Выбрать главу

— І я рада, Ромачка! А як жа Нэлачка? Як малы? Ці ўсё ж хаця добра?

— Парадзіха адчувае сябе здавальняюча, Антаніна Васільеўна. І парадзіха і нованароджаны! Так мне сказалі.

— Ну, дык і дзякаваць богу, Ромачка!.. А ты, гляджу, ужо і выпіць на радасцях паспеў?

— Э, не, Антаніна Васільеўна, не! Але... Эўрыка! Добра, што напомнілі. Дзядзька Андрэй, га? То ж, мусіць, трэба? Дзе Эдзік? Вы не зачыняйцеся, я зараз, адна нага тут, другая там! — Сусед выбягае.

— Ашалеў хлопец ад радасці,— кажа маці.— Чакаў жа сына. Нэлка мне казала. Усё наказваў: прыеду забіраць з сынам.— І спахопліваецца: — А я, дурная, як хто за язык цягнуў, пра выпіўку ляпнула! Замест таго каб стрымаць...

Са спальні выходзіць сын, пытае:

— Што тут такое? Нехта, здаецца, выйграў па спортлато? Колькі, калі не сакрэт? На «Жыгулі» хопіць?

Маці смяецца:

— Але, выйграў. Рома. У яго сын.

— І з гэтага выпадку такі гвалт? Скажыце, калі ласка! Да трох мільярдаў двухногіх далучыўся яшчэ адзін, і гэта — радасць! — сын паціскае плячамі.

— Эдзік, прытрымай язык! — гаворыць бацька.

— Маўчу, тата, маўчу. Я проста не падумаў аб тым, што гэта нарадзіўся яшчэ адзін, няхай сабе будучы, рабочы чалавек, прадстаўнік яго вялікасці, так сказаць, стваральнік, каваль, будаўнік і гэтак далей.

— Эдуард! — бацька ўжо крычыць.

— Маўчу! Усё! Кропка!

— Маці, у мяне ёсць нервы ці няма? — паварочваецца бацька да маці.— Няўжо я павінен трываць гэта бясконца?

Маці падбягае да сына, хапае яго белай у муцэ рукой за вуха:

— Эдзік, што з табой рабіць? Мяне хоць пашкадуй, калі бацькі...

— Мама, я ж сказаў — кропка! Больш ні слова! Толькі здаецца мне...

Сын не дагаворвае — заходзіць сусед з падносам, на якім стаяць бутэлька балгарскага мускату, шклянкі, на сподачку — парэзаны сыр.

Сусед гаворыць:

— Антаніна Васільеўна, дзядзька Андрэй, Эдзік — прашу прычасціцца! За майго сына! Па грамульцы за яго чатыры тысячы дзвесце грамаў!

— Чатыры тысячы дзвесце? — перапытвае бацька.

— Чатыры дзвесце! І пяцьдзесят чатыры сантыметры росту! Вось які я маладзец!

— Не ты маладзец, а ў цябе маладзец, Ромачка! — выціраючы аб фартух рукі, кажа маці.

— Хлопец як мае быць! Хай расце здаровенькі! — бярэ бацька з падноса чарку.

— Хай жа ўсё будзе добра! — услед за бацькам прыгубляе чарку і маці.

— Шчаслівы чалавек! — сын таксама бярэ ў руку чарку,— Не, Рома, гэта я не пра цябе. Ты, прабач, само сабой малайчына, але шчаслівы чалавек — гэта твой сын. Вартасцей у яго яшчэ нямнога: чатыры тысячы дзвесце грамаў і пяцьдзесят чатыры сантыметры. Але затое — ніводнай заганы. За беззаганнага чалавека, Рома!

— Дзякую, Эдзік! А вы, дзядзька Андрэй, чаго ж недапілі? Канчайце ўжо, канчайце, калі ласка!

— Табе ж, Ромачка, клопату цяпер будзе — о-ёй! — кажа маці.— Яшчэ ж, пэўна, і не куплялі нічога?

— Клопату, Антаніна Васільеўна, шмат, але я не бядую. Толькі што даў тэлеграму: заўтра прыедзе цешча. Усе клопаты яна возьме на сябе.

— Яшчэ раз віншую, сусед,— усміхаецца сын.— Цяпер ты ўрэшце зразумееш, які гэта дарагі, жаданы і незаменны чалавек у хаце — цешча!

— Правільна, Эдзік! Асабліва ж, брат, мая цешча. Што там дарагі і падданы — залаты чалавек! Яна і дагэтуль мяне не крыўдзіла, а цяпер, калі нарадзіўся сын, мой сын, а яе ўнук, яна на руках мяне насіць будзе.

— Ну, а імя ўжо выбралі? — пытае маці.

— Прапановы, Антаніна Васільеўна, былі, але толькі прапановы. Прыедзе цешча, прывязу Нэлу з сынам, тады і будзем думаць. Збяром, так сказаць, сямейную раду.

— Правільна! — падхоплівае сын.— У чалавека ўсё павінна быць прыгожае: і душа, і адзенне, і імя... Гэта, тата, кажу не я. Гэта гаварыў нехта з вялікіх. Так што — не злуйся.

— Клоун ты, Эдзік,— адмахваецца ад яго бацька.

— Не, тата. Клоуны пацяшаюцца з іншых, хоць і здаецца ўсім, што ён пацяшае іх. А я пацяшаюся сам з сябе. Вас жа ўсіх, паверце, я глыбока паважаю і люблю.

— Ну, Эдзік, што за сверб у цябе? — не вытрымлівае і маці.— Праўду бацька кажа: трэба бобу жалезнага наесціся, каб нервы не лопнулі ад тваёй балбатні! Хоць бы во Ромы пастыдаўся.

— Дзядзька Андрэй,— кажа сусед,— а мо яшчэ па адной? Аднаму — грэшна, а сын усё-такі!

— Яно, Рома, як той казаў, ведама,— гаворыць бацька,— першынец, брат, дык дзела такое, што...

— Ну, завёў: яно дзела такое, як той казаў,— перадражнівае яго маці.— Адно ведама: хопіць! Прывет прынялі, і досыць. Будзе нагода яшчэ... А табе, Ромачка, скажу от што. Прыкмета такая ёсць, ну, завядзёнка, значыць. Пакуль сына не пабачыў, замочваць многа нельга. Панюхалі троху, і досыць. Мо і гэтага, на добры лад, не трэба было рабіць.