Да дзеда Волеся Яська і іншыя хлопцы лазіць у сад не рашаліся — старшыня калгаса ён, не абы-хто. У Смаркуля ж раслі адно познія, заўсёды пабітыя чарнатой і дробныя антонаўкі, іх ён не пільнаваў, а калі выпадкова і высочваў каго-небудзь, дык не сварыўся і не кідаўся ўслед з дубцом ці крапівай, а толькі казаў:
— Чаго ж ты грады бэрсаеш, байструк? Я ж бы табе і сам натрос гарчэчы такой, калі табе так закарцела! От матцы скажў!
«Матцы», аднак, дзед Смаркуль ніколі нічога не гаварыў, і «байструкі» ўжо за адно гэта без пільнай патрэбы лішне яго не турбавалі.
А з Улімай у іх ішла сапраўдная вайна. Варожасць была ўзаемная, і ў сродках абодва бакі былі непараборлівыя. Уліма пільнуе сад ноччу? Добра! Яны аблатошаць анісаўку вечарам, на захадзе сонца, калі Уліма, пайшоўшы вады, загамоніцца ля калодзежа з якой-небудзь кабетай ці дзеўкай. Яна апляла плот калючым дротам? Ну, дык яны затое пакладуць той плот на зямлю, на ўзмежак,— усе шэсць праслаў. Яна насыпала пад крайняй «цыганкай» патрушчаных бутэлек? Няхай! Яны ўдараць па той «цыганцы» магутным кіёчным залпам, і хай тады Уліма сама ходзіць па тых шкляных аскалёпках і збірае ў кош іхнія абіванні. Уліма прынесла з Лішчыц шчанюка? Грэшна губіць жывую душу, яны гэта добра ведаюць, аднак жа не пабаяцца граху і накормяць шчанюка так, што назаўтра ён ужо і не цяўкне.
Уліма штораз пасля іхніх набегаў выбягала на вуліцу і крычала так, што было чуваць у абодвух канцах Альхоўкі:
— Людзі, ратуйце! Зноў гэтыя паліцаі яблыньку пахрабусталі!.. А мой жа ты татачка, а навошта ж ты іх садзіў, навошта ж паліваў-прышчэпліваў?..
Часам яна пазнавала каго-небудзь з «паліцаяў» і тады ішла сварыцца да яго маці. Прыходзіла яна і да Янкавай маці. Памятае ён. Яшчэ не адчыніўшы дзвярэй у хату, Уліма пачала крычаць у сенцах:
— Ты думаеш, схаваўся, уцёк? А мне хіба выслепіла, што гэта быў Паўлінін апоўзлік? Мала таго, што панёс цэлую запазуху, дык яшчэ і сук адваліў... Паўліна! — павышала яна голас у хаце.— Дзе твой вешальнік? Схадзі, паглядзі, што ён натварыў! Схадзі, схадзі! Такі сук на зямлі ляжыць, каб ён сам так па зямлі пластаўся!..
Маці, якая напачатку была настроена памяркоўна і гатова была ўжо паспачуваць Уліме («Ці ж я яго навяжу, Улімка? Упыну няма! І лупцую ж яго, каб ты ведала!..»), нечакана накінулася на Уліму:
— Гэта ж што ты кажаш? Гэта каб маё дзіця пласталася? Гэта табе яшчэ мала таго, колькі ён папластаўся? Ідзі, ідзі з хаты, Уліма, не ўводзь у злосць!
І Уліма ляпала дзвярамі і крычала ўжо на двары і на вуліцы:
— А каб вас разам папластала! І сынка такога, і матку яго...
Нягледзячы, аднак, на такі зыход візіту Улімы, маці ўсё ж адлупцавала Яську.
— Не лезь,— казала,— і ў той бок не глядзі! Не так ты таго яблыка наясіся, як звягі наробіш... А бацьку і без таго дастаецца...
Пра сябе маці ніколі не гаварыла, сама на сябе не зважала...
Зрэшты, Яська не належаў да самых заядлых памаўзоў-зялепушнікаў. У самога і думкі ніколі не было, каб налаташыць ва Улімы анісавак. А вось адмовіцца ад кампаніі — не мог. Там уступалі ў сілу іншыя законы. Адмаўляешся? Ага, значыць, баязлівец, мамчын сынок! Заслужыць такую абразу? Ды нізавошта! І Яська шчыраваў, можа быць, больш заўзята, чым той, хто яго падбіваў злазіць у чужы сад ці гарод, і лез туды ці не першым, выказваючы пры гэтым адчайную смеласць і нават нахабства.
Аднойчы гэтая яго дурная смеласць скончылася для Яські ў поўным сэнсе слова трагічна. У час чарговага набегу на Улімін сад ён адважыўся на тое, каб ускараскацца на яблыню і натрэсці сябрукам яблыкаў з верху — самых лепшых. Натрэсці ён натрос, ды злезці з яблыні не паспеў. Уліма спарола яго кіем. Ён ужо змірыўся з тым, што той кій добра паходзіць па спіне, калі Уліма абвіла яго руку сваімі сухімі, бы кіпцюры, пальцамі. Але біць яго Уліма не спяшалася. Яна нават, наўздзіў, і голасу не падала. Моўчкі прывалакла яна Яську ў свой двор, на дрывотню, сарвала з яго сарочку і, як ён ні бараніўся, штонікі, пасекла іх сякерай на калодцы і, падаючы яму ашмоцце, сказала:
— На, дзіцятка, занясі матцы!
Божа, каб на той час у ягоных руках была тая сякера, ён бы без жалю пасек бы яе самую на калодзе на дробныя кавалачкі! Так ён ненавідзеў Уліму! Ён вырваўся з яе рук, падхапіў тое, што засталося ад ягонай паркалёвай сарочкі і картовых штонікаў, і прыпусціў не на вуліцу — голы ж! — а на гарод, з гарода — на аселіцу, а там, хаваючыся за кустоўем, крадком прабраўся на сваё гумно і, ахінуўшыся посцілкай, у якой маці зносіла з абмежкаў траву, зашыўся ў пуні ў сена. Маці знайшла яго няскора — ён, сплакаўшыся, заснуў у сене. Яна не стала яго біць, моўчкі завяла ў хату, знайшла нейкія яго колішнія абноскі, падала надзець.