Выбрать главу

Ён хмыкнуў, прыпадняўся, пацягнуўся рукою цераз стол да мяне:

— Ваня, друг, хіба я сварыцца прыйшоў? Ты ж усё панімаеш! Ну што ты? Калі на тое пайшло, дык матка мая таксама дурная была. Другія кралі паболей — і нічога, а яна... Эх, Ваня, ты думаеш, я Пятровіча, бацьку твайго, не паважаў? Ну што ты, друг...

Ён сеў, не забыўшыся падцягнуць, каб не вытыркнуліся на каленях, калашыны, зноў паклаў руку на руку. Павярнуўшыся пасля да Любы, спытаў:

— Закурыць дазволіце, Любоў Андрэеўна? Ну, то давай закурым, друг...— Ён дастаў цыгарэты і, прыкурыўшы, сказаў, як бы некага шкадуючы: — Ах, якія яны ўсе, інтэлігенты... Ім адно, а яны — пра другое...

Я таксама закурыў. Дурная, гарачлівая ў мяне натура. Як у бацькі. Тут Калюня праўду кажа. (Міколам зваць яго мне было ніякавата, а Мікалаем Паўлавічам — тым больш.) Не ўмею стрымлівацца. Вось Люба мая малайчына. Яна неяк адразу, як нюхам усё адно, распазнае чалавека і заўсёды знаходзіць з кожным адпаведны тон гаворкі. Яна і Калюню даўно раскусіла, аднак жа гаворыць з ім, быццам гэта ёй цікава і патрэбна, і мне дае знаць, каб не лез у бутэльку.

Я кашлянуў, зірнуў на Калюню, сказаў прымірэнча:

— Выбачай, брат, пагарачыўся. Успомніў тое, вось і...

Калюня ўжо глядзеў на мяне з ранейшай не то прыязнасцю, не то са шкадаваннем, загаварыў з перакананасцю:

— Я разумею, Ваня. А толькі ты — не ўспамінай! Забудзь, друг! Не было там нічога такога, каб памятаць.

— Памятаць трэба...

Люба не дала мне скончыць — закрыла рот сваёй даланёю, сказала:

— Помні, але — памаўчы.— І павярнулася да Калюні: — Дык што вы хацелі сказаць мне, Мікалай Паўлавіч?

Ён крутнуўся да яе:

— Я, Любоў Андрэеўна, па-сяброўску... Калі вы надумаецеся абзавесціся меблішкай, дык я магу...

— Вы можаце памагчы? — Люба спытала гэта так, быццам толькі і марыла пра тое, каб набыць новую мэблю.

— Калі трэба — магу, Любоў Андрэеўна. Дамовімся, што вам трэба, які гарнітурчык ці наборчык...

— А што ў вас?

Калюня адсунуўся ад стала, закінуў нагу на нагу:

— Бачыце, я з сабой у Мінск з абстаноўкі нічога не браў. Нічога, скажу вам, і браць не было. Усё маральна ўстарэла... Таму тут абстаўляў кварціру поўнасцю. У залу ўзяў балгарскі гасціны гарнітур за дзве трыста... Бачылі мо — чорнага дрэва, з бронзавай акантоўкай і інкрустацыяй?.. Спальню ўзяў арабскую, яны былі тады, кухню — польскую... Ну, яшчэ «Тэмп» каляровы, «Рыгонду» для дачкі... Яна ў мяне музыкай цікавіцца...

— А дзе ты на ўсё гэта грошы ўзяў? — спытаў я, блазнуючы.

Калюня зразумеў, таксама расплыўся ва ўсмешцы:

— А ў каго іх сёння няма? Хіба толькі ў касіраў!

Дружна пасмяяліся ўтраіх.

— Так што, Любоў Андрэеўна, калі маеце жаданне — магу памагчы, пасадзейнічаць. Не сам, канечне. У жонкі такія кліенткі, што — з-пад зямлі дастануць, калі трэба...

— Дзякуем, Мікалай Паўлавіч,— шчыра сказала Люба.— Мы падумаем з Ванем.

— Падумайце, падумайце, такія справы з налёту не рашаюцца... І яшчэ, Любоў Андрэеўна, асабіста вам скажу.— Калюня нахіліўся да жонкі, па-змоўніцку засланяючыся ад мяне рукою.— Калі вам пашыць што трэба — калі ласка, прашу да маёй Соні. Не сама, дык скажа там каму, а ўсё будзе зроблена хутка і найлепшым чынам... Бывае і дэфіцыцік у нас... Ну, скажам, пёсіка на шапку ці на каўнерык не жадаеце? Ёсць і зараз — беленькі, з чорненькай спінкай... Вы не саромцеся. Па-сяброўску ўсё можна зрабіць...

— Дзякую, Мікалай Паўлавіч,— Люба мая ўся цвіла.— Пясец — мая мара! Паверыце, ад сораму часта хоць плач. Мае вучаніцы ўсе ў пясцах ходзяць, а іхняя настаўніца шмаруе шыю нутрыяй.

— Будзе, будзе вам пёсік!

Я напоўніў чаркі, прапанаваў:

— Давайце за яго — мякенькага, пушыстага!

Але Калюня адмовіўся:

— Не, Ваня, усё, сваю дозу я ўзяў. Дык, як кажуць, пара і чэсць знаць. Рады, што сустрэліся, што пазнаёміўся з тваёй Любоўю Андрэеўнай, з хлопцамі...

— А чаго так спяшацца? Столькі не бачыліся... Пасядзелі б яшчэ, пагаварылі б,— я ўсё ж павінен быў быць гаспадаром.

— Не, друг, дзякую. Заўтра ж на работу і табе і мне,— Калюня падняўся.— Так што — пара!

Але ў прыхожай ён раптам не стаў спяшацца: дастаў цыгарэту, закурыў, прыхінуўся плечуком да вушака дзвярэй. Я схадзіў у пакой, вынес попельніцу, паставіў яе на тэлефонны столік, сам таксама закурыў і, як ён, падпёр плячамі сцяну.

— Вот так і жывём, Ваня.— Калюня абтрос у попельніцу нагар з цыгарэтны— Што я хацеў яшчэ ў цябе спытаць? Ага, вот што, друг. У цябе часам знаёмых ва універсітэце няма? Зойка ваша казала, што нібыта ёсць...

Я ўжо ведаў, што будзе далей. Вельмі часта за такім пытаннем чуў я іншае, накшталт: «Дык ці не мог бы ты пагаварыць там...»