Выбрать главу

— Прыйшла коза да воза! Наце, нам не шкада!

А ўжо назаўтра самакатаў на Бладыкавай гары было некалькі — і такіх, як у іх, і прасцейшых, зробленых з адной шырокай дошкі, на якіх трэба было з'язджаць з гары лежачы, упраўляючы нагамі ці рукамі. І Яська з Калюнем ужо цешыліся толькі тым, што яны былі першыя і што іхні самакат быў не з горшых.

Праз гэтае сваё майстраванне хлопцы запусцілі вучобу. І калі аднойчы яны зноў пайшлі пад паветку — рабіць лыжы з клёпак ад вялізнай рассохлай бочкі, што стаяла, перакуленая ўверх дном, у пуні, маці адабрала ў іх начынне і пагнала ў хату, накрычаўшы:

— А ўрокі я за вас рабіць буду? Як на гэта, дык у вас і часу хапае, а як за ўрокі брацца, дык...

Аказваецца, пераняла на вуліцы маці Наталля Міхайлаўна, іхняя настаўніца, і паскардзілася, што Яська і Калюня няйначай нечым іншым заняты, а не вучобай,— нахапалі двоек. Яны ў душы не надта пагаджаліся з гэтым, аднак жа з вучобай рашылі падцягнуцца, і тут Яську падахвочваў больш Калюня: ён абяцаў маці, што будзе добра вучыцца. Дзядзька Паўлюк, заходзячы вечарамі ў Яськаву хату, неаднойчы гаварыў Калюню:

— Што-што, а вучыцца ты мусіш так, каб... Каб, гэта самае, тут я клопату не меў, у школку каб мяне не клікалі...

І ці яны напраўду што разумелі, ці так ужо атрымлівалася само па сабе, а, пакуль жыў Калюня ў Яськавай хаце, Наталля Міхайлаўна больш не пераймала маці на вуліцы, каб скардзіцца на іх. І дайшлі яны да нечакана хуткага звароту цёткі Марылі, можна сказаць, спакойна, калі не лічыць непрыемнай гісторыі з ходзікамі, у якой найперш быў вінаваты, вядома ж, сам Яська...

Аднойчы ён расказаў Калюню пра ходзікі — пра тое, як пасля вайны бацька сам іх рамантаваў, як для рэгуліроўкі ходу маці прывязала да гіркі нажніцы. А заадно прымусіў Калюню ўзлезці на табурэтку і паглядзець праз шкельца, як з малаточка, які чапляецца за зубчастае колца, злятае секунда за секундай. І Калюня, які дагэтуль, здавалася, не заўважаў, што яны віселі на сцяне, нечакана праявіў да ходзікаў вялікую зацікаўленасць. Асабліва ўразіў яго Яськаў расказ пра секунды, якія зрываюцца з малаточка і падаюць, як у бездань, у вечнасць, каб ужо ніколі не вярнуцца назад.

— Адкуль ты ведаеш, што яны там сядзяць? — вызекрыў ён на Яську вочы.— А можа, іх там няма?

— Як гэта няма? Раз цікаюць, дык і секунды ёсць. Адкуль жа тады яны зрываюцца? — у сваю чаргу запытаў Яська.

Калюня моршчыць лоб, доўга думае, урэшце кажа:

— А калі яны і не зрываюцца зусім? Га?

Яська рагоча:

— Дык ты ж сам бачыў!

— Бачыў... Што там убачыш? Каб гэта добра паглядзець!

— А знімаць са сцяны іх няможна,— уздыхае Яська.

Калюня таксама ўздыхае. Некаторы час сядзяць моўчкі. Не ведае Яська, пра што думае Калюня, але ж, пэўна, пра тое самае, пра што і ён: як бы гэта зазірнуць у сярэдзіну ходзікаў? Урэшце не вытрымлівае, кажа:

— А можа, знімем?

Калюня разумее, ківае галавой, але пытаецца:

— А не баішся?

— Каго? — храбрыцца Яська.— Думаеш, тата будзе сварыцца за гэтую ламачыну? Ён колькі разоў казаў, што іх даўно пара выкінуць на сметнік — то адстаюць, то наперад забягаюць... Хочаш, зніму?

Калюня паціскае плячамі — маўляў, як сабе хочаш, але ўвесь яго выгляд гаворыць Яську іншае: не знімеш, пабаішся! Пабаіцца? Яська рашуча падстаўляе табурэтку, узлазіць на яе, знімае ходзікі са сцяны, саскоквае з імі ў руках на падлогу:

— Во, бачыш?

Асцярожна кладзе ходзікі на стол. Яська з аднаго боку, Калюня — з другога схіляюцца над імі, спрабуючы зазірнуць усярэдзіну праз бакавыя шкельцы, але сваімі ж галовамі засланяюць сабе святло, разгледзець што-небудзь там немагчыма.

— Чакай,— кажа Яська. Ідзе ў першую хату і вяртаецца адтуль з ножыкам.— Зараз паглядзім, што там такое.— І пачынае круціць стрэлкі.

Вялікая стрэлка пад яго пальцам робіць некалькі абаротаў, малая таксама перасоўваецца на некалькі лічбаў, аднак знімацца з воські яны не хочуць.

— Ты, можа, не ў той бок круціш? — кажа Калюня.

«Не вучы вучонага, з'еш г... капчонага»,— думае Яська, але на ўсякі выпадак пачынае ганяць стрэлкі ў другі бок, і праз некалькі абаротаў яны падаюць на цыферблат!

— Ага, я казаў! — крычыць Калюня.

— Я і сам ведаў,— адказвае Яська.

Ён бярэ ножык і вострай дзюбкай пачынае выкручваць шурупчыкі, галоўкі якіх тырчаць на цыферблаце. Адкручваюцца яны лёгка, бы не ўвінчаны, а проста ўстаўлены. Скончыўшы з шурупчыкамі, Яська лёгка знімае цыферблат разам з фанеркай. Нутро гадзінніка — перад імі. Хлопцы вымаюць з пазкоў бакавыя шкельцы, каб не заміналі, і зноў схіляюцца над ходзікамі. Яська і Калюня расчараваны. Нічога асаблівага ў сярэдзіне ходзікаў няма. Усё тое ж, што было відаць і тады, калі ходзікі віселі на сцяне: воські і зубчастыя колцы розных памераў.