А цётцы Марылі, чуў Яська, сказала неяк пасля:
— Не баба ўсё-ткі Уліма, а гадаўка! Гітлерка! Няма таго, каб крапівай адсцёбаць — адзежу пасекла...
Аднак жа лазіць у чужыя гароды Яська ад таго часу зарокся. Не паддаваўся ні на якія ўгаворы, падбухторванні, кпіны і здзекі. І сябрукі адчапіліся, пакінулі яго ў спакоі...
З прыходам нашых малыя альхоўцы жылі яшчэ троху і вайною. Тыдні са два, пэўна, у лесе, у Паддубоўі, на аселіцах паабапал Альхоўкі, а то і ў чыёй-небудзь лазеньцы пры рэчцы лавілі немцаў, што трапілі ў акружэнне і бадзяліся наўкол, не спяшаючыся здавацца ў палон, баючыся ці ўсё яшчэ на нешта спадзеючыся. Адны з іх былі ўзброены, іншыя — без зброі. Лавілі іх, вядома, дарослыя, але і яны, дзеці, прымалі ў гэтым самы актыўны ўдзел. Прынамсі, калі злоўленых немцаў — аднаго, двух, а то і пяцёх — прыводзілі да сельсавета, каб пасля адправіць далей, у раён, Яська з кампаніяй тоўпся тут неадступна. Немцы ўжо былі зусім не страшныя — абарваныя, зарослыя шчэццю, брудныя, галодныя і надта ж пакорлівыя. Яны ляжалі альбо сядзелі на траве ля сельсавета, і дзеці падыходзілі да іх блізка і пазіралі на іх смела і пагардліва, а немцы стараліся не глядзець на іх, хавалі вочы, апускалі галовы. Цяпер альхоўцы лавілі немцаў, а не альхоўцаў немцы, і Яську, як і іншым хлопцам, было весела ад гэтага, і калі, пакуль немцаў вялі па вуліцы, сёй-той з хлапчукоў мог яшчэ шпурнуць у іх грудкай ці каменем, дык ужо там, ля сельсавета, калі немцы ляжалі ці сядзелі пад старой расахатай вярбой, Яську ўжо рабілася ці не шкада іх.
Вайна, што адсунулася ад Альхоўкі далёка на Захад, азывалася ў вёсцы і пісьмамі. Яны былі і радасныя і горкія, тыя пісьмы. Горкіх, здаецца Яську, было больш. Калі раптам у адным канцы вёскі — у гаранцаў — ці ў другім канцы — у канчанцаў — ці пасярод, паблізу ад Янкавай хаты, чулася жаночае галашэнне і плач дзяцей і вёска сцішвалася, аддаючыся ва ўладу таму горкаму, няўцешнаму галашэнню і плачу, Яська ведаў, што ў Альхоўку і яшчэ нехта не вернецца з тых мужчын і хлопцаў, што пайшлі на фронт неўзабаве пасля таго, як вярнуліся нашы.
І ў іх, дзяцей, быццам хапала такту адкінуць прэч дзіцячую неразумную порсткасць і хоць некаторы час ашчаджаць тых, у чые хаты прыходзілі гэтыя жахлівыя і апошнія пісьмы з фронту.
А пасля быў Дзень Перамогі. Быў мітынг у ДСК — у Доме сацыялістычнай культуры, як тады называўся Альхоўскі клуб, што месціўся ў левай палове будынка сельсавета, быў канцэрт, у якім прымаў удзел і Яська — спяваў песню, у якой былі не зразумелыя для яго словы: «с песнями боряси побеждая», якія ён зразумеў шмат пазней, а тады спяваў менавіта «боряси побеждая», а не «борясь и побеждая», і было кіно «Мы з Кранштата», і былі танцы, і быў плач. Удовы і маці тады яшчэ не саромеліся плакаць уголас на людзях, і толькі пасля ўжо яны пакрысе прывыкалі да горкага, ціхага плачу ўначы, прыхаванага ад дзяцей, ад сямейнікаў, ад суседзяў...
І было лета, першае сапраўднае пасляваеннае лета, няхай сабе галоднае, але ж такое спякотнае, ціхае і навальнічнае лета — з ягадамі, з каровінымі сцежкамі на выгане, з духмянымі копамі ў Будзе, з вясёлкавымі пырскамі на Бачылаўскім бродзе, з «пікарам» на брукаванай Альхоўскай вуліцы ля Маслючковых, з пульхнымі горамі залацістай саломы ля новай паветкі на новым калгасным гумне.
І была восень — першая сапраўдная пасляваенная восень, няхай сабе турботная, няхай сабе з першымі подыхамі золкіх туманоў і сцюдзёнай расы, што апякала буйнымі пырскамі расплаўленага волава босыя парэпаныя ногі, але затое багатая на бульбу, боб, грыбы, бручку, нечакана шчодрая нават і на шурпаты, салодка-церпкі праснак-скавароднік з ячнай мукі (ячмень яшчэ нядаўна стаяў у крыжыках у канцы загона, ля рэчкі, а цяпер Яська з маці ці не штовечар круціць у сенцах жорны), шчодрая нават на новыя, толькі для школы, штаны з сівой чортавай скуры, на пяток сапраўдных сшыткаў у лінейку і ажно на цэлыя два алоўкі.
І калі, здавалася, прыходзіла нарэшце сапраўднае свята і «на нашу вуліцу», калі дарослыя і дзеці толькі-толькі пачалі прызвычайвацца да новага, ціхамірнага жыцця, вёску скаланула тая нечаканая вестка: «Марылю Паўлюкову спаймалі з жытам і будуць судзіць...»
Суд быў у ДСК.
На невялікай сцэне-памосце са збольшага абгабляваных дошак, насланых на два нізенькія козлікі, сядзела за сталом некалькі чалавек. Здаецца Яську — пяцёра. Тры мужчыны і дзве жанчыны. Там жа, на сцэне, але не за сталом, а асобна, у куточку, сядзела на табурэтцы цётка Марыля. А непадалёк ад яе, таксама на табурэтцы, ушчаміўшы між доўгіх каленяў сваю кароткую «галандку», сядзеў Ксяневіч.