Выбрать главу

Маці, зноў паяўляючыся ля стала, са слязьмі кажа:

— Апомніся, дачушка! Жыць жа трэба! Хоць дзеля Леські!

— Каб жа не Леська!.. А ўсё роўна, мамачка, хлус ён. Адчуваю, нутром чую: усё, што ні гаворыць, усё хлусня. Няма ў яго ні сваіх думак, татачка, ні філасофіі ніякай. Усё вычытанае, усё пачутае, усё пазычанае!

— Чалавек жа ён усё-ткі! — крычыць маці.— І цябе не крыўдзіць, і на рабоце яго паважаюць, а там жа, у рэдакцыі, не дурныя людзі сядзяць!

— Мяне ён, мамачка, не крыўдзіць. Ён не пакрыўдзіць! Каб што нехта падумаў? Ён крыўдзіць не будзе! Ён будзе глядзець мне ў вочы і гаварыць: «Ты павінна мне быць удзячна ўжо толькі за тое, што жывеш у дастатку і ні аб чым не маеш клопатаў, я маю права разлічваць за гэта калі не на тваю любоў, дык хаця б на павагу...» Ён мае права разлічваць на маю павагу...

— Я, дзеткі, нешта не магу зразумець, пра што вы,— кажа маўчаўшы дасюль дзед.— Нешта ніяк не дапетру.

— Дапетрыць, тата, тут нялёгка,— уздыхае бацька.

— Што тут не разумець? Плюнь ты, Людка, на яго, і ўсё тут! — гучна гаворыць сын.

— Ручніком вось гэтым зараз рот табе заткну! — замахваецца на яго маці.

— Ты, унучак, памаўчы,— кажа дзед.— Плюнуць — яно лёгка, але ж... І собіла ж мне якраз у такую хвіліну пад'ехаць!

— Ну, чаго ты, тата? — кажа маці.— З кім не бывае? Ну, пасварыліся, не паладзілі між сабою, дык і што?

— Не сварыліся мы, мама,— падымае галаву дачка.

— А не сварыліся, дык чаго ты? Не трэба і табе, дачушка, такой разумнай быць! Не тое сказаў, не так паглядзеў!.. Тваё дзела — бабскае. Іншы жонку на порхаўку саб'е — і нічога, і жывуць. А Росцік твой цябе калі пальцам крануў? Не! І не кране! Не такі ён чалавек. А калі што, дык — саступі. Усё ж ён галава ў хаце. І гаспадар і бацька!

— Не кажы, Тонечка! Надыдзь часу слова балючай раніць, чым пасак той,— кажа дзед.

— Памаўчалі б вы, тата! — агрызаецца маці.— Забыліся, як вы бабку пад п'яную руку гладзілі, як да суседзяў уцякала?!

— Тоня, не нясі лухты! — узвышае голас і бацька.— Здаецца ж, і баба не дурная, а таксама... Сядзь і памаўчы!.. І што думаеш рабіць, дачушка?

— Не ведаю, тата.

— Людка, зануда ён! Я даўно яго раскусіў! Паплывеш яшчэ — затнешся! Закон жа на тваім баку. І кватэра, і...

Бацька абрывае сына:

— Эдуард! — Памаўчаўшы, дадае, звяртаючыся да дачкі: — Я таксама не ведаю, дачушка. Калі што, дык, гэта самае, месца хопіць.

— Што ты гаворыш, Андрэй?! — маці зноў пускае слязу.

— Дзякую, тата,— шэпча дачка.— Пайду я, мусіць.

— Куды, чаго? Зайшла, дык пасядзі! — кажа бацька.

— Пасядзі, не спяшайся, дачушка,— падхопліваецца і маці.— І так рэдка заходзіш, а то зайшла і ўжо бяжыш. Леська вунь загулялася, дзякаваць богу.

— Не, мама, пайду. Бо зараз і ён сюды прыбяжыць. Я ж ведаю.

— То і добра, дачушка. Пасядзіць во з мужчынамі, пагамоніць. Сядзі ўжо!

— Але, пасядзі, дзіцятка. Не ў каго ж, а ў бацькавай хаце,— кажа дзед. І ўздыхае: — От бо яно цёнгле так. Адкуль ліха не чакаеш, адтуль яно прыходзіць. Я не пра Люду... Гэта ж ехала са мной Алена Каршакова. Да сына, да Аркадзя. Дык расказвала... Было ў Аркадзя дзве дачкі. Рашыўся замахнуцца на трэцяга. Усё на хлопца спадзяваўся. Ажно, дай ты рады, зноў дачка. І не адна, а дзве. Дык у Аркадзя, казала Алена, ледзь параліч не быў. У раддом не пайшоў. Так угневаўся на жонку! Суседкі і падружкі па рабоце бегалі парадзіху праведаць, а ён не пайшоў.

— Але ж і пашанцавала чалавеку,— падтрымлівае гаворку маці.

— Добрае шанцаванне! — ухмыляецца сын.

— Ды ўжо ж! Алена расказвала і бедавала: хаця б усё добра было ў іх. Аркадзя, казала, унурыўся: не яго блізняты. Кажа: у нашым родзе блізнят ні ў кога не было. А і сталы чалавек ужо, і не пустамалотак які.

— Яно, ведама, усё так, але і паспачуваць чалавеку можна,— кажа, як пасміхваецца, бацька.

— А божачкі мае — паспачуваць! Што, у яго калекі панароджваліся? — абураецца маці.

— От, бачыш, не была б жанчына! — гаворыць бацька.— Сына чалавек хацеў. Разумееш, мара такая была. А тут — няма і няма. Рашыўся мо ў апошні раз. Як кажуць, пан ці прапаў. І на табе — дачка! Мара лопнула, от што галоўнае.

— Дык жа за сваіх не прызнае,— пярэчыць маці.

— Гэта няйначай з гарачкі,— кажа бацька.

— Я дык і другое хацеў сказаць. У горадзе ды чацвёра дзяцей! Цяперака і ў сяле не надта знойдзеш на столькі. Перавяліся такія смельчакі,— гаворыць дзед.

— Электрычнасць, дзеду, і ў сяле ёсць,— смяецца Эдзік.

— Не зубаскаль, замалады яшчэ! — папікае яго маці.