— А не, Рытачка! Тое само сабой, не ўцячэ ад нас, а трэба нешта гарачае згатаваць. Мо дранікаў напячом?
— Ой, мама, нашто лішні клопат? Нанач наядацца... Бульбы зварыце. Я пару селядцоў прывезла.
— Ну, калі так... Я зараз прынясу, наабіраю, керагаз запалю.
— Я сама наабіраю, вы толькі прынясіце. А самі што іншае зрабіце па гаспадарцы,— Рыта паднялася.
— Сядзі от! Якая тут гаспадарка? Карова прыйдзе з поля, дык падаіць. А цяперака толькі курам ды парасяці даць. Дык усё ж гатова, замяшаць толькі. Хіба во толькі Валерык Аркадзеў пад'едзе. Маніўся пад'ехаць, але ж хто яго ведае... А ты сядзі, кажу, з малой во забаўляйся.
— Ну што вы, мама, усё сядзі ды сядзі! І насядзелася, і наляжалася. Пакуль вы бульбы прынясеце, дык я пайду вады схаджу. Але я без каромысла. Не ўмею. Як на плячо бяру, дык паўвядра выплеснецца.
Пакуль Тацяна схадзіла ў варыўню, навыбірала лепшай бульбы, бо парасла — ажно па сцяне папаўзлі хрусткія белыя парасткі, Рыта збегала да студні разы са тры, пэўна, бо і абодва вядры былі поўныя, і тазік у сенцах, у якім яна, Тацяна, лушпайкі трымае, і начоўкі за сенцамі, і нават карыта ля ганка — курам піць. Хоць студня і блізенька, за Шулячышынай хатай, але ж праўду кажуць бабы — агонь-маладзіца!
Села Рыта бульбу абіраць, а яна ў сенцы выйшла — курам і парасяці замяшала, пасля па гнёздах палазіла, яйкі сабрала. Вярнулася ў хату, прысела на ўслонік напроці нявесткі.
— От і па гаспадарцы... І ты ўжо канчай, досыць будзе,— сказала да Рыты.— А я пайду керагаз запалю.
Ажно тут з вуліцы гукнуў Валерык Аркадзеў:
— Цётка, вароты адчыняйце!
Яна ледзь не падскочыла на ўслоне:
— Яй-бо, прыехаў!.. Дык я, Рытачка, пабягу, павадзіць коней трэба, з паркай у садку не павернецца, а ты ўжо тут сама. Я ж там не доўга...— Памкнулася ў сенцы, ды з парога вярнулася.— Грошы ж трэба ўзяць...
Пакорпалася ў шуфлядцы, знайшла траяк, піхнула яго ў кішэню пінжака і пабегла з хаты.
А на вуліцы ўжо Шулячыха каля хлопца Аркадзевага круціцца. Яна, Тацяна, яшчэ з ганка пачула, як тая бобам рассыпалася перад Валерыкам:
— А можа, Валерычак, мне спачатку? Во, і ехаць нікуды не трэба, адразу за парканам...
Пачула і не стрывала:
— Ну як табе не брыдка, Кацярына? Ужо табе і спачатку трэба! Схадзіць папрасіць паленавалася, а тутака ты смелая, ужо і раскамандавалася... Заязджай, Валерык! — адцягнула ўбок варотцы.
І ўсцешылася, калі хлопец Шулячыху адшыў:
— Вам, цётка, і зусім не абганю сёння. Замарыўся ўжо. Сёмую бульбу абганяю. І коні галодныя.
— Што ты кажаш, Валерычак! Дзіцятка, ужо як-небудзь, адным заходам. Колькі тае бульбы ў мяне.
— Ладна! Калі ўпраўлюся.
— А бо! Сонца яшчэ вундзека! Я і адыходзіцца нікуды не буду. Чуеш, дзіцятка?
Валерык ужо заяздянаў у яе, Тацянін, гарод.
Хадзіла яна пульхнымі барознамі, якія прыемна студзілі босыя ногі, тузалася з коньмі — яны і праўда згаладаліся, бо і зацугляныя хапалі на поўніцу то бульбоўнік, то траву з узмежка, і на Шулячыху злавалася. Тады прысунулася, дык хоць ты да раны прыкладзі: «А можа, як-небудзь, Танька, і я пасля абганю...», а цяпер ёй ужо і раней трэба. Але дзе ты з гэтым Валеркам будзеш думаць пра што іншае? Такі ўжо хлопец — кроку не ступіць моўчкі. Гаваркі, як дзед каторы! Не паспеў і баразны прагнаць, а ўжо гукнуў да яе:
— Хто вам садзіў, цётка?
— Данік Алёнчын. А што?
— Вузкавата троху.
— А хто ж яго ведае. Яно, здацца, і праўда на дзве баразны болей сяголета, чым заўсягды. А хіба зашкодзіць?
— Не, не збуяла ж. Але плужок на руках трымаць трэба, бо на ўсю не запусціш.
— Табе ж відней, дзіцятка.
— А ў Рыты што, водпуск? — зноў спытаў неўспадзеўкі.
— Не, проста так прыехала,— адказала яна і спахапілася.— А можа, і водпуск. Я ж дык і не папыталася. А што?
— Нічога. Гэта я таму, што сярод тыдня. А Алёшка ў пятніцу прыедзе?
— Пэўне ж.
— А хату яны ўжо маюць ці ў падсуседзях усё яшчэ?
— Дзе ж ты бачыў! Чакаюць усё.
— Як палучаць, дык і вы, цётка, у Мінск?
— Што мне, старой, там рабіць? Мне і тут добра.
— А колькі, цётка, Алёшка палучае? — не сунімаўся Валерык.
— Хто ж яго ведае, Валерка. Неяк раней пыталася, дык казаў, што і па сто пяцьдзесят каторы месяц выходзіць.— Казала тое ўжо з невялікай ахвотай. Каб пра што іншае гаманіў Валерык, а то ж...
— Ха, сто пяцьдзесят! Такія грошы і тут можна зарабляць! А скажыце, цётка, чаму ён гультай такі, ваш Алёшка? Што, не мог прыехаць і абагнаць гэтую бульбу? А то — Данік садзіў, я — абганяю...