Выбрать главу

Грыгаровіч нахабна ўсміхнуўся:

— Я на працы быў, праверце!

— А ўжо ж. Па чужым пропуску выходзілі. Тут,— Сяргей Антонавіч паклаў руку на папку,пратакол з паказаннямі майстра і рабочых.— А паколькі гаворка наогул зайшла пра доказы, каб не цягнуць марна час, скажу і пра іншае,— ён ужо не сумняваўся, што Падлесную Грыгаровіч прызнае не надта ўпарцячыся. Падрыхтаваны.— 3 рэчамі вы заходзілі да Папроцкага. Пакінуць іх там не ўдалося. Мусілі несці на вакзал. А на чамаданчыку ёсць адбіткі і вашых пальчыкаў.

Грыгаровіч доўга соп, утаропіўшыся ў падлогу, потым нехаця выціснуў:

— Ну было, дык што?

— Адказваць будзеце.

— Ну і адкажу. Запісвайце. Узяў я тую кватэру.

Пугацэвіч запісаў паказанні, даў Грыгаровічу падпісаць, а тады сказаў:

— Значыць, пра напарніка вырашылі не гаварыць?

— Сам быў, сам! — павысіў голас хлопец.

— Не крычыце,— абарваў яго Сяргей Антонавіч.— Не я пасылаў вас па крадзенае. Аднак гэта яшчэ не ўсё. Трэцяга жніўня, назаўтра пасля кражы на Падлеснай вуліцы, з кім вы ехалі раніцай у тралейбусе на працу?

— Адзін! — на гэты раз ён паспяшаўся адказаць — гэта пытанне ні ён, ні Лебедзеў не прадбачылі.

— Фёдар Фёдаравіч, мне што, зноў паўтарыць, што тут не выдумляюць?

— Адчапіцеся! — зноў сарваўся на крык Грыгаровіч.— Вы ўсё роўна не верыце!

Можна было, вядома, перапыніць допыт, даць хлопцу падумаць, зразумець сваё становішча. Ды ў Пугацэвіча не было часу. Калі не ўдасца знайсці рэчы Канапацкіх, Лебедзеў ад паказанняў Шумейка, не падмацаваных Грыгаровічам, таксама будзе адмаўляцца. Трэба было выбіць з-пад Федзькавых ног яго ўяўную платформу. Сяргей Антонавіч насмешліва сказаў:

— Цябе, хлопец, за прасцячка трымаюць, а ты і вушы развесіў. Друга выручаеш? Дудкі. Сябе топіш,— ён адсунуў пратакол.— Будзеш гаварыць, не будзеш — групавая забяспечана. На чамаданчыку і іншыя пальчыкі засталіся. Так што сабе горш робіш. Бо я табе ноч з другога на трэцяе жніўня таксама магу ў дэталях апісаць. Хочаш?

Грыгаровіч падазрона ўставіўся на Сяргея Антонавіча, як бы спрабуючы адгадаць, хлусіць той або кажа праўду.

— Дык з кім вы ехалі? — падштурхнуў яго пытаннем Пугацэвіч.

— А што, забаронена, ці, можа, вы мне будзеце дзевак падбіраць? — Ён і гатовы быў у нечым здацца, і баяўся, каб не ляпнуць лішняга. Не разумеў, дзе тут тоіцца небяспека.

Сяргей Антонавіч прапусціў грубасць, як не пачуў, Грыгаровіч — не Шумейка, інфантыльная, бяздумная, хаця Ў сэнсе бяздумнасці яны абое роўныя. Толькі ў яго, бадай, наогул не было патрэбы задумвацца. Над навакольным, над сваім лёсам. Жыў ён адным днём. Разам з тым Пугацэвіч не браўся б сцвярджаць, нібыта зараз Грыгаровіч не разумеў, што рабіў і чым гэта можа для яго скончыцца. За Лебедзевым ішоў слепа, не ўяўляючы, чым пахнуць турма і калонія. Ён, што не абышлося без унушэння таго ж Лебедзева, быў гатовы да ўсяго. Зняволенне не палохала яго. I, што яшчэ горш, наўрад ці напалохае. Вернецца і не адмовіцца, калі пацягне хто на старую крывую дарожку.

Паназіраўшы за Грыгаровічам, які не надта нерваваўся, Сяргей Антонавіч удакладніў:

— Дзяўчына, дапусцім, была не ваша.

— Ну і што, магу я сябрам ложак даць?

— Выгнаўшы маці? Можаце, вядома. Але вы не назвалі іх, гэтых сяброў. Тайна?

— Падумаеш, усе ведаюць, што я з Сэмам дружу, а каго ён прывядзе… У яго выбар багаты…

— Так, аднаго ўстанавілі. Цяпер другую.

Хлопец маўчаў, як бы намагаючыся нешта ўспомніць, і нарэшце выдыхнуў:

— Што з таго… Ну, Вялеська…

— Сэм — Лебедзеў, Вялеська — Шумейка,— Пугацэвіч вярнуў на ранейшае месца пратакол і зафіксаваў сказанае Грыгаровічам.— Распішыцеся.

Нешта буркнуўшы, Грыгаровіч паставіў подпіс — пра паказанні Шумейка не здагадваўся, таму сам гэты факт яму не паказаўся важным.

Допыт цяпер можна было і прыпыніць. Сяргей Антонавіч дапускаў, што насцярожаны хлопец гаваркім не будзе. Хай заспакоіцца, упэўніцца, нібы вытрымаў намечаную лінію паводзін. А потым жа, не падрыхтаваны да абароны, хутчэй разгубіцца.

Адправіўшы Грыгаровіча, Пугацэвіч па тэлефоне адшукаў у пракуратуры Акуліка і сказаў яму пра вынікі допыту. I неўзабаве следчы прыйшоў з санкцыяй пракурора на вобыск і арышт Сямёна Лебедзева.

— Давай усё-такі спачатку звернемся да бацькі Сямёна,— прапанаваў Сяргей Антонавіч.

— Эксперыментатар,— паківаў галавой Вадзім Аляксандравіч.— Якая ў гэтым неабходнасць? Мая воля — не дазволіў бы, ды пракурор, нібы згаварыўся з табой, таксама раіць. Аднак з Лебедзевым-бацькам будзеш гаварыць у маёй прысутнасці. Каб часам не расшаркаўся.