Выбрать главу

Адзін з іх, Грыгаровіч, затрымаўся ля музычнага аўтамата, і адразу па вушах разанула аглушальная гукавая калгатня, няйначай запісаная недзе на астравах не то Фіджы, не то Гаіці з Галапагосамі разам.

Другі, Самсонаў, барадаты, вусаты — для чырвоных шчок і мясістых губ, здавалася, месца не засталося,— скрывіўся. Відаць, сёе-тое ад вучобы ў музычнай школе ў ім яшчэ цеплілася, хаця і была яна ў дзяцінстве і не надта доўга — зараз ён вучыўся на вячэрнім адцзяленні тэхналагічнага інстытута і быў грузчыкам у мэблевым магазіне. Сярэдняга росту, таўставаты, з намечаным ужо жыватом выглядаў Самсонаў апатычным, вялаватым. Можа, з-за вачэй, бясколерных, раўнадушных, а можа, пакурваў марыхуану — такія падазрэнні меліся. Раней жа, казалі, быў энергічным, імпульсіўным. Цяпер гэта праяўлялася ў яго пасля добрай чаркі, тады ён часам рабіўся нават агрэсіўным. Добра, Лебедзеў, з якім яны сябравалі, стрымліваў. Лебедзева ён слухаў. Як, дарэчы, і Грыгаровіч, сябра новы. Гэта і дало нам падставу ўмоўна лічыць Лебедзева галоўным у іх невялікай кампаніі. Ды ці мала кампаній, дзе заўсёды нехта верхаводзіць. Неабавязкова рабіць з гэтага нейкія вывады. I я буду толькі прыглядацца да хлопцаў.

Мая Фея выпырхнула з-за лёгкай загародкі, на хаду прыцішыла гук у музычным аўтамаце і спынілася перад новымі наведвальнікамі. Непарушны гандлёвы закон вытрымкі кліентаў на іх не распаўсюджваўся.

— Як звычайна, Нат,— Лебедзеў па-свойску паклаў афіцыянтцы руку на талію. Што ж, быў ён з тых хлопцаў, на якіх дзяўчаты заглядаюцца. Твар жывы, прыемны. На галаве шапка цёмных кучаравых кудлаў. I ні ценю сумнення, вагання ў паводзінах. Самаўпэўнены грамадзянін, жанчын не абмінае. Фея, мабыць, эпізод для яго. Ці не праз гэта валацужніцтва і жонка з малым дзіцём збегла ад яго да сваіх бацькоў? А можа, і жыць за лайдаком не схацела, бо карміў сынаву сям’ю Лебедзеў-старэйшы, начальнік упраўлення лясной гаспадаркі аблвыканкома.— Ты ж ведаеш,— працягваў Лебедзеў, не апускаючы руку.

Фея скасіла вочы ў мой бок і адступіла, вызваляючыся з абдымкаў. Лебедзеў засмяяўся:

— Люблю сарамлівых. Ну, давай, давай.

Неўзабаве афіцыянтка прынесла суседзям заказ. Лебедзеву і Самсонаву па кілішку каньяку і кубачку кавы, Грыгаровічу паўфужэра гарэлкі і бутэльку мінеральнай вады. Ці то не прызнаваў хлопец вытанчанага пітва, ці то трымалі яго ў чорным целе дружбакі. Быў ён непадобны на іх ні выглядам, ні выхаваннем. Бацька пакінуў сям’ю, калі хлопчыку было пяць гадоў. Пасля восьмага класа Грыгаровіч пайшоў у прафесійна-тэхнічнае вучылішча. Цяпер слясарыў на заводзе. Рукі добрыя, але сам ленаваты. Характарызуюць яго як прымітыўнага і недаверлівага чалавека. На дружбу не ідзе. Выпіваў яшчэ ў вучылішчы. На заводзе, бывае, прагульвае, хаця апошнім часам з дысцыплінай у яго быццам бы стала лепш.

Усе гэтыя звесткі падрыхтавалі мне калегі. А што хаваецца за «аб’ектыўкай», разгадваць мне самому. I першае — што звяло ў адно такіх непадобных хлопцаў?

На мяне суседзі, здаецца, не звярнулі аніякай увагі. Спадзяюся, яна з’явіцца ў іх пазней, як прымільгаюся. Тады хлопцы, калі маюць што хаваць, немінуча занепакояцца, захочуць высветліць, што за дзівак мазоліць ім вочы. Я не буду ганарлівым, пайду ім насустрач. Абы толькі не абмежаваліся яны даведкай у Феі.

А тым часам лаўлю сябе на думцы, што стараюся разгледзець у паводзінах сваіх падапечных нешта крымінальнае. Кепска. Трэба ўмець захоўваць аб’ектыўнасць, нават маючы падазрэнне. Тут жа яно няпэўнае, пакуль дакладна можна толькі сказаць, што калі і парушаюць гэтыя хлопцы кодэкс, то маральны.

Больш Лебедзеў, Самсонаў і Грыгаровіч не пілі. Курылі, разглядалі, не надта тоячыся, наведвальніц, размаўлялі. Пра што — не разабраў. Размова была спакойная, лянівая. Быццам бавілі час. Сабраліся ісці а палове дзевятай, як звычайна. Плаціў Самсонаў, самы заможны з іх — мэблю вазіў не без выгоды для сябе, браў з пакупнікоў звыш аплочанага ў касу. Так што і ў даволі сціплым іх вечары ў гэтым кафэ нічога для мяне падазронага не было.

Для прыліку я пасядзеў яшчэ колькі хвілін, а тады паклікаў Фею.

— Разлічымся, Нат? Нат — гэта Наташа, так?

— Ага,— дзяўчына к канцу дня палагоднела.— Нат — Сэм прыдумаў. Ён і сабе прыдумаў — Сэм, а сам Сямён. Гучыць! — прамовіла яна.— Той, з барадой,— не Алег, а Алекс. Таксама прыгожа.

— Трэці, мабыць, таксама мае замежнае імя?

— Замежнае?..— Фея пырснула.— Захацелі. Іншаземец Федзька… Ха-ха…

— А што? Фрэд, напрыклад.