Выбрать главу

А Яськава маці стаяла ля грубкі, глядзела на іх і таксама моўчкі плакала.

А пасля цётка Марыля падхапілася, хуценька апранула Калюню і Тоню і павяла іх дадому.

У другі раз цётка Марыля зайшла да іх позна ўвечары. І ўжо тады пасядзела з паўгадзіны. Была яна нейкая не такая, як раней. І Яська не мог даўмецца, што з ёй сталася, ажно пакуль яна не пачала папраўляць хустку на галаве. З-пад хусткі выбіліся кароткія чорныя касмылікі. І здагадаўся Яська: гэта яе цётка Марыля абстрыжана, і няйначай пад нажніцы, як і ён з Калюнем! Праз тое і выдавала яна не падобнай на сябе ранейшую — галава, нават у хустцы, як бы паменшала.

Маці аб нечым спытала яе, але цётка Марыля адно адмахнулася:

— Ай, не пытайся, Паўлінка! Жыць можна, але закажы, божа, каму туды трапляць!

Маці аддала ёй адзенне, Тоніны цацкі і Калюневу торбачку са школьнымі прычындаламі. Прыціскаючы гэты хатулёк да грудзей, цётка Марыля з плачам гаварыла:

— Дзякуй табе, Паўлінка! За ўсё! І Пятровічу твайму! Справядлівы ён чалавек. Гэта не каб не ён, быць там мне яшчэ б і быць... Дзякую, сястрыца! Жыва буду — аддзячу...

— От кінь ужо, Марылёк! Добра во ўсё, дык і добра, чаго ўжо тут...— маці як абняла яе.

Цётка Марыля пайшла з хаты...

Лягаючы спаць у той вечар, Яська па звычцы матлянуў пад коўдрай нагамі, каб дастаць Калюню, але ў нагах у яго нікога не было...

А на вуліцы, сярод сябрукоў, яны — Яська і Калюня — яшчэ доўга хадзілі ў братах-манахах...

3...

...Калюня — не, ужо не Калюня, а Мікалай Паўлавіч Бурбоўскі — прыйшоў да нас, як і абяцаў, назаўтра і пазваніў у дзверы роўна ў сем — таксама, як дамаўляліся.

Стрэўшы яго дзе-небудзь на вуліцы, я, канечне, не пазнаў бы Калюню. Светла-карычневы кажушок — дублёнка, скураная гуральская шапка — з футрам і брыльком, яркі, з геаметрычным малюнкам, гальштук, джынсавая крэмавая сарочка, модныя чаравікі на высокай платформе, плюс да ўсяго вузенькія фацэтныя вусікі і такія ж фацэтныя, ніжэй мочак вушэй, бачкі — не, яго можна было б палічыць за мастака, калі б усё гэта не сядзела на ім так акуратна і фасоніста, альбо за работніка «Інтурыста», толькі не за загадчыка склада швейнага атэлье.

Ён пераступіў парог, паціснуў далонь мне, паздароўкаўся з Любай, па-шляхецку цмокнуўшы яе ў руку. Тут жа, у прыхожай, яшчэ не зняўшы з плячэй кажушка, спытаў:

— Ну, а дзе ж твае наследнікі?

Я гукнуў Аляксея і Сяргея.

Ён падаў ім руку, потым разгарнуў пакунак, які трымаў, пад пахай,— у ім аказаліся два тамы «Графа Мантэ-Крыста», уручыў іх малодшаму, Сяргею, сказаўшы:

— Цукеркамі баяўся вас пакрыўдзіць, вы ўжо мужчыны. Мо гэта салідней будзе, га?

Распрануўшыся, скінуўшы чаравікі, ад чаго ён раптоўна зрабіўся меншы ростам і ўвогуле нейкім мізэрнейшым, бы: падлетак (гэтаму спрыяла, пэўна, і кароткая, да пояса, замшавая, на маланцы, куртачка-пінжачок), ён сцепануў плячамі — як падбадзёрыў сябе ўсё адно:

— Ну, паказвай, Ваня, як жывеш, да якой кварціры на пятым дзесятку дажыўся!

Ён сам, быццам прыйшоў з канторы па абмене жылплошчай, зазірнуў у адзін пакой, у другі, трэці, прайшоў на кухню. Абход гэты зрабіў моўчкі. А калі мы ўрэшце апусціліся ў крэслы абапал шахматнага століка, ён сказаў:

— Ну што ж, кварцірка што нада. Каб яшчэ паркет... У мяне, Ваня, паркет. Сам паклаў... Куханька таксама малаватая, халадзільнік як слуп пасярод дарогі... Добра, што шафак і антрэсоляў шмат... У мяне, як абмяняліся, не было, сам парабіў... Ну, дык як, Ваня, чырыкаем-прыгаем?

— Бачыш жа,— развёў я рукамі.

— Бачу, бачу,— ён пабарабаніў пальцамі па падлакотніках крэсла.— Дык, значыць, настаўнічаеш? А жонка?

— Таксама.

— І колькі ўдваіх маеце?

— Як усе настаўнікі.

— А ўсё ж?

— Рублёў трыста.

— Усяго? — ён хмыкнуў, як учора хмыкаў у трубку.— Ярунда! Яно і відаць...

— Што відаць? — не зразумеў я.

Ён памуляўся, потым усміхнуўся:

— Ты, друг, выбачай, я чалавек просты, як разумею, так і кажу... Меблішка ў цябе, Ваня, прама скажў, замены просіць. Цяпер трэба, каб — шык, бляск быў. Каб адразу відаць, хто жыве...

Я таксама ўсміхнуўся:

— Усё гэта не так важна...

Але ён рашуча закруціў галавой:

— Не, не кажы, друг!

Я прамаўчаў. Не ведаю, якой яна павінна была б быць, гэтая сустрэча з Калюнем, аднак жа адчуваў, што нейкай іншай, не такой. З абдымкамі ці без абдымкаў, з колішнімі жартамі і кпінамі ці без іх, але нейкай усё ж інакшай. Хай сабе і ён даўно ўжо не Калюня, і я не колішні Яська, але ўсё ж, усё ж... Пры чым тут паркет, мае і жончыны заробкі?.. Ад усяго гэтага было мне неяк непамысна.