадзе. Аднак ведаў, што яшчэ раз паглядзець лішнім не будзе.

Пакуль ён павольна брыў, сцямнела. Засвяціліся вокны, вулічныя ліхтары. Усё навокал змянілася, набыло іншы, начны выгляд. А кража ж была раніцай… Раніцай… Пугацэвіч паківаў сам сабе галавой: запрацаваўся, сышчык, з дарогі збіваешся. Сюды ты абавязкова вернешся заўтра, калі будзе светла, а зараз табе трэба зусім у іншае месца, дзе падзеі адбываліся якраз у цёмную пару.

На гадзінніку было дванаццаць ночы. Двор Канапацкіх, абкружаны шматпавярховымі дамамі, заціх, апусцеў. Людзі спалі. I напэўна, нікому няма справы да таго, гарыць святло ў суседа ці не. Так магло быць і ў тую ноч, калі злачынцы апынуліся ў кватэры Льва Сідаравіча. Ва ўсякім разе, ніхто з апрошаных тады жыхароў дома насупраць нічога незвычайнага не заўважыў. А святло ж было доўга… Ды так ужо звычайна складваецца. Як на тое. Інакш або гаспадары раней вярнуліся, або суседзі перашкодзілі б…