— Яно ведама, тата. Але ж Генусь той не толькі па чужых садах лазіў. У чатырнаццаць ён ужо з коньмі ў калгасе рабіў.
— Чаму ж не помніць. Работа ў яго руках гарэла!
— Вось пра гэта і я кажу. І свайму пра гэта чаўплю, як Тоня кажа.
— Дык бо Эдзік зломак? Школу ж во не схацеў канчаць, каб толькі на завод хутчэй.
— Каб ведаў, на які завод яму хочацца, дык дзягу б зняў!
— Знімі цяпер! — кажа сын і, пакрыўджаны, ідзе ў спальню.
— Перастань, сынку. Чаго ты на яго так? — пытае дзед.
— Ёсць за што, тата. Гаварылі мы з ім тут. Якраз перад тваім прыходам. Хацеў пагаварыць. Дык хіба з ім пагаворыш? Бацькавы словы ад яго як гарох ад сценкі.
— Ай, ты ўжо, Андрэй, мусіць, дарма. Маладое, зялёнае яшчэ.
— Каб жа дарма, тата!
— Ну, але кінь. Іншым разам дагамоніце. А то ж, бачу, хлопец узвінчаны.
— Рана яму ўзвінчвацца. На маім хлебе сядзіць.
— Кінь, кажу, сынку! Хлеб цяперака такі, што і не паняць, хто на чыім сядзіць. Ён верабей яшчэ, пырх-пырх, а ты спакайнейшым будзь.
— Цяжка, тата, спакойным быць, калі... Ды ладна, не зараз пра тое. Вячэраць будзем.— Бацька ідзе да дзвярэй кухні, прыадчыняе іх, пытае: — Ну што, маці, скора ты? То нясі сюды, на хату. Госць жа ў нас.
— А бо, такі госць! — бянтэжыцца дзед.— Там бы перакусілі.
— Не, тут лацвей будзе. Там і цеснавата, і душна — духоўка доўга грэлася,— кажа бацька і сядае да стала.— Ну, то хваліся, тата, што там у вас новенькага, як мама?
— А, дзякаваць богу, яшчэ тупаем. На галаву толькі матка жаліцца. К вечару кажа, бы цвыркуны там канцэрты ладзяць. Заснуць доўга не можа. Фельчарка нейкага настою прапісала, таблетак розных — дробненькіх такіх, рознакалёрных, дык памагае трошку... А новенькага што ў нас будзе? Жывём памаленьку. Хваліся лепш сам, як вы тут маецеся.
— І ў нас тое самае, тата.
З кухні выходзіць маці, засцілае стол абрусам, пасля зноў ідзе на кухню, прыносіць і ставіць на стол хлебніцу, сподкі, чаркі, закусь.
— І мы ўжо, тата, у такім веку з маці, што нічога новага не можа быць. Жывём вось,— бацька разводзіць рукамі.
— А Люда як? Як яе Росцік, Леська? — пытае дзед.
— Так сабе. Леся восенню ў школку пойдзе. Харошая дзяўчынка. Прыбяжыць сюды, дык столькі нашчабеча — толькі слухай. Вершыкаў, песенак тых столькі ведае, што аж дзіва. Як тое ў галоўцы ўсё ўмяшчаецца! Я ўжо казаў Людзе: мо занадта яе муштруюць, каб не зашкодзіла часам малой.
— А ў мяне з бабай ні разу не была! Іншыя на ўсё лета прывозяць, рады збыць дзіцятка на лета да бабы з дзедам, а Леська — ні разу, ні на адзін дзянёк... А як яны між сабою, Люда і Росцік?
— Жывуць... Так, здаецца, і добра ў іх усё, як збоку паглядзець. Са сваім дзіцем яно, бывае, цяжэй пагаварыць, чым з чужым чалавекам.
Маці, выходзячы з кухні, учула, пэўна, бацькавы словы, спытала:
— Ты пра каго гэта? Пра Люду з Росцікам? Не чапай ужо іх хаця! Эдзіка ўсё пораш, дык мо і вінаваты. А яны — хай людзі пазайздросцяць — добра жывуць.
— Я, Тоня, нічога такога. Тата пытаецца, дык я і кажу: быццам добра ўсё ў іх,— кажа бацька.
— А Людка так нідзе і не робіць? — пытае дзед.
— Дай ты веры! Гэта ж усё не пускае. Аж да плачу даходзіць. Люда рвецца, а ён не пускае. Кажа: жонка павінна быць маткай і гаспадыняй, грошы зарабляць — мужчынскі клопат. Калі жонка, кажа, на работу бегае, дык яна перастае быць маткай для дзіцяці, гаспадыняй у хаце і жонкай для мужа.
— Іш ты яго,— цмокае дзед.— А яно ж, сынку, быццам і праўду кажа, га?
— Ай, тата! Якая там праўда? Гэта ж не даўней. Што ёй рабіць днямі ў чатырох сценах? У печы паліць, свінням варыць, ваду насіць ці грады палоць?
— Яно, сынку, ведама. Гэта ў сяле работа цёнгле. А тут, на ўсім гатовым...
— Люда ж і кажа: як у турме. З кутка ў кут цалюткі дзень сноўдацца...
Маці, завіхаючыся ля стала, перапыняе:
— Я ж прашу, Андрэй, памаўчаў бы. Выйшла за добрага чалавека, дык хай не гнявіць бога. На які ляд ёй тая работа? Што, есці не хапае? Ці голая ходзіць? Хай хаця паносіць усё, што накупляў!
— Дык ніхто ж, Тонечка, як той казаў, нічога такога,— кажа дзед.— Жывуць ладна, то і добра.
— Не, тата, я ведаю, што кажу,— гаворыць маці.— Андрэй усё нешта... Усё яму нешта не тое і не так! А Росцік — пашукаць такога! Самастаяцельны, гарачкі ніколі не порыць, гарэлкі ў рот не бярэ, не тое што іншыя — апратаюцца...
Сын, незаўважна выходзячы са спальні і прысадячваючыся да стала, кажа: