Прамаўчала яна. Хацела сказаць, як і заўсёды казала, калі хто пытаўся, чаму Алёшка не пасабляе ёй па гаспадарцы,— а чым ён можа пасабіць, хто яго паслухае, хто яму таго каня дасць? — хацела тое сказаць, ды прамаўчала. Яно ж і праўда: Алёшка ніколі не меў клопату аб тым, каб памагчы маці, як іншыя дзеці, што таксама ў горадзе. Іншыя прыедуць да маці, дык толькі і стараюцца, каб што зрабіць. Во, Валодзьку Шулячышынага вазьмі. Каб не ён, дык што тая Шлёпіха і рабіла б! І так часта прыязджае, а як водпуск, дык цалюткі месяц штолета ў маткі. І дроў навозіць, і сена накосіць. Дроў дык, пэўна, на гадоў пяць назапасіў. Ды што казаць! У Параскі вунь зяць, а й то не раўня Алёшку. Амаль штотыдзень прыязджае, не саромеецца і гной выкінуць, і пакасіць схадзіць. А кажуць жа, што і не просты чалавек, вучоны... Ну, няхай яму лацвей, таму Парасчынаму зяцю, у яго свой легкавічок, але ж ездзяць неяк і іншыя, не ўсе ж машыны маюць. Алёшка во з матацыклам цяпер, а ўсё роўна. Не, ён, адчувала, не рваўся дадому і раней, і цяпер. Бывала, па месяцу і на болей не прыязджаў. Яна дык і не наракала. Маладому маладое ў галаве. Адрабіў на заводзе, дык і пагуляць хочацца. Прыехаў, зрабіў што — добра, не зрабіў — такой бяды, сама не зломак. Яно, вядома, перад людзьмі і нялоўка часам было. Як жа: свой мужчына ў хаце, а йдзе да таго ж Даніка Алёнчынага, каб гарод узараць. Але ж, падумаўшы, дык яно так і не так. Ён жа не дома — у Мінску! А прыездзе адведаць матку, дык і на тым дзякуй, на матку не забываецца. Не, не такі ўжо і благі яе Алёшка! Памагаў ці не памагаў — каму які клопат? Ёй тая помач яшчэ не надта і трэба. Знядошліцца — хай тады памагае. Тады як сабе хоча: ці тут хай матку глядзіць, каб не акалела адна, ці хай у той Мінск забірае. А пакуль яна сама сабе гаспадыня. Ці ж яна не бачыць, што Алёшку яшчэ і яе падмога патрэбна? Ці яблык той, ці скварка — каму ж яшчэ, як не Алёшку? Часам і капейку дасць. У горадзе, вядома, большы расход... Ат, няма чаго і думаць пра тое. Людзі часам абы-што звягаюць, і Валерык гэты таксама. Смаркач яшчэ, каб яе Алёшку бэсціць...
— Усё, цётка! — сказаў, атрасаючы плужок, Валерык.— Паеду, абганю яшчэ і Каці, ліха з ім!
— Дзякую, Валерык,— толькі сказала, спахапіўшыся. Згадала, што ў кішэню траяк узяла, гукнула: — Чакай жа, вазьмі во на кіно ці яшчэ на што.
— Ай, што вы, цётка! — хлопец адвярнуўся, сцебануў коней.
— Вазьмі, кажу! — яна дагнала яго і ледзь не сілