Выбрать главу

— Ты нешта сказаў, Сцёпа? Якіх дзяцей, ці я недачула?

— Тое, што чула. Трэба, Паўліна! Дзе двое, там і чацвёра. Вошы пойдуць, кароста абсядзе... Паўлюк не дасць рады...

Маці рашуча закруціла галавой:

— Не, Сцёпа! І не думай! Свае галодныя, а ты...

Бацька ўздыхнуў, ціха паўтарыў:

— Трэба, Паўлінка. Як ты не разумееш!

Маці загаварыла галасней:

— Я ўсё разумею! Але — і не думай! Гэта ж не ката ўзяць, Сцёпа! Ты падумаў, што кажаш? А захварэе, не дай бог, каторае? Ці яшчэ што якое... Ты пра гэта падумаў?

— Усё будзе добра, Паўлінка. Неяк пракідаюцца разам з нашымі. Хоць малака кубак будуць мець... Не мог я нічога зрабіць, каб Марылю ўратаваць, дык...

Адклала маці ўбок вязанне, пайшла да бацькі з газоўкаю ў руках, паставіла на стол, сама села насупраць, узлегла грудзямі на стальніцу, ашчаперыла рукамі галаву:

— Не, Сцёпа! Не магу! Не і не! Хай сваякі каторыя...

— Няма ў іх сваякоў, ты ведаеш.

— Ну, а мне што да таго? Чаму я?

— А хто?

Маці памаўчала. Маўчаў і бацька.

— Я ж не жадала Марылі зла. Памагала заўсёды чым магла. Але ж, Сцёпа, як гэта? Дзеці чужыя ў хаце... Не, Сцёпа! Пагарачыўся ты... А што людзі скажуць?

— Анічога, маці. Людзі зразумеюць. Інакш я не магу. У тым, што здарылася, і мая віна ёсць... Я ўжо сказаў Паўлюку...

— І што ён?

— Ні ў якую! Кажа: «Не буду цябе падводзіць, Пятровіч...»

Маці ўспляснула рукамі:

— А што я казала? Паўлюк і той разумее, а ты...

Бацька апусціў сваю руку на мацерыну руку, прыціснуў яе да стала:

— І мы разумеем, Паўліна. Мы з табой заўсёды разумелі адно аднаго...

Маці ўсхліпнула:

— Не пайду я. Можаш сам забіраць. Навошта мне такія збыткі?

Бацька гладзіў мацерыну руку і прыгаворваў:

— Не трэба, Паўлінка. Супакойся. Усё будзе добра...

Сон ад Яські ўцёк. Зноў ён не разумее бацьку! Гэта ж трэба, да чаго дадумаўся: узяць да іх Калюню і Тоню!

Як гэта яны будуць тут? Дзе будзе спаць Калюня? Хіба што з ім, з Яськам? І ўрокі разам рабіць будуць?

Патрэсквала газоўка, цікалі на сцяне ходзікі, і відавочна ўсё ніжэй апускалася гірка з прывязанымі да яе нажніцамі — плыла за вокнамі доўгая восеньская ноч, а бацька з маці ўсё сядзелі, моўчкі схіліўшы галовы, за сталом. І Яська таксама не спаў і ўсё думаў і думаў пра тое, як гэта будзе, калі ў іхняй хаце паявяцца Калюня і Тоня, і брала яго нецярпенне, каб здарылася гэта хутчэй, і хацелася сказаць бацьку, што ён — малайчына!..

Яська спіць з Калюнем, а Зойка — з Тоняй: маці перабралася ў першую хату на палаці, а ім уступіла свой ложак. Ім, малым, лацвей: мацерын ложак шырокі, яны там адна адну шукаюць. А Яську з Калюнем цеснавата. То адзін сцягне на сябе коўдру, то другі. Яны хацелі памяняцца ложкамі, дык малая Зойка не пагадзілася: такое выццё ўзняла, што Яська і Калюня самі адступіліся. Маці параіла ім лягаць валетам. Яно быццам і праўда лепш. Адно што, бывае, у сне лупяць адзін аднаго нагамі, але ж — незнарок, як прысніцца што.

А ўвогуле ў Яськавай хаце ці не весялей зрабілася. Тоня, аказваецца, зусім не плакса. Зойка, мусіць, часцей румзала, чым яна. Цяпер жа і іхнюю нэндзу як падмянілі. Гуляюць сабе ўдзвюх на ляжанцы са сваімі лялькамі, пакуль маці есці не пакліча. Дзве малыя ў хаце, а маці як вальней усё адно стала — абедзвюх можна надаўжэй пакінуць у хаце, чым раней адну. І Калюня, як бацька жартуе, упісаўся ў іхнюю сямейную кампанію.

— Бачыш, маці,— казаў ён неяк,— у нас як бы стала не двое жэўжыкаў, а адзін вялікі хлопец. Калі наш Яська пасцелю засцілаў? А калі ён дроў табе да грубкі прынёс?

Яську слухаць гэта не надта прыемна, бо і праўда — ложак іхні часцей засцілае Калюня, а не ён, і пра дровы, каб прапаліць вечарам грубку, памятае таксама не ён, Яська, а Калюня.

Затое Калюня не хоча вечарам мыць ногі. Маці ўжо і вады цёплай у тазік налье, думаючы, што ён халоднай баіцца, а Калюня ўсё адно пяты памочыць і хутчэй хапаецца за анучку выціраць іх.

І тут Яська ўжо не ўпускае выпадку, каб не папікнуць Калюню. Лягуць спаць, залезуць абодва — з абодвух канцоў — пад коўдру, і тут Яська таўхане Калюню:

— Чаго мне пад нос брудную нагу падсоўваеш?

А Калюня не стрывае:

— Вуньдзека мае ногі! Гэта ты мне свае капылы пад самую маю бараду пхнеш!

І пайшло і паехала: таўкуць нагамі адзін аднаго, ажно з коўдры пыл курыць, пакуль маці не возьме бацькаву дзягу ды па коўдры той — два разы Яську, адзін раз — Калюню. Тут ужо, хоцькі-няхоцькі, яны сцішваюцца. Ды ненадоўга. Адыдзецца маці, Калюня голас падае: