— Канечне, тата, добра,— гаворыць маці.— Нам жа да вас цяжэй выбрацца. То работа гэтая, то што іншае замінае.
— Ці ж мы са старой не разумеем! Таму баба мяне і ганяла: з'ездзі ды з'ездзі! І наказвала, каб хаця пра ўсё распытаў, як вы тут маецеся.
— А што ж у нас, тата, можа здарыцца? Жывём памаленьку. Я ўжо скора на пенсію пайду. Магла і пайсці ўжо, цэх наш лічыцца шкодны, але ж ніяк не рашаюся.
— Мая ж ты Тонечка, ці ж я не ведаю? Я ж, каб ты здарова была, баюся той пенсіі. Як прыйдзе паштарка, пенсію прынясе, дык мне бытта страшна. Заробленыя грошы — адно, а тыя, што па цэтліку прыносяць...
— Тата, ці даўно ты стаў палучаць тыя грошы? Ці ж яны не твае, не заробленыя? — перабівае дзеда бацька.
— Ведаю, сынку, што не ў доўг бяру, што ўжо не аддам іх, а от жа нешта душу вярэдзіць. Як бытта ты ўжо лішні нейкі. На табе, нябожа, і адчапіся!
— Ну што ты, тата!
— Не пра тое я, сынку. Ведаю, што не так сабе прыносяць іх, што заслужыў я тыя рублі, але ж... Прыйдзе паштарка, распішашся ты ў цэтліку, і неяк раптам сумна стане. От, думаеш, і яшчэ адна рата скончылася...
— Яй-бо, тата, нешта я не магу зразумець. Ці чарка ўжо шкодзіць?
— А мой ты сынку, што ж тут не разумець? Чаму, скажы, твая Тоня не хоча на пенсію афармляцца? Лепш штораніцы на завод тэпаць, а толькі б не дома сядзець, чакаць яе, паганую...
— Ну, яно, ведама, тата... Я дык і думаць пра тое баюся. Сын во папракае: усё жыццё праслясарнічаў і ў начальнікі не выбіўся. А вось як падумаю, што некалі давядзецца кінуць гэтае сваё слясарніцтва, дык і душу захалоніць. Цяпер ты чалавек пры дзеле, да справы далучаны, а тады...
— От жа я і кажў, сынку! Мінуць таго нельга, але хай бы яно і не прыходзіла. Бо як спісаны ўсё адно салдат з давольсцвія... А на Эдзіка ты, сынку, дарэмна. Такога ён табе не мог сказаць. А калі па тваіх слядах не схацеў ісці, то што ж тут такога? Можа, і сам ты трошкі вінаваты ў тым.
— Чым жа я вінаваты, тата? Хіба я благому яго вучыў? Хіба ён не бачыў, які мой хлеб?
— І бачыў, і не бачыў. А калі бачыў, дык от, можа, і хочацца лягчэйшага. Мой хлеб, сынку, быў яшчэ цяжэйшы. Дык што ж — мне на цябе за гэта крыўдаваць? Ці табе на мяне?
— Вось ты куды, тата! Не пра лёгкі хлеб я, а пра лёгкія адносіны да жыцця!
— А ён што, Эдзік твой, крадзе, грошы фальшывыя робіць?
— Э-э, тата, ці самае гэта страшнае? Рабочы чалавек для яго ўжо нішто, яму ўжо, бач, сорамна быць простым рабочым.
— А хто ж ён сам, Эдзік твой? Які асэсар?
— Спытай у яго!
— І спытаю. Ану, унучак, кажы дзеду, хто ты такі ёсць?
— Вылюдак, дзеду.
— А калі сур'ёзна?
— Твой унук, дзеду.
— А за ўнукам што?
— Кіньце вы дзяцініцца! — як злуецца маці.— Што гэта на цябе найшло сёння, Андрэй? Звягаеш і звягаеш на хлопца. Пара ўжо і надакучыць.
— Ніхто, маці, не звягае. Крыўднавата мне, Тоня.
— А што ён табе такое сказаў? Хіба няпраўду? Ты слясарыш усё жыццё, дык хочаш, каб і ён? А можа, ён чаго цікавейшага хоча?
— Ты і праўда, сынку, не гарачыся. Маладому — маладое ў галаве. Ты не надта выбіраў работу сваю, а ім цяпер і выбраць можна,— кажа і дзед.
— Але, тата, але,— ківае, бы пагадняецца, бацька.— Яны цяпер аж занадта пераборлівыя. Апрануцца — дык і то не дагадзіць. На танцы ў балетках-брызянтовіках не пойдзе! Ды што — на танцы! На вуліцу не выйдзе! А я — хадзіў. І на вуліцу, і на работу, і ў тэатр нават. Але ж — правільна! Я — хадзіў, а яму — нельга. Час не той. Ну, а кажушок яму вельмі патрэбны быў, калі паліто — па апошняй модзе! — летась пашыў? А куртка японская — не мог без яе абысціся? Бацька кажы ці не кажы, а ён сваё: «Усе ходзяць!»
— Дык жа і ходзяць жа! — гукае дзед.— Анэты Петручковай байстручок прыязджаў. Дык — у капчушку! Як начальнік які. А Эдзік чым горшы?
— Вось і Тоня так разважае: чым горшы? Можа, тата, і не горшы, але — ці лепшы? Байстручок той Анэцін у горад убіўся з сямю класамі, а глядзі — і школу вячэрнюю скончыў, і ў інстытуце вучыцца, і на заводзе ўжо начальнікам участка. Казаў мне, калі неяк разам у Чырвоны Бор ехалі.
— От табе і на! А я і не ведаў! — здзіўляецца дзед.— Дзіва што Анэта хваліцца ім — не нахваліцца! От табе і байстручок, от табе i Засмэрка! Яго ж усё Засмэркам малога дражнілі.
— Вось табе, тата, і не горшы!
Дзед трасе галавой:
— Што ты, сынку, хочаш? Таго бядота, сіроцтва падганяла. Чым яму Анэта магла тады памагчы? Самому трэба была старацца, у людзі выбівацца. На чужога дзядзьку не спадзяюцца.
— Таму і чалавекам стаў Засмэрка. А мой бэйбус...
— Ну, ціха, ціха,— махае дзед рукамі.— Дзіця яшчэ. Пойдзе ў салдаты, пасталее, розуму набярэцца...
— Але, тата, дзіцятка горкае... А дзе не трэба, дык ён самога міністра за пояс заткне. І гэта яму не так, і тое кепска. А скажы што, дык: «Адстаў ты, татачка, ад жыцця, мысліш старымі катэгорыямі...» І словы якія ведае! А што сам зрабіў, каб тое было так, а гэта лепшым стала?