Выбрать главу

— А калі ж было бачыць, Антаніна Васільеўна? Мо заўтра ўжо ўпільную праз акно!

— Ну, дык і досыць! А ты, бацька, не забывайся таксама: заўтра не на пагулянку, а на работу.

— А што я, Тоня, такога кажу? Хіба я што такое? — кажа бацька.

— А нічога не трэба казаць,— абрывае яго маці і гаворыць да суседа: — Дзякуем, Ромачка! І яшчэ раз віншуем цябе. Ад усяго сэрца! Нэлачцы заўтра будзеш пісаць — перадавай прывітанне. Найбольш хай грудзі беражэ. Каб хаця не застудзілася. Лета — летам, але ж... І не пры Эдзіку будзе сказана — хай сцэджваецца. Малое-то, пэўна, спраўнае, але ўсё роўна. Каб малако ў грудзях не застойвалася.

— Гэтаму яе, маці, навучаць. Калі не ўрачы, дык іншыя кабеты. Будуць жа там і такія, што не ўпершыню.

— Навучаць! Збяруцца такія першародкі, дык навучаць! Хіба ж я не ведаю, не была там! — кажа маці.

— А хай цябе камар паказыча! - рагоча бацька.— Калі ты была там?!

Маці бянтэжыцца, гаворыць да суседа:

— От бачыш, Ромачка, яго ўжо і на жарты пацягнула. Ад адной чаркі.— І ківае на бацьку,— А каб жа яшчэ? Ай, бацька, бацька!

— То дзякую вам,— кажа сусед,— Пайду я. Першая бацькоўская ноч у мяне сёння.

— Яшчэ можаш спаць, Ромачка. Кукаваць пасля давядзецца. А сёння яшчэ можаш спаць,— гаворыць маці.

— Што ж, будзем адсыпацца, Антаніна Васільеўна. Хоць ці засну — не ведаю...

Бацька праводзіць суседа ў калідор. Вяртаючыся ў пакой, кажа:

— Вось Рома па-сапраўднаму і ачалавечыўся. Бач ты — сына займеў!

— А ты ўжо і расплыўся. Ледзь пра чарчыну заікнуўся, дык ты адразу — яно, ведама, не грэх,— перадражнівае яго маці.

— А яно, Тоня, і праўда не грэх. Дзела такое, што без чаркі не прынята,— памяркоўна адказвае бацька.

— А калі яна ў цябе за грэх лічылася? Калі б ні надарылася, заўсёды прычыну знойдзеш, граху не баішся.

Сын нечакана заступаецца за бацьку:

— Мама, ну навошта ж так? Чалавек зайшоў радасцю падзяліцца, а ты...

— Маўчы ўжо ты, гора маё! — маці махае на сына рукой.— Радасцю... Будзе радасці, як вырасце во такім, як ты! Такая ўжо вялікая радасць!

— Тоня, не трэба,— спыняе яе і бацька.— Чаго ж напрасліну казаць? Хай расце на здароўе. Рома — хлопец харошы, талковы, сур'ёзны...

— А божачкі! Што мне да твайго Ромы? Вы, гляджу, ці цеперся грызліся, а то спеліся, ледзь чаркай запахла!

— Мама, я ж толькі што казаў: усіх вас я люблю і шаную,— кажа сын.— І цябе, мамачка!

— Сціхні, балабон! Усё табе смешачкі! — ужо ці не сярдуе маці.

— Калі чалавек упершыню засмяяўся, ён стаў чалавекам, мама,— кажа сын.— А леў і яго таварышы не смяюцца і да гэтага часу!

— Цьфу! Што з вамі гаварыць? Я вунь праз вас вячэры сёння не згатую,— ідзе маці на кухню.

Бацька некаторы час маўчыць, потым кажа:

— Вось так, сынку, мы перашкодзілі маме згатаваць вячэру.

— Перашкодзілі, тата.

— І спеліся з табой вакол Ромавай чаркі.

— Спеліся, тата. Маме трэба верыць.

— Бачыш, ты ўсё разумееш. То, можа, пагамонім, пакуль вячэра паспее?

— Можна і пагаманіць.

— Толькі без выбрыкаў.

— Ты хацеў сказаць — сур'ёзна?

— Ага, сур'ёзна,— бацька сядае ў крэсла.— Ты таксама сядай, у нагах праўды няма.

— Дзякую, тата,— кажа сын і апускаецца на тахту.— Я ўвесь увага.

— А ты без выбрыкаў усё адно не ўмееш!

— Я сур'ёзна, тата. Слухаю цябе.

— Праўду маці кажа — балабон!.. Слухай, сынок. Калі ты школу кідаў, я, помніш, асабліва не ўпіраўся. Хочаш самастойнасці, на свой хлеб пайсці — ідзі, паспрабуй. Пайшоў на завод — ідзі, я не пярэчыў. Ведаў: там благому не навучаць. Ну, а цяпер што?

— А што цяпер?

— Што рабіць думаеш? З аднаго завода ўцёк, з другога... Мо хопіць, сынку?

— Мо і хопіць, тата.— Сын памаўчаў і нечакана спытаў: — А скажы мне, тата... Толькі не думай нічога благога. Скажы мне: раніцаю ты на работу з ахвотай, з радасцю ідзеш?

— А чаму ты пытаешся?

— Проста цікава мне, з якім настроем ідзеш ты раніцаю на работу.

— Не, сынок, ты не прыдурвайся, кажы, што ўдумаў.

— Нічога, тата. Проста — цікава мне.

— Цікава, кажаш? Калі сур'ёзна, сынку, дык — не ведаю. Ніколі не думаў пра гэта. Раней не да таго было, каб думаць, а цяпер... Звычка, сынок. Трэба, значыць, вось і ўстаеш, і ідзеш.

— Ага, звычка! Прывык уставаць раніцаю і ісці на работу... А калі ў мяне такой звычкі няма?

— І ў мяне не заўсёды была. Будзе, пачакай.

— А цяпер няма, і ўсё тут! Што тады?

— Што ты, як дзіця, заладзіў: няма і няма? Разуменне ж павінна быць! Трэба, значыць!

— Ты хочаш сказаць — абавязак?

—Ну а як жа! Што гэта за чалавек, калі ён без работы? Чалавеку без работы нельга!