Выбрать главу

— А табе болей перапала:

Крыўдна Яську, бо і праўда болей, але ён — маўчыць. Пачні зноў, дык маці ў злосць увойдзе, тады ўжо і не так перападзе, і не праз коўдру — тоўстую, рызавую, бы ватовую коўдру, а па галяку. Гэта Калюня можа агрызацца, а ён, Яська, маці сваю ведае!

Ды, папраўдзе, жывуць яны ўсё ж досыць дружна. А найбольш дружна дзейнічаюць за сталом. З прыходам Калюні і Тоні гаршкі, у якіх маці варыла бульбу і зацірку, пабольшалі, аднак што-небудзь парасяці пасля іх не аставалася. Зацірку маці налівае кожнаму паасобку, а бульбу высыпае ў адну вялікую місу, але і за агульнай місай, і кожны за сваёй яны ўсё адно шчыруюць адзін перад адным навыперадкі. З бульбай — зразумела: больш ухопіш — больш з'ясі. З заціркай іншае: чым хутчэй апарожніш міску, тым больш спадзяванні папрасіць дабаўкі. Маці сама не з'есць, а таму, хто першы высербае, ліне яшчэ апалонік, прытым гусцейшай заціркі, з самога дна.

Гэтак жа дружна, як і за сталом, паводзяць сябе Яська і Калюня і на вуліцы. Іх старыя мянушкі — Гандола і Пісар — забыліся. Хлопцы ахрысцілі іх іначай: братамі-манахамі Кірылам і Мяфодзіем. Калі звяртаюцца да абодвух, дык — гэй, браты-манахі! А калі паасобку, дык Яську клічуць Кірылам, а Калюню — Мяфодзіем. Яны крыўдзіліся, але гэта яшчэ больш падахвочвала хлопцаў назаляцца, і неўзабаве яны вымушаны былі змірыцца са сваімі новымі імёнамі. Праўда, напускаліся на іх хлопцы толькі ў гурце, а так не надта асмельваліся, бо Яська і Калюня заўсёды ходзяць разам, як спрэжаныя, і калі што, дык кідаюцца на крыўдзіцеля дружна, з чатырма кулакамі.

Неўзабаве Яська і Калюня захапіліся майстраваннем. Спачатку — з лучыны. Сцягвалі з печы, з-за коміна, пук лучыны, выбіралі сырэйшыя, больш гнуткія і падатлівыя, узбройваліся ножычкамі і вечары навылёт выразалі і змацоўвалі пры дапамозе дзірачак і штырочкаў розныя цацкі — лаўкі, прасёлкі, табурэтачкі, канапкі, саначкі, калодзежы, хаткі, сплаўляючы «гатовую прадукцыю» на ляжанку — к вялікай радасці Тоні і Зойкі. Замахваліся яны нават на тое, каб зрабіць з лучынак і запрэгчы ў санкі драўлянага коніка, і іх навыперадкі хвалілі і бацька і маці. Заходзіў вечарамі дзядзька Паўлюк, прыносіў ім усім чацвярым па жмені пражанага бобу і таксама хваліў, здзіўляючыся і захапляючыся іхнім умельствам — божкаючы, казаў, круцячы ў пальцах маленькае, але зусім як сапраўднае крэселка:

— Дальбог жа, не паверу, што гэта зрабіў мой Калюня! Ты толькі, Паўліна, паглядзі! Такога крэселка і стары Мароз не выштукаваў бы!

— Дзе ўжо Марозу! — агукалася, усміхаючыся, маці.

Л Калюня, а разам з ім і Яська чырванелі ад гонару і толькі моўчкі шморгалі насамі.

Ды хутка іхняя лучынная майстэрня «зачынілася». Адно што і самім абрыдла — малая карысць з гэтых цацак, ужо і Зойка з Тоняй прымаюць іх без ранейшай радасці, а, галоўнае, маці агоркла штовечар вымятаць з-пад стала кучы стружак і вытрасаць іх з Калюневых і Янкавых сарочак, штаноў і валёнак,— сяды-тады яна ўжо і сварылася на іх.

І хлопцы парашылі заняцца чым-небудзь іншым. Вось толькі чым? Памог снег, што нечакана выпаў у адну з лістападаўскіх начэй. Разам са снегам прыйшоў і мароз. І яны парашылі зрабіць на аселіцы калаўрот.

Расчысціць ад снегу круглую пляцоўку і заліць яе вадой — з гэтым яны справіліся хутка. Даўжэй шукалі кол. У Яські на дрывотні нічога такога не знаходзілася. Тады Калюня ўспомніў, што яго бацька акорваў вясною бярозавыя жэрдкі і ўскідваў іх на вышкі ў хляве. Адну з тых жэрдак яны і сцягнулі, адрэзалі з таўсцейшага канца кавалак метры са два, востра зачасалі. Атрымаўся цудоўны кол! Баяліся, ці палезе ён у зямлю, аднак баяліся дарэмна — зямля яшчэ мала была кранута марозам, і неўзабаве кол быў забіты, узвышаючыся над лёдам на некалькі пядзяў.

Яшчэ даўжэй шукалі кола. Адна надзея была на кузню — там, здавалася, заўжды валяліся розныя колы. Але к таму часу вярнуўся з фронту дзядзька Андрэй, даваенны гаспадар кузні, і цяпер там быў поўны парадак, ніякіх колаў нідзе не было. Ды каб і было, дык больш-менш цэлага кола дзядзька Андрэй усё адно не даў бы.

Але корпаліся яны на аселіцы ўжо не адны. Думка зрабіць калаўрот спадабалася многім хлопцам, і клопат раздабыць кола стаўся клопатам усіхным. Як ні прыкідвалі, а ў думках зноў і зноў вярталіся да кузні. І тут Толя Маньчын, Яськаў сусед, успомніў, што некалі бачыў нейкае кола ў крапіве пад хлеўчуком у старога Смаркуля. Рушылі туды. Там сапраўды, прыцярушанае снегам, ляжала кола. І зусім не струхлелае яшчэ, з рэхвамі і акаванае. Уміг прыкацілі яго на аселіцу, крыху падчасалі кол і ўздзелі, крутанулі — кола круцілася хораша.

Адзін прынёс жэрдку, другі — скрутак дроту. Адзін канец жэрдкі прыкруцілі дротам да кола, да другога канца надзейна прывязалі санкі — калаўрот быў гатовы.