Выбрать главу

— Паспею яшчэ, зраблю,— кажа сын.

— Вось, вось — паспею, зраблю! — перадражнівае бацька.— Колькі вас такіх развялося, што ўсё паспееце, зробіце? Скроні ссівеюць у каторага, а ён — паспею, зраблю яшчэ. Дудкі, даражэнькі, не паспееш, не зробіш!

— Ну, цішэй, не крычы, не на мітынгу,— злуецца відочна маці.— Ідзі лепш адчыні — звоніць нехта. Ці не Рома зноў?

Бацька ўстае, ідзе ў калідор. Чуваць, як ён адмыкае дзверы, як з кімсьці гаворыць.

Неўзабаве ў пакой заходзіць унучка, за ёю — дачка, потым ужо бацька.

— Здрастуйця! — кажа ўнучка.

— Добры вечар! — гаворыць дачка.

Дзед расцвітае:

— А-а-а, хто гэта да нас прыйшоў? Ідзі, ідзі, каза, сюды!

— Я ніякая не каза, а дзевачка Леся!

— Алеся? Такая вялікая? Не можа быць! — здзіўляецца роблена дзед.— Ну, ідзі да мяне, дай дзеду ручку!

— Ты не мой дзед. Во мой дзед! — унучка паказвае на бацьку.

— Правільна! — дзед ужо рагоча.— Гэта твой дзед. А я — другі дзед. Яшчэ большы дзед за гэтага дзеда!

— А двух дзядоў не бывае! — кажа ўнучка і бяжыць да маці: — Здрастуй, бабушка!

— Здрастуй, здрастуй, Лесечка! Да бабы з дзедам прыйшла? От разумніца мая, от малайчына!

— Добры вечар, дзядуля,— падыходзіць да дзеда дачка.— Прыехалі?

— Добра, унучачка, што зайшлі,— дзед падымаецца і цалуе яе ў лоб.— Я ўжо ўспамінаў вас, а вы і на паміне лёгкія. Гэта ж я і цябе даўно не бачыў, а Алеські і саўсім ужо не памятаў.

— Добры вечар, мамачка! — дачка падыходзіць да маці.

— Здарова, дачушка! А чаму ж без Росціка? Дзед во прыехаў.

— Яму часу няма, піша ўсё нешта,— гаворыць дачка.

— Кароль інфармацыі гоніць радкі! — іранізуе сын.

Маці махае на сына рукой, каб той памаўчаў, кажа да дачкі:

— То сядай, вячэрай, пакуль не акалела. А ты, Леська, будзеш есці? Мо катлетку?

— Не хачу!

— То, можа, што другое? Кілбаскі, сыру?

— Не хачу!

— Ну, то ідзі гуляй. Цацкі твае там, у шуфлядцы.

— Харашо, бабушка! — унучка бяжыць у спальню.

— Сядай, Люда, перакусі чаго,— кажа бацька.— Яшчэ ж, пэўна, не вячэралі?

— Дзякуй, тата. Не вельмі і хочацца, хоць і не вячэралі.

— А што маркотная? Ці здарылася што? — зноў кажа бацька.

— Не, тата, усё добра.

— А па-добраму што? — падае голас сын.— У караля інфармацыі сапсавалася «Опціма»?

— Адстань, Эдзька, не да жартаў! — кажа дачка.

— О, штосьці горшае! Няўжо запіў? — назаляецца сын.

— Эдзік, перастань,— кажа бацька.— І не куры тут. На балкон можаш выйсці.

— Слухаюся! — Сын выходзіць было на балкон, але пасля вяртаецца ў хату, прысланяецца да адчыненых балконных дзвярэй.

— А мо і праўда, дачушка, што здарылася? — пытае бацька.— Ты не сядзі склаўшы рукі, укусі чаго. Мы тут і па кроплі ўзялі за дзедаў прыезд. Мо і ты пакаштуеш?

— Не, тата, не магу.

— Ну, то еш тады. Катлеты смачныя, піражкі бяры. Ты ж такія любіш. А не, дык мяска, маці сама смажыла, не з кулінарыі.

— Дзякую, тата,— дачка кладзе на сподак піражок. Кажа да дзеда: — А як вы, дзядуля, як бабка?

— А дзякаваць богу, унучачка. Ківаемся памаленьку. Баба во ўгаварыла да вас пад'ехаць, праведаць, як вы тут. Крыўдзімся мы на вас, Людачка. Ні ты, ні Росцік ніколі да нас не падскочыце. І Алеські ні разу не прывезлі. Ці ж у нас ёй горай было б? І малачко свежанькае заўсёды, і яйка, і з грады што, ягадзіна якая...

— Расціслаў не хоча. Кажа — нашто вам лішні клопат.

— А бо, унучачка, які там клопат? Калі я куды адлучуся, дык баба дома, ля хаты. А то ж радасць якая! Суседзі і то ўжо кажуць: ну, Кузьма, унучка твая паняй вялікай, мусіць, задзелалася, што да дзеда з бабай не паказваецца.

— Вы ўжо скажаце, дзядуля!

— А і праўду кажуць,— кажа маці.— Чым не паня? За добрым чалавекам дык можна і папаняваць!

— Мама! — просіць дачка.

— Ці ж няпраўда, Людачка? Людзі зайздросцяць, от і гавораць.

— Ведама, гэта не абы-які чалавек. Граматны, культурны, не вахлак каторы, якому абы вочы заліць. І грошы ж, мусіць, добрыя мае? — кажа дзед.

— Ды хапае! Чужому ў рот не глядзяць! Па капейцы не адкладвае, каб жонцы якую абнову справіць,— гаворыць маці.

— Мама! — зноў кажа, бы просіць, дачка.

Умешваецца бацька, гаворыць:

— Ты, маці, гэта самае... Абнова — абновай, а... Мы з табой прайшлі век, хоць абноў тых і небагата мелі.

— Памаўчаў бы лепей! — кідае яму маці.— Калі што сама купіла, дык і мела. А за табой целам бы свяціла... А Людачка таго клопату не ведае. Як свята якое ці што, дык Росцік сам здагадаецца, чым жонку парадаваць. І па модзе ўгадае, і па фігуры, і не абы-якую транту, а рэч купіць!