Выбрать главу

Ачомалася Гануля ад думак, учуўшы ў першай хаце галасы. Прыслухалася — Соньку пазнала. Значыцца, схадзіў Кастусь, наказаў. Хацела падняцца, каб хоць валасы троху прыгладзіць, а фельчарка ўжо і тут, у яе баковачцы-закутку.

— Што, цётка, зноў пагорала? — ставячы на табурэтку свой чамаданчык, спытала Сонька.

— А не кажы, дзіцятка! Думала ўжо, што на вясну выйду, аж во нешта сціснула, дыхнуць не дае, млявасць нейкая,— адказала Гануля і памкнулася сесці.

— Ляжыце, цётка, ляжыце.— Дзяўчына таропка расчыніла чамаданчык, прысела на ўскраек ложка.— Зараз паслухаем вас, ціск змераем, паглядзім, што з вамі такое...

Як і тады, тым разам, паслухала яе фельчарка са спіны, потым да грудзей доўга прыстаўляла сваю трубачку, зноў руку шорсткай анучкай сціскала. Урэшце выпрасталася фельчарка, паднялася.

— Што ж вам сказаць, цётачка? У лёгкіх як бы і нічога няма. Хрыпы трошкі праслухоўваюцца, праўда, але не надта. Мо тую сваю прастуду не вылежалі. А вось сэрца ў вас слабенькае. І ціск павышаны. Але ж то не страшна, Сонька нясмела, бы вінавата, усміхалася.— Абы не хваляваліся. Паляжыце спакойненька, адпачніце, дык і палепшае. З сэрцам вам у бальніцу добра было б паказацца, каб праверыць як след...

Гануля, не даслухаўшы, замахала рукамі:

— А бо, дзіцятка! Не хапала таго, каб яшчэ і ў бальніцу! Куды мне, старой, па бальніцах цягацца? Во паляжу, як кажаш, дык, калі не пара, і ачуняю.

Сонька зноў усміхнулася:

— Ачуняеце, цётачка, ачуняеце!.. Толькі вы ўжо не рабіце нічога. Не падымайце чаго, не нагінайцеся... Самае лепшае лякарства — паляжаць вам трэба...

Зоня, што ўвесь час стаяла ля грубкі моўчкі, азвалася — не то да маці, не то да Сонькі:

— Ці ж яна ўлежыць?! Сыду з хаты, дык і яна ўсцягнецца. Быццам я ўлад тут не дагледжу чаго!

— Ай, дачушка, не кажы абы-што. Памру, дык тады наляжуся,— Гануля адмахнулася ад даччыных слоў, а сама як усміхнулася Соньцы.

— Што пра тое думаць, цётачка? Паправіцца трэба... Я тут вам таблетак прынесла, перад ядой будзеце глытаць па адной, мікстуру — каб дыхалася лягчэй,— казала Сонька, збіраючы свае прычындалы.

Адыходзячы, яшчэ раз азірнулася на Ганулю, сказала:

— Папраўляйцеся, цётка!

— Дзякую, дзіцятка! Мне ўжо, здаецца, палягчэла...

Ёй і праўда быццам палягчэла, і калі Зоня спытала, ці будзе яна снедаць, Гануля ўжо зусім бадзёра сказала:

— Пасля, дачушка. Ты не турбуйся, я і сама потым што-небудзь знайду. А ты ідзі снедай, каб не бегчы на вуліцу з кусаном у роце, як паклічуць на работу. А Кастусь дзе?

— Адкуль я ведаю, дзе твой Кастусь? Як пайшоў, дык і няма. Мо ўжо хлебча дзе! — Зоня, матлянуўшы фіранкай, што аддзяляла баковачку ад хаты, выйшла.

Гануля не пакрыўдзілася. Прывыкла ўжо, што не мірацца між сабою Зоня з Кастусём. Брат і сястра родныя, а грызуцца каторы год. Напачатку і сарамаціла іх Гануля, і сварылася на іх, а пасля абрыдла ўсчынаць гаворку пра адно і тое ж. Ды і стамілася. Не пераробіць яна ўжо нічога. І сілы на тое няма, і яны ўжо не тыя, каб пераробліваць — сівеюць абое ўжо. Не даў бог лёсу яе дзецям. Як праклён чыйсьці. І не зломкі, і не калекі, а вось жа не собіла ні Кастусю, ні Зоні сям'і завесці. А яна ж, Гануля, два вякі жыць не будзе. Памрэ во заўтра — як яны будуць у хаце, хто разбароніць?

Пра Кастуся дык яна меней чамусьці непакоілася. І сама не ведае чаму, але неяк не так ёй балела тое, што ён і першым годам, як з вайны вярнуўся пакалечаны, і другім, і трэцім усё ніяк сабе пары не падабраў. Хварэў тады Кастусь, на галаву штодня жаліўся, казаў, што баліць надта пасля кантузіі. Але ж — піць пачаў. Спярша, праўда, не надта. Усё казаў: «Мамачка, не злуйся, галаву трошкі падлячыў. Як вып'ю, дык тады не так баліць, адпускае...» Па кроплі-другой, здаецца, і браў, а — уцягнуўся. Цяпер жа і зусім без яе не можа. Як капейчына якая завядзецца, дык усё — на пахмелку. Пенсію сваю спусціць, а потым да Зоні прыстае: дай рубля! У хаце ўжо даўно галавою дачка, у яе і грошы ўсе, і схованкі, ды Зоня не надта і дасць. Ды яшчэ не прамаўчыць, а агрызнецца, апівохам абзаве яго... Дык Кастусь — біцца кінецца. Як яна, Гануля, дома, дык разніме. А калі няма, дык Зоні і перападзе кухталёў.

Раней дык хоць пад настрой магла даць таго рубля, а цяпер — нізавошта, ніколі.

З Зоняй каторы год не гаворыць Кастусь. Як бы яе і ў хаце няма. Нават і тады, калі цвярозы. А ёй, Ганулі, Кастуся дык шкода. Кепска, вядома, што гарэлка яго так засмактала, праз яе ж, пэўна, і сям'ёй не абзавёўся, і ў людзей пашаны не займеў — смаркачы і тыя не дзядзькам завуць, а ўсё Кастусь ды Кастусь, як бы ён ім роўня. Але ж розумам, а найперш сэрцам адчувала Гануля: душа ў Кастуся добрая. Лепшая, чым у Зоні. Дачка на матку і вызверыцца можа, і благое што сказаць, а Кастусь — ніколі, нават калі ледзьве дахаты дапляцецца. Наадварот: як п'яны, дык усё мамачка ды матулька...