Выбрать главу

Стары калодзеж быў паўнюсенькі — з берагамі. Вада — чорная, бяздонная, з рудымі масляністымі пацёкамі поверху. Па ёй бегалі-мітусіліся чорна-бліскучыя жучкі. Нам вельмі карцела даведацца, атручаны ён ці не. Але як? Толік даўмеўся праверыць гэта на жабе. Ён умудрыўся злавіць вялікую зялёнуіо рапуху i ўкінуў яе ў ваду. Жаба няўклюдна выбралася на другі бераг. Мы зноў спіхнулі яе ў калодзеж — жаба зноў вылезла. Некалькі разоў мы спіхвалі жабу ў ваду. Нарэшце Толік заявіў:

— Ага, я ж казаў, што не атручаны. Жаба во набралася вады, аж раздуло яе, а хоць бы хны. Давай нап'ёмся.

Але піць мы не сталі: i не хацелася, i не было як падступіцца да вады — бераг быў сыры, балоцісты, непрыступны, нельга было не толькі прылегчы, але i апусціцца на калені. А тут яшчэ Толік успомніў, што перад блакадай ён закапаў пад сасной некалькі кавалкаў слюды. Неяк старэйшыя хлопцы хадзілі на Падлужжа, дзе ўпаў фашысцкі самалёт, i прынеслі адтуль шмат розных цацак i слюды. Увечары мы запальвалі кавалкі гэтага гаручага шкла i насіліся з сіненькімі агеньчыкамі па лесе. Таму цяпер, калі Толік успомніў пра свой клад, мы адразу забыліся i на стары калодзеж, i на тоўстую зялёную рапуху. От здорава будзе, калі знойдзем! Нікому не скажам, пакуль не ацямнее. А тады...

Але апаролі мы пясок, пэўна, вакол пяці сосен, ды слюды не знайшлі. Я ўжо злавацца пачаў на Толіка — мусіць, выдумляе ён усё, ніякай слюды ён не хаваў, можа, у яго i зусім яе не было, але Толік бажыўся, што закопваў, i гробся ў пяску яшчэ старанней.

Мы перайшлі да шостай сасны, як раптам пачулі крык. Паднялі галовы — па сцежцы з боку вёскі бегла цётка Волька, бегла, колькі сіл мела, аж матлялася, i крычала:

— Людцы, ратуйцеся! Немцы-ы!

Цётка Юстына таўханула нагой кацёл. Вочапка сарвалася, ён асунуўся на вогнішча i перакуліўся. Вогнішча затрашчала, зашыпела, задыміла густа i смярдзюча...

Апомніўся я ўжо тады, калі бег поруч з маці, якая трымала мяне за руку. Побач бег Толік з маткай, цётка Волька з Пецькам Рабатым, з вялізным хатулём на плячы чвякаў босымі нагамі па гразкай балотнай сцежцы дзядзька Тодар. Беглі ўсе. Беглі туды, адкуль прыйшлі некалькі гадзін назад — туды, дзе па пояс у вадзе пераседжвалі блакаду.

Ці доўга мы беглі, я не памятаю. Памятаю толькі цяжкае дыханне маці (у яе за спіной быў ладнаваты клунак, а на руках трохгадовы Сашка, мой меншы брат), глухое звяканне трох лыжак i дзвюх медных конавак у хатульку, якія я трымаў у руцэ, а яшчэ памятаю, як дзядзька Тодар усё паўтараў на бягу:

— Нам бы, бабы, толькі да пунькі Хвэлькавай... Толькі б да пунькі... Далей яны не палезуць...

А потым мы зусім нечакана i вельмі ўжо блізка пачулі стрэл. Праз мінуту прагрымеў другі, пасля трэці. Усе пападалі долу, проста на хлюпатную балотную сцежку. I тады пачулі знаёмы жаночы голас:

— Стойце! Куды вы прэцеся. Стой, такую вашу маць!

А яшчэ праз хвіліну, з-за елак выскачыў конь. На кані мы ўбачылі цётку Паліну, жонку камандзіра партызанскага атрада. Перад блакадай атрад пайшоў на поўнач, на злучэнне з іншымі атрадамі (так тлумачыў нашым маткам дзядзька Тодар), а цётка Паліна засталася разам з намі, з бабамі i дзецьмі. Учора ўвечары яна некуды знікла, а от цяпер сядзела перад намі на кані. Валасы ў яе былі раскудлачаны, у руцэ быў пісталет, а рот смяяўся.

— Бабы! Тодар! Адурэлі вы, ці што? Нашы ж прыйшлі! Чуеце, нашы! Чырвоныя ў Карпілаўцы!

Яна ўзмахнула рукой, бабахнула з пісталета — аж спудзіўся, ледзь не ўпаў на калені конь,— закрычала:

— Ура, бабы!

Першай апрытомнела цётка Юстына. Яна паднялася, абцягнула мокрую, усю ў балотнай твані спадніцу, закінула за спіну клунак. Колькі хвілін яна тапталася на сцежцы, пераступаючы з нагі на нагу. А потым шмякнула аб мох клункам, успляснула рукамі i, закрычаўшы нешта незразумелае, кінулася па сцежцы назад. За ёю сарваліся з месца ўсе.

Я вырваў руку з матчынай. Поруч са мной апынуўся Толік. I мы панесліся па сцежцы, распырскваючы твань — адкуль толькі сілы ўзялося. Мы імчаліся i колькі моцы было крычалі:

— Ура! Нашы прыйшлі! Нашы! Ура-а-а!

Беглі мы аж да дарогі, што вяла з лесу ў вёску — пакуль духу хапіла. Тут мы на хвіліну прыпыніліся — аддыхацца. I тут жа вырашылі, што пойдзем не па дарозе, а па сцежцы, што вілася ўздоўж рэчкі — так будзе бліжэй. A галоўнае — сцежка выходзіла якраз на скрыжаванне, дзе i павінны быць «нашы».