Пугацэвіч знайшоў адкрытую з усіх бакоў лавачку, сеў. Адсюль пад’езд Канапацкіх быў добра бачны. Але толькі адсюль, знізу. Бо тыя ж самыя спрыяльныя абставіны зноў працавалі на злачынцаў. Ужо з другога паверха суседняга дома дзверы не праглядваліся, іх засланяў стары каштан з густой раскідзістай кронай. Злодзей ці злодзеі мелі магчымасць выйсці незаўважанымі і далей, збочыўшы налева, хавацца за кустамі бэзу, аж пакуль не павярнулі б за вугал дома. А там — дарога, пустынная вуліца з дамамі, схаванымі на процілеглым баку высокімі таполямі. Самы надзейны для злачынцаў шлях, каб непрыкметна выйсці з пад’езда Канапацкіх. Такі, напэўна, і быў іх першы этап адступлення.
Пугацэвіч павольна рушыў па гэтым уяўным маршруце.
На рагу вуліцы спыніўся. Гэты раён ён ведаў кепска, не тое што, напэўна, тыя дамушнікі. Яны маглі загадзя вызначыць, як і куды лепш пайсці. А яму, каб здагадацца пра іх шлях, трэба паламаць галаву. I ўсё роўна гарантыі ад памылкі не будзе.
Наўрад ці злачынцы з рэчамі ў руках павярнулі па тратуары ўлева ці ўправа. Многія вокны ў дамах паабапал вуліцы сёння адчынены. I ў тую ноч было цёпла. А крокі на тратуары добра чутныя. Праезджая частка закрыта ад вачэй жыхароў дрэвамі, але тут можна нарвацца на выпадковую машыну. Таму сама надзейна перасекчы вуліцу, і толькі ў адным месцы — дзе паміж двума пяціпавярховымі дамамі ёсць глухі праход.
Пугацэвіч так і зрабіў. Яму адкрыўся прасторны двор, нават хутчэй пустка, на адным баку якой удалечыні бачыўся доўгі дзевяціпавярховы будынак, а на другім, як бы працягваючы праход, быў дзіцячы сад. Трымаючыся ценю густых клёнаў, якія раслі ўздоўж металічнай садаўскай агароджы, Сяргей Антонавіч трапіў у вузенькі цёмны завулак паміж лазняй і школай, дзе і ў больш ранні час не вельмі людна, а поначы дык наогул нікога не сустрэнеш.
Сяргей Антонавіч амаль не сумняваўся, што злачынцы рухаліся менавіта так, больш ім не было куды дзявацца, калі не жылі яны зусім блізка ад Канапацкіх. Далей жа маглі павярнуць з гэтага месца куды хочаш, бо і на бульвары, і на Водаправоднай вуліцы — ён ледзь прачытаў назву на шыльдзе — верагоднасць непажаданай для іх сустрэчы была, бадай, аднолькавая. Калі прыняць версію, што па крадзенае яны прыходзілі двойчы, то недзе ў гэтым раёне ў іх павінна быць або прыстанішча, або хаўруснік, у якога можна пакінуць рэчы.
Праверыць, ці так гэта — не проста. Пугацэвіч разумеў, што працы хопіць. Ды не яна палохала. Галоўнае, каб не было ў яго меркаваннях памылкі. Ён яшчэ пастаяў, слухаючы начную цішыню, і тады пабрыў дадому.
3
Не часта выпадала мне апошнім часам вось так няспешна хадзіць па вуліцы днём, з бяздумным выглядам акідваючы позіркам прахожых, заглядацца на прыгожых дзяўчат, дзівячыся, адкуль іх столькі набралася. А што, зрэшты? Я цяпер чалавек без пэўных заняткаў. 3 тых, кім звычайна цікавіцца міліцыя. Чаму? 3 майго Пегаса карысці мала, уладкоўвацца на працу я не спяшаюся, дык з чаго жыву? Чым не кампанія Лебедзеву? Легенда мне спадабалася. Развіваючы яе, Пётр Пятровіч забараніў мне заходзіць ва ўпраўленне, балазе я ў абласным цэнтры ўсяго два месяцы і не паспеў яшчэ прымільгацца калегам. 3 гэтай прычыны давялося нават перабрацца з інтэрната на прыватную кватэру, на жаль, часова: пакойчык светлы, утульны, гаспадары ветлівыя. Ціха. Не тое што ў інтэрнаце, дзе кожны сам сабе галава. Такім чынам, будзем лічыць, што я атрымаў нечарговы і незаслужаны адпачынак. Але ўжо такая яна, спецыфіка нашай службы: гуляеш не тады, калі хочацца, а калі загадаюць.
Што ж, я не крыўдую на Пятра Пятровіча. Лета ў самым зеніце, прырода выдатная — цёпла, сонца свеціць. Буду карыстацца. Хаця, калі разабрацца, бестурботнасць я павінен толькі дэманстраваць. Думкам жа спакою няма.
Іду па вуліцы, аднак не без мэты. Крыху далей знаходзіцца славутае ў горадзе кафэ «Прыемнага апетыту», дзе лейтэнант Гарбаценка, апрануты ў светла-шэры спартыўнага крою касцюм, мусіць строіць з сябе паэтычнага генія. Часопіс з вершамі і партрэтам, спадзяюся, прыгожага аўтара, а таксама стос чыстай паперы спакойна ляжаць у модным чорным кейсе — не буду ж я называць свой чамаданчык «дыпламатам», не прагучыць. Праз некалькі хвілін, аблюбаваўшы сабе месца, я гэтак абыякава кіну паперу на столік і затуманенымі вачамі агледжу залу. Праўда, наконт выбару месца я крыху загнуў, яно ўжо вядомае — ля сцяны, справа ад увахода — трэці столік. Суседні прыкладна ўжо з месяц займаюць тыя, якія немінуча звернуць увагу на аднаго маладога рыфмача.