Выбрать главу

— І я, тата, пра тое ж. Выходзіла тады, дык спытаў: «Ці любіш хаця, дачушка?» А яна: «Вельмі, татачка!» Вось табе і вельмі...

— Дзявочае, сынку. Чымсьці спадабаўся, кінуўся ў вочы. Вось і падумала, убіла сабе ў галаву, што назаўсёды... Нейкі ж ён і праўда... Бытта і шчыра што кажа, а нешта як не тое... Мне, сынку, падумалася, ці добра ў яго на рабоце ўсё? Ну, ці палучаецца ў яго тая пісаніна? Нейкі ж бо ён злы, бытта пакрыўджаны на ўсіх.

— Хто яго ведае. Так-то піша, друкуецца. Газету мы выпісваем...

— І цябе во Андрэем Кузьмічом кліча, і Тоню...

— Па-інтэлігентнаму, тата.

— А колікі яму з інтэлігетнасцю гэтакай! Спрадвеку ў народзе зяць цёшчу маткай кліча, а цесця — бацькам!

— Не было б горшай бяды, тата.

— А бо! Але ж гэта ўсё адно к аднаму складваецца. Гэта ж не так сабе, усё ад натуры ідзе.

— Пэўна ж!

— Сумнавата Людачцы з ім. Але ж, можа, як той казаў, перамелецца?

— Наўрад, тата.

Дзед маўчыць. Дзед засмучаны. Вось табе і прыехаў, вось табе і парадаваўся!..

Дармо, што казаў, быццам сюды яго баба выпхнула. Калі папраўдзе, дык гэта ён сам не адзін тыдзень дудзеў бабе, што трэба з'ездзіць да сына. І ў ягады яе ўчора ці не сілком выправіў, памеркаваўшы, што як прынясе ягад, дык ён паедзе пэўна ўжо, не адкладзе, як не раз перад тым, сваю паездку на потым.

Дзед любіў прыязджаць да сына. І тады, калі прычына была, і без асаблівай прычыны, калі, бывала, Андрэй доўга не агукаўся ні пісьмом, ні паштоўкай,— тады ён ехаў проста ў адведкі.

Памятае ён усе свае паездкі ў горад. Памятае, як ехаў на сынава вяселле. І як паклікала яго ў дарогу іншая радасная вестка — нарадзілася Люда, унучачка. І тады, калі яны ўжо ўтраіх — Андрэй, Тоня і малая Люда — перабіраліся з чужога кутка ў сваю, вось гэтую хату. І калі Людка выходзіла замуж. І апошнюю, нядаўнюю, перадмайскую паездку ў горад, калі старая выправіла яго купіць шпалеры.

І кожны раз, бываючы тут, дзед радаваўся за сына і ўнукаў, і вёз гэтую радасць дахаты, старой, каб і яна ўсцешылася, што ў сына ўсё добра, не горш, чым у людзей.

А чаму было і не радавацца? Заўсёды ў Андрэя ў хаце панаваў лад і парадак.

Раней, напачатку, цешыла дзеда хоць бы тое, што вельмі ж ласкава, як галубкі, гамоняць між сабою Андрэй і Тоня, што з вялікай цеплынёй і паразумеласцю зіркаюць адно на аднаго. Прыедзе дзед, паглядзіць на іх, паслухае, і так яму хораша на душы зробіцца, што, грэшна і смешна казаць, ажно пазайздросціць сыну, і са светлаю скрухаю падумае аб тым, што ў яго са старою нічога гэтага нібы і не было, і знячэўку засмуціцца быццам, і зазлуецца на сына: у каго ж гэта ён, каб хто сказаў, удаўся такі, што так дагаджае жонцы, і ці ж дабром хаця ўсё гэта скончыцца, і ці не абернецца гэта тым, што Тоня возьме верх над ім?!

