Выбрать главу

Бацька падхопліваецца з крэсла, крычыць:

— Дальбог жа, панамаю! Абібок! Смаркач! Яшчэ здзекуешся?

Выходзіць з кухні маці і — накідваецца на бацьку:

— Ну чаго ты? Чаго ты да яго слепішся? Ну, абібок, ну, няўдаліца, яшчэ што? Лягчэй табе ад гэтага стала?

— Заступіся, заступіся! А як жа! Прыгалуб яшчэ, па галоўцы пагладзь, пашкадуй сыночка свайго!

— Такі ж твой, як і мой... А чаго крычаць? Чаго гвалт на ўвесь дом падымаць? Скажы па-чалавечы, калі што якое.

— Па-чалавечы? Хіба ж ён разумее па-чалавечы? Кол на галаве зачэсвай і то рады не дасі... Сказаў, каб енкі свае выключыў, дык — здзекуецца! Яму ўжо і бацька нішто! Во пустадомак, во ўдаўся сынок...

— Ты таксама добрая цаца! Як прыйшоў сёння ўзвінчаны, дык не супакоішся ніяк,— папікае маці. Потым кажа да сына: — А ты чаго разлёгся? Не абрыдла табе скрынка гэта? Штодня з ёю цацкаешся, ні хвіліны цішыні ў хаце! Купілі на сваю галаву! Схадзіў бы куды, калі рабіць няма чаго.

— Куды гэта — куды? — азываецца сын.— Без манет, мама, нікуды не пойдзеш. Хіба толькі туды, адкуль не вяртаюцца. А ў мяне ў кішэнях ні звону, ні шамацення. На цыгарэты няма.

Бацька зноў узгараецца:

— Ага, нават на цыгаркі няма? А дзе ж твой заробак? Што, хіба бацьку аддаў ці мацеры? Усё да капеечкі аддаў, а сабе нават на цыгаркі не пакінуў? Ай-яй-яй, які харошы ў мяне сынок! Вось бог паслаў анёлка... Што, можа, чакаеш, што раздобруся ды табе траяка дам, каб было з чым на вуліцу сашвэндацца?

Сын, усё лежачы на тахце, пасміхваецца:

— А мог бы і даць. Не чорту лысаму, а сыну.

— А кукіша не хочаш? За якую трасцу?

— Не крычы, тата. Усё і без крыку ясна: не дасі! Значыць, трэба абысціся.

— Ведаю, як ты абыходзішся! У мяне не выпрасіш, дык у маткі вымантачыш!.. Прэч з маіх вачэй, дармаед!

Сын, падымаючыся, намацваючы нагамі тэпці і падцягваючы штаны, гаворыць усё з тым жа посміхам:

— Прыкра, канечне, што бацька не хоча ліцазрэць роднага сына, ды што зробіш. Знікаю, тата, зараз жа знікаю!

Ён ідзе ў спальню, зачыняе за сабой дзверы. Бацька зноў апускаецца ў крэсла, бярэ ў рукі газету, кажа да маці:

— А ты пазаступайся, пазаступайся. Маленькага шкадавала, пашкадуй і цяпер. Пашкадуй!

— Ну чаго ты заладзіў: пашкадуй, пашкадуй... Чаму ж ты як бацька не пагаворыш з ім спакойна, а ўсё — гыр ды гыр? А можа, бяда якая ў хлопца, нявыкрутка? Ты ж бацька!

— Я, ведама, бацька. Цяпер і ты гэта кажаш. А яму цяпер і на бацьку начхаць і на цябе. Чула, як гаворыць? «Кумір тваёй маладосці, татачка!..»

— А ты як на яго? Абібок! Смаркач! Яму ж, Андрэй, таксама крыўдна. Васемнаццаты пайшоў, а ты ўсё як на дзіця, як на малога!

— Ага, усяго васемнаццаты... Я ў пятнаццаць нароўні з мужчынамі ў полі араў, на сенакос хадзіў... Гэта ты, Тоня, усё глядзіш на яго, як на маленькага. «Сыночак, сыночак...» А гэты сыночак хутка і на галаву сядзе!

— Супакойся ты, Андрэй, супакойся. Што тое ўспамінаць? І ты ў пятнаццаць рабіў, і я ў лялькі не гуляла. Трэба было, дык і рабілі. Тыцкаць яму штораз пра тое мо і не трэба... І не такі ён ужо благі, Эдзік. Што ён такое і зрабіў? З работы сарваўся? Дык — ліха з ёй, з работай! Другой хіба не знойдзе?

— Не пра тое я, маці. Работу, ведама, знойдзе, хоць, здаецца мне, не надта ён яе і шукае... Не пра тое я... Кінуў школу, не схацеў у дзевяты хадзіць — ладна, змірыўся я. Думаў, канечне, што іначай будзе, што мо пасля школы ў інстытут пойдзе... Людзе тое замуства перашкодзіла, шкада дзеўкі было, не дурнейшая за іншых... А тут і ён, Эдзік, ды яшчэ па сваёй ахвоце! Але ж — змірыўся. Спадзяваўся, што паробіць, пасталее, сам зразумее, што да чаго. Ажно...

— Ну, а што — ажно? Ці ж ён украў што, ці, не дай бог, скалечыў каго? Ён жа хоча...

— Каб жа хацеў! Ты думаеш, не гаварыў я з ім? Уга, колькі разоў! А што толку? Ці я дурнець пад старасць пачынаю, ці гэта свет такі стаў, а не магу я, Тоня, зразумець. Сына роднага зразумець не магу. Гаворыць мне адно, а сам, бачу, пра нешта іншае думае. Ты, кажа, бацька, адстаў. Адстаў ад веку, ад прагрэсу, мысліш старымі катэгорыямі, жывеш уяўленнямі сваёй маладосці, а зараз век тэхнікі, эмоцыі даўно пара адкінуць... Ты, бацька, кажа, застаўся на ўсё жыццё рамантыкам, летуценнікам, а цяпер век практыцызму, чалавечай ініцыятывы, праяўлення індывідуальнасці... Нічога, Тоня, не разумею! І каб гэта хто іншы казаў, а то ж — сын. Жылі мы з табой, Тоня, жылі, працавалі, дзяцей гадавалі, стараліся, каб як найлепей усё было, а вось бачыш — аказваецца, адсталі.

— Ты супакойся, Андрэй, супакойся. І цішэй кажы... Ну, ведама, мы з табой жылі, дык не пра тое думалі. Жылі, рабілі, не выстанчалі лішне, бо яно і не было за што выстанчаць, то адна дзірка, то другая — каб хаця залатаць... А цяперака ж, мусіць, і праўда век такі настаў, што і дзіця сваё не заўсёды зразумець можна. Леську во вазьмі. Якіх сем гадкоў, а паспрабуй давядзі ёй што! Яна ўжо табе ўсё ведае, ва ўсім разбіраецца. Я і ў пятнаццаць, пэўна, верыла, што дзяцей бусел прыносіць ці ў капусце іх знаходзяць, а яна? «Як выйду замуж, нараджу сабе дваіх — хлопчыка і дзяўчынку. Тата кажа, што ў нармальнай сям'і павінна быць двое дзяцей...» А пра маці сваю, пра Людку, што кажа? «Мая мама — тыповы прадстаўнік сучаснага мяшчанства!» Я і слоў такіх не ведаю...