Выбрать главу

— Умеюць жа некаторыя бальнічныя лісткі атрымліваць па заказу,— усміхнуўся Акулік.

— Ювеліргандаль — установа з багатымі магчымасцямі. Пацікавіўся б…

— Уся медслужба горада сцяной стане, не праб’еш,— сказаў Акулік сур’ёзна.— Дакажуць, што не бальнічны, інваліднасць даць мала будзе.

— Дыягназ — штука цёмная…— Пугацэвіч набраў патрэбны нумар.

Шумейка была дома. Сустрэча са старшым оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку нават на адлегласці не вельмі ўзрадавала яе. Сяргей Антонавіч уявіў сабе кіслую Нініну грымасу і наўмысна бадзёра спытаў:

— Як здароўе? Добра, што на нагах…— Ён падміргнуў Вадзіму, які прыслухоўваўся да размовы.— Не так страшна, значыць, зможаце даць нам маленькую даведачку. Помніце, мы з вамі абмяркоўвалі, дзе на самай справе быў Сямён Лебедзеў, калі нібыта званіў з Нікалаева? У каго ў Мінску ён мог спыніцца? Не ведаеце? Самсонава папытаць? Добра, папытаем. Прыгразіць Люсяй? Няўжо жонку баіцца больш за нас? Бывае…

— Пашлі каго-небудзь па Самсонава. Пагутарым,— прапанаваў Акулік, калі Сяргей Антонавіч паклаў трубку. I зусім нечакана папрасіў: — Заадно хай высветляць па нарадах і ў шафёра машыны, з якой ездзіць Самсонаў, куды і што сёння вазілі.

— Гэта навошта? — здзівіўся Пугацэвіч.

— А ты не заўважыў? Тахта ў Сямёнавым пакоі новая. Адкуль і калі з’явілася?

Самсонаў ужо разбіраўся ў тым, што можа быць за выклікам у міліцыю, асабліва калі сумленне не надта чыстае. Ён прыкметна хваляваўся. Акулік падумаў, што ён сапраўды выглядае слабейшым звяном ў злачынным ланцугу. Але рваць гэта звяно трэба так, каб даць адчуць, што следчы ацэніць, зразумее шчырасць.

— Вас запрасілі, Алег Мікалаевіч, на допыт. Што гэта такое, вам тлумачыць не трэба, рэч знаёмая вам. Аднак сёння я хачу пагутарыць перш без пратакола.

— Пра што… будзем гаварыць? — не вытрымаў Самсонаў.

— Пра многае,— адказаў Акулік, хаця звычайна не любіў, калі падследныя апярэджвалі падзеі. Праўда, Самсонаў пакуль толькі сведка, ды ці застанецца ім надалей, яшчэ невядома.— Вас выклікалі па справе аб кражах. I ў мяне, і ў старшага оперупаўнаважанага крымінальнага вышуку Сяргея Антонавіча Пугацэвіча ёсць да вас пытанні.

— Але я не разумею…

— Зараз скажу больш канкрэтна,— следчы трымаўся ветліва і афіцыйна.— У канцы жніўня вы з Лебедзевым ездзілі ў Мінск. Чаго?

— А якое гэта мае значэнне?

— Мае, Алег Мікалаевіч, мае. I давайце дамовімся, што я пытаюся, а вы — адказваеце. Толькі на пытанне. Паўтараю: чаго ездзілі?

— Праветрыцца…

— Дзе спыняліся?

Самсонаў памуляўся:

— Мне б не хацелася…

— Мусіце, нават калі гэта звязана з жанчынамі. Прозвішчы і адрасы запішам пазней. А цяпер нас цікавіць, з кім вы былі ў рэстаране «Юбілейны» трыццатага жніўня? Прозвішча, чым займаецца — і на службе, калі працуе, І так…

— Лебедзева Сямёна жанчына,— ён паціскуў плячамі, зноў памуляўся.— Вераніка. Прозвішча неяк не ўсплывала. У Сэма столькі знаёмых жанчын…

Магчыма, гэта была адна з каханак Лебедзева. А магло быць і інакш. Бо чамусьці гэту Вераніку ён вылучыў з астатніх, запрасіў на вячэру. Паколькі Самсонаў быў без жанчыны, то размова была хутчэй за ўсё дзелавая, іначай гэты факт Акулік растлумачыць не мог.

— Калі не прозвішча, то хаця б дзе жыве, працуе? Вы чалавек назіральны, ды і за сталом не глабальныя праблемы абмяркоўваліся. Ці, выпіўшы, не запомнілі?

— На жаль,— падхапіў Самсонаў,— я такі. Нічога тады ў чумной галаве не трымаецца.

— Зручна, але не надзейна, Самсонаў,— следчы глядзеў на Алега і дзівіўся, што ён так хутка ўхапіўся за хліпкую саломінку,— мушу папярэдзіць, гэта пазіцыя можа вас на саўдзельніцтва пацягнуць — мне чамусьці здаецца, што сустрэча ў рэстаране сумяшчала прыемнае з карысным і была яна ў вашай прысутнасці. Улоўліваеце факт? На чым паладзілі?

— Не разумею, пра што вы?

Не было відаць, каб здагадкі следчага занепакоілі Самсонава. Або ён правільна разлічыў, што сведак рэстараннай размовы не было, або здзелка тады не намячалася. Зрэшты, Акулік не вельмі разлічваў, што з Алегам даб’ецца поспеху на першым заходзе. У яго быў больш моцны козыр. А папярэдняя размова і стварыла, падрыхтавала глебу, каб можна было скарыстаць яго.

— 3 Георгіем Маркавічам пра што гаварылі або таксама не помніце?

— 3 якім?..— перапытаў ён больш па інерцыі, відаць, прыкідваючы, як быць далей.

Не адказваючы, Акулік нечакана для таго пацікавіўся іншым:

— Апішыце свой сённяшні рабочы дзень.

I вось тут у вачах Самсонава нарэшце з’явілася няўпэўненасць. А Вадзім Аляксандравіч, заўважыўшы яе, ужо больш настойліва нагадаў: