Першага на санкі прапусцілі Яську — як-ніяк, ён быў завадатарам. Ён лёг на санкі пузам, хлопцы ўсунулі між спіцаў кій і налеглі на яго. Санкі крануліся з месца і раптоўна панесліся па лёдзе з велізарнай хуткасцю — Яська ледзь паспеў хапіцца за іх, ашчарэпіць рукамі і нагамі.
Санкі не імчаліся, а шалёна ляталі па крузе, Яськавы рукі і ногі дранцвелі, ад мітуслівага мільгацення: і посвісту ветру на вочы набеглі слёзы. Яська трымаўся з усіх сіл, а хлопцы, галёкаючы, усё хутчэй і хутчэй бегалі, вакол кола. Адчуваючы, што вось-вось сарвецца, Яська закрычаў:
— Досыць! Стойце!
Ды лепш бы ён не крычаў! Падхопленыя азартам — зваліцца ці не зваліцца? — хлопцы прыналеглі на кій. Санкі падскочылі раптам на нейкім гурбяку, Яська на імгненне паслабіў рукі і ногі і — сарваўся. Спачатку ляцеў у паветры, потым грымнуўся грудзямі на зямлю і пакаціўся па снезе.
З цяжкасцю падняўся ён на ногі. Агнём гарэлі здзёртыя да крыві далоні, шчымелі нос, лоб, падбародак, нылі ад удару грудзі. Хацелася плакаць, але навокал стаяў такі вясёлы рогат, што і Яська не вытрываў, зарагатаў.
Некалькі вечароў прападалі яны на аселіцы. Не толькі ацемнявалі там, але і абначоўвалі. Маткі не маглі дагукацца іх вячэраць. Але не гэта найперш настроіла іхніх мацярок супраць калаўрота. Найбольшую злосць і незадавальненне выклікала тое, што хлопцы вярталіся з аселіцы, свецячы каленямі і локцямі. У таго, хто зрываўся з санак і добрых дзесяць метраў слізгаў па лёдзе і па снезе на жываце, калені і локці не маглі быць цэлымі, такога шмаравання не вытрымлівала ні чортава скура, ні зрэб'е. А кожны з іх за адвячорак куляўся з санак не адзін раз.
І маткі іхнія не стрывалі. Аднойчы, прыйшоўшы на аселіцу, хлопцы не ўбачылі свайго калаўрота: не было ні жэрдкі, ні кола, а бярозавы кол, на якім яно круцілася, быў ссечаны пад корань. Зберагаючы штаны свайго жэўжыка, нейчая матка такім рашучым чынам пазбавіла ўсіх іх вялікай радасці.
Аднаўляць калаўрот Калюня і Яська не сталі. Але ж сверб, што нечакана прачнуўся ў іх, не праходзіў, і неўзабаве яны знайшлі сабе занятак пад паветкай, на дрывотні: парашылі зрабіць самакат і катацца на ім з Бладыкавай гары.
З альховых чурак вычасалі тры капылы і старанна акавалі іх знізу бляхай — «канькі» для самаката былі гатовы. Са старых варотцаў, што стаялі пад паветкай, адарвалі тры дошкі, абрэзалі іх і збілі трохкутнік — «раму». Два канькі прыбілі да рамы, на канцах карацейшай дошкі, да трэцяга канька прыладзілі старую бярозавую штыкеціну з перакладзінай наверсе — атрымаўся «руль». Заставалася зрабіць сядло і прымацаваць руль да рамы.
Сядло збілі з рэштак дошак хутка, а вось з рулём павалаводзіліся. Можна было, вядома, проста прыбіць руль да рамы, але што гэта будзе за руль? Калі ён не паварочваецца, дык навошта ён? Не, руль ім хацелася мець сапраўдны — каб самакат можна было павярнуць і ўлева і ўправа.
Што яны толькі не пераспрабавалі! Прывязвалі руль да стаяка на раме дротам. Руль, хоць і туга, паварочваўся. Але даволі было сесці каму-небудзь з іх на самакат, як рама са стаяком аб'язджала ўніз і лягала на снег. Прыбівалі да руля і да стаяка падстаўкі, пракручвалі ў іх дзіркі, потым клалі падстаўку на падстаўку, а ў дзіркі пратыкалі прэнт — як шворан. Усё быццам і добра, але падстаўкі не вытрымлівалі цяжару і адрываліся.
Выручыў дзядзька Паўлюк. Зазірнуў ёй надвячоркам і ўгледзеў іх на дрывотні. Самакат ён пахваліў, а руль тут жа ўзяўся прымацаваць сам. І зрабіў гэта хутка і проста, ажно Яська і Калюня ледзь не плакалі ад крыўды і злосці на саміх сябе, што не змаглі даўмецца да таго самі. Дзядзька Паўлюк сагнуў з дроту чатыры прабойчыкі. Два з іх загнаў у руль, загнуўшы канцы па другі бок штыкеціны, каб сядзелі надзейна, а два другія — у стаяк рамы. Потым прыставіў руль да стаяка так, каб ніжнія і верхнія прабойчыкі леглі адзін на адзін, а між імі ўсунуў кавалачак таўсцейшага дроту з пятлёй наверсе. Руль трымаўся надзейна і лёгка паварочваўся направа і налева.
Калі яны ўпершыню прыцягнулі самакат на Бладыкаву гару і, усеўшыся на яго — Яська за рулём, а Калюня — ззаду, ганарліва панесліся ўніз, хлопцы толькі раты паразяўлялі, а Віцька Кацярынін (гэта яго матка, як стала вядома пасля, зруйнавала іх калаўрот) сказаў, прысвіснуўшы:
— Во даюць браты-манахі!
Цэлы адвячорак хлопцы плоймаю бегалі за імі і прасілі даць ім хоць па разу з'ехаць з гары на самакаце. І Яська з Калюнем урэшце здрадзілі сваёй клятве нікому не даваць самаката. Аднак жа, перш чым уступіць яго хлопцам, яны пастараліся прыпомніць ім усе крыўды, якія зведалі ад іх. Хлопцы сарамліва апускалі галовы, і Яська з Калюнем з выглядам пераможцаў давалі ім самакат: