— Ёсць. Былы аднакурснік зараз там выкладае. А што?
— Панімаеш, друг, прама скажу — непрыемнасць маленькая ў мяне. Уткнуў дачку на вячэрняе, а яна, дурніца, двума хвастамі абрасла. Гразяцца сключыць... Ты б не мог там, ну, гэтаму свайму другу, шапнуць, каб ён слова закінуў? Панімаеш, дурніца! Не магла сказаць раней! Можна было б бюлетэньчык арганізаваць ці яшчэ тое-сёе...
— Пагаварыць магу, але абяцаць — увы, на жаль... Разумееш...
— Ды разумею! За мной не прападзе! Бурбоўскі нікога не падводзіў,— ён падсунуўся да мяне, дыхаў мне проста ў твар.— Раз я сказаў — усё! Верыш?
— Я не пра тое. Разумееш, не я там працую, а мой сябрук. А ён, як ты кажаш, занадта чэсны чалавек... Я, канечне, магу пагаварыць... Ты мне пазвані праз дні два-тры...
— Добра, пазваню,— адказаў ён і пачаў апранацца.
Праводзіць яго выйшла ў прыхожую Люба. Калюня падаў мне руку, пакланіўся жонцы і пайшоў. Да Любінай рукі на гэты раз не прыклаўся.
Калі заціхлі на лесвіцы яго крокі, мы з жонкай пераглянуліся і нечакана весела, ад душы зарагаталі.
— Чаго ты смяешся? Табе плакаць трэба! Ты ж усё хваліў сваіх альхоўцаў! — папікнула мяне Люба.
— Ён, Любачка, не альховец,— адказаў я. І ў сваю чаргу падкалоў яе: — Не насіць табе на шыі беленькага, з чорнай спінкай пёсіка!
— Не называй мяне Любачкай! — грымнула яна мяне па спіне. Ідучы ў пакой прыбіраць са стала, зноў уела: — Дзе ўжо, калі ты такі ж дурны, як і твой бацька!
— Ён не сказаў — дурны! — запратэставаў я.— І ты — не смей!
— Ты недачуў,— выходзячы да мяне з талеркамі, пацвельвалася жонка.— Ёй сказаў: «Матка мая таксама дурная была...» Таксама — як хто? Як твой бацька! З'еў?
— Ах, нягоднік! Ах, прайдзісвет! — бушаваў я,— Трэба было пагладзіць яго па фізіяноміі!
Жонка смяялася.
Перад сном мы зноў успомнілі Калюню. Люба ўспомніла.
— А ведаеш, ён жа і прыходзіў толькі дзеля таго, каб твой аднакурснік памог ягонай дачцэ.
— Ды, здаецца, твая праўда,— адказаў я.— Прынамсі, пра пуд жыта, які калісь звёў нас, ён не ўспомніў...
Люба, па-дзіцячы кульнуўшыся на паралонавыя падушкі тахты, зробленай у гарадку з дзіўнай назвай Масты, усё ж пазайздросціла:
— А нехта спіць пад аксамітавым балдахінам пругкага і мяккага арабскага ложка...
Калюня праз тры дні не пазваніў. Не пазваніў ёй і пазней.
ЗА РУЖОВЫМІ ФІРАНКАМІ
Гэтых людзей я ведаю і не ведаю. Я мог бы дакладна назваць іхні адрас: вуліцу, нумар дома... Вось толькі наконт кватэры магу памыліцца, бо я ніколі не пераступаў яе парога. Але гэта — дробязь. Захацеўшы, адшукаць яе лёгка. Дастаткова таго, што я ведаю: кватэра гэта на апошнім, пятым паверсе і акно з балконам выходзіць на вуліцу.
Мабыць, я троху летуценнік. Вечарамі, калі аціхае гарадскі тлум, я люблю паблукаць па нашай вуліцы. Жыву я ў мікрараёне, на самай ускраіне, і вуліца наша не зусім і вуліца — аднабокая. Па адзін бок дамы ёсць, а па другі — няма. Там — поле, а далей, за ім — лясок. Блізка, як рукой падаць. Дык вось. Прайдуся я вуліцаю ў канец, а там зварачаю на сцяжынку, што бяжыць праз жытнёвы палетак, і — у лясок. Сяду на ўскрайку і на горад пазіраю. Лясок на пагорку, адтуль далёка відаць. А што відаць? Вядома, што: агні горада нашага. Мноства агнёў — ад краю і да краю. А найбліжэй — разнаколерныя квадраты вячэрніх вокнаў нашай аднабокай вуліцы. І сярод іх — ружаватая плямка таго крайняга акна на пятым паверсе шэрага панельнага — нібы складзенага з кардонных кубікаў — дома. Гляджу я на вячэрнія — адны зыркія, другія цьмяныя, заштораныя — вокны, і як бы нейкая трывога ў душы падымаецца. Хутчэй, пэўна, не трывога, а непакой якісьці, трымценне ўнутранае: гэта ж за кожнай плямкай-агеньчыкам — людзі! Хто вячэрае, хто чытае, хто тэлевізар глядзіць, хто малое люляе, а хто і сумуе, сварыцца, плача, бядуе-трывожыцца...
І вось — хочаце верце, хочаце не — здаецца мне, што відно мне адсюль і тое, што робіцца вунь за тым акном, у кватэры, ярка асветленай лямпай дзённага святла, і за тым, што ледзь мігціць блакітнаватым ззяннем — пэўна, у пакоі толькі і святла таго, што з вока-экрана якога-небудзь «Гарызонта» ці «Электрона»... А тое крайняе акно на пятым паверсе — найбольш для мяне знаёмае і, нібы сваё, прыцягальнае. Чым яно мяне прывабіла, пэўна не скажу. Вось кінулася чымсьці ў вочы з першага разу, з таго вечара, калі ўпершыню прывяла мяне сцяжына на ўзлесак. Мо тым, што крайняе яно? А мо ружовасцю сваіх фіранак прывабіла?
Тады, у той першы вечар, я яшчэ нічога не ведаў пра яго, пра кватэру, у якую праз тое акно зазірае сонца, пра людзей, якія аблюбавалі ці, правільней будзе сказаць, усяліліся па ордэры ў тую кватэру. А зараз я зусім пэўна магу сказаць, што ведаю, хто там жыве, у той стандартнай двухпакаёвай кватэры, што яны за людзі, чым займаюцца, чым цікавяцца, што робяць удзень і ўвечары, калі на горад апускаецца змрок,— прынамсі, вось у сённяшні цёплы адвячорак пачатку ліпеня...