Ліха яго ведае, чаму да яго прыходзілі часам такія думкі. Можа, таму, што сам ён і праўда не ведаў, мусіць, гэтакай зайздроснай цеплыні, гэтакай шчырай паразумеласці з жонкаю. Ажаніў яго бацька, ажаніў, не пытаючыся, хоча ён ці не хоча браць Марылю. Пэўна, і Марыля ішла за яго таксама без ахвоты. Вось так, без замілавання, яны пабраліся, без пяшчоты жыць пачалі, так і жыццё, можна сказаць, зжылі, хоць і не сварыліся надта, неяк пакрысе прыцёршыся, прызвычаіўшыся, навучыўшыся не толькі не абражаць, але і шанаваць, нават шкадаваць, па-свойму любіць і аберагаць адно аднаго.

Зрэшты, не так часта і думаў ён пра гэта. Упершыню варухнулася гэтая думка шкадавання ў душы тут, у сына, абуджаная сынавым шчасцем, але як нечакана варухнулася, так нечакана і збегла ад яго, бо гады ягоныя ўжо былі не тыя — старэчыя, можна сказаць, гады.

А пасля і ў Андрэя з Тоняй усё тое неяк аціхла, адышло, прыхавалася, адцесненае будзённымі клопатамі, жыццёвымі турботамі, і дзед, прыязджаючы да сына, радаваўся ўжо таму, што сам ён, жонка і дзеці здаровыя, што жывуць яны ў дастатку, жывуць неяк надзейна, нібы не ў горадзе, на скупаватыя рублі, а ў вёсцы, пры сваім гародзе і жыўнасці. Радаваўся, па-старэчы больш кантактуючыся і гамонячы з унукам і ўнучкаю, чым з сынам і нявесткаю.

Сёння ён выправіўся да сына быццам проста ў адведкі, аднак жа меў у душы і адну думку-спадзяванку. Яна, гэтая думка, паклікала яго ў дарогу. Ехаў і ўсё меркаваў, як падступіцца з ёю да сына,— адразу, без падрыхтоўкі, ці мо спакваля, выведаўшы спачатку сынавы настроі і планы?

Гэта ж памерла нядаўна, з месяц назад, Міхаліна Каспяровічава. Ён і старая яго правялі набожчыцу на могілкі, пасля пасядзелі з людзьмі за жалобным сталом. А як дахаты ішлі, старая знячэўку вазьмі ды скажы: «Гэта ж і нам хутка збірацца...» Ён не збаяўся тых слоў, спакойна адказаў: «А ўжо ж, не вечныя ж...», а сам нечакана падумаў пра тое, што ж будзе з хатаю, з усёй сядзібаю, калі яны са старою выправяцца туды, куды сёння паехала Міхаліна. Яно і праўда, што ж будзе? Ну, год-другі Андрэй з Тоняй будуць прыязджаць, мо нават вясной пасадзяць адну-другую граду. А пасля? А пасля ўсё будзе пакрысе дзічэць і глушэць, паціху гніць, тлець і валіцца долу — і хата, і пуня, і хлеў, і паветка, і склеп на гародзе, і платы наўкруг сядзібы; укаржанеюць, здзічэюць і ўсохнуць яблыні, забуяе крапівай, чарнобылем і дзядоўнікам гарод, прападуць на ўзмежках вішні, кусты парэчак і агрэсту... А ён жа столькі сілы ўклаў ва ўсё гэта! Яшчэ ж зусім нядаўна, шэсць гадоў назад, даў хаце новы подруб, цэментаваны падмурак, уставіў новыя вокны і дзверы, накрыў шыферам, вымайстраваў веранду — стаяць хаце яшчэ і стаяць; пуню і хлеў таксама пакрыў шыферам, вымураваў склеп, выкінуўшы струхлелы драўляны зруб, паставіў цэментавыя слупкі, каб не мяняць плот праз кожныя тры-чатыры гады. Навошта ён рабіў усё гэта? Сам са старой мог бы дажыць веку і так, без лішніх турбот. Каб жа гэта яшчэ вёска была інакшая, што перспектыўнымі завуць, дык мо купіў бы ўсё гэта добры чалавек і жыў, а то ж... Каму спатрэбіцца яго хата, калі вунь колькі пустуе ўжо, гібее сіротамі?