— Ну, дзе сядзяць твае секунды? — пытаецца Калюня.
— Чаго захацеў! Хіба іх можна ўбачыць?
— А ты ж казаў!
— Мала што казаў!.. Давай лепш паглядзім, як ходзікі ідуць.
Яська кратае маятнік. Нечакана ён застаецца ў яго руках. Яська палохаецца. Дзе ж маятнік вісеў? Мо на тым вунь кручку-малаточку? Канечне ж, на ім, дзе яму яшчэ вісець! Ён лёгка знімаецца і лёгка становіцца на месца. А калі так, дык яго можна зняць і адкласці ўбок, каб не замінаў.
На зубчыкі самага большага колца накінуты ланцужок. Яська асцярожна пачынае цягнуць за яго — ходзікі не ідуць. Здагадваецца крануць пальцам кручок, на якім вісеў маятнік. Кручок матлянуўся сюды-туды, у сярэрэдзіне ходзікаў штосьці ціха затахкала — цік-так.
— Ідуць! — крычаць хлопцы.
Папераменна, то Яська, то Калюня, цягнуць хлопцы за ланцужок, штурхаюць пальцам той кручок, і ходзікі, лежачы на стале, ціха тахкаюць.
Раптам ланцужок ірвецца. На нейкі момант яны абодва заміраюць ад страху. Дастукаліся! Што цяпер рабіць?
Першым ачомаўся Калюня.
— Адно ўсяго звяно разагнулася,— шэпча чамусьці ён.— Можна яго зноў змацаваць.
Яська ловіць канцы ланцужка, счапляе іх разагнутым звяном, спрабуе зубамі зноў яго закругліць. Тонкі дроцік выслізгвае з-пад зубоў, у роце непрыемна ад кіславатай жалезнай іржы, але ўрэшце ланцужок зноў цэлы.
Цяпер трэба пакласці яго на месца, надзець на зубчыкі большага жоўтага колца, але ён скручваецца і ніяк не кладзецца на месца. Яська памагае ножыкам — вострай дзюбкай. Лязо зрываецца, і Яська бачыць, што нейкае іншае, меншае жоўтае колца скрыўляецца. Ах, каб яно спрахла! А тут яшчэ Калюня са сваімі парадамі!
Яська, аднак, злуецца моўчкі і спрабуе выраўняць скрыўленае колца. Здаецца, крыху параўнела, такое як і было. Хуценька перакідвае ланцужок цераз воську, дзюбкай ножыка начэплівае на зубчыкі.
Трэба спяшацца. Кожную хвіліну можа прыйсці маці. Яська вешае на кручок маятнік, устаўляе шкельцы, прыкручвае цыферблат, навінчвае стрэлкі.
Нарэшце ходзікі на сцяне. Яська падцягвае ланцужок, штурхае маятнік. Ён некалькі разоў матлянуўся і спыніўся. Яська штурхае мацней, штурхае яшчэ і яшчэ раз — маятнік, троху павагаўшыся, замірае, ходзікі ісці не хочуць...
І тут бразгае ў сенцах клямка. Яська і Калюня кідаюцца да стала і робяць выгляд, што даўно сядзяць над урокамі.
Маці зазірае цераз парог на іх, лагодна кажа:
— От, малайцы! Я ўжо бегла і думала, як вы тут... Ну, ладна, пайду кароўку даіць.
І тут раптам Зойка з ляжанкі — бух:
— А Яська з Калюнем ходзікі са сцяны знімалі!
— Нашто ж яны іх знімалі? Во, і не ідуць жа! — кажа маці, не так, пэўна, бачачы, што яны не ідуць, як не чуючы тахкання. Шкрабянуўшы чунямі аб анучу ля парога, яна заходзіць у хату, падыходзіць да ходзікаў.— І праўда ж, не ідуць! Пачынілі, чыншчыкі? — Яна, як нядаўна і Яська, спрабуе штурхануць маятнік, але ходзікі ўсё адно не цікаюць.— Як жа вас не біць? — кажа маці, павярнуўшыся да Яські і Калюні.— Ці ж то цацка? Ну, пачакайце, прыйдзе бацька, ён вам дасць!
Але Яську гэтая пагроза ўжо не палохае. Калі маці не ўсчала лупцоўкі, то — абышлося. Бацька хіба пасварыцца, а лупцаваць не будзе. Пабурчыць троху, а пасля зніме са сцяны гэтыя недарэчныя ходзікі, пакорпаецца ў іх, і яны зноў будуць цікаць, як і цікалі...
А цётка Марыля вярнулася дадому незадоўга да Новага года. Ніхто і не чакаў, што так хутка яна вернецца. Нават і сам дзядзька Паўлюк не чакаў. Год дык год. А яна і трох месяцаў там не прабыла.
Дзядзька Паўлюк разы са два ездзіў да цёткі Марылі. Першы раз, як з'ездзіў, дык расказваў, што жыве яна недзе пад Мінскам, у бараку, ходзіць на работу — выбіраць буракі і моркву, сеч капусту. Схуднела, казаў, троху, але прасіла не турбавацца, пра яе не думаць, адно наказвала берагчы дзяцей, і надта ж ужо дзякавала Паўліне — Яськавай маці. А пасля другіх адведак дзядзька Паўлюк гаварыў, што цётка Марыля ўжо ў самім Мінску, што там паўсюль расчышчаюць руіны і будуюць новыя дамы і што яго Марылю таксама водзяць разбіраць руіны і ставіць тыя дамы.
Збіраўся дзядзька Паўлюк ехаць да яе яшчэ раз, бліжэй пад Новы год, ажно яна сама нечакана дадому прыбілася.
Прыйшла яна ў вёску надвячоркам і адразу ж, не заходзячы да сябе ў хату, зайшла да іх, да Кузьміцкіх. Яська з Калюнем толькі што са школы прыйшлі і сядзелі за сталом — падвячоркавалі. Дык цётка Марыля не дала Калюню даесці. Ашчарэпіла яго і Тоню, укленчыла перад імі і плакала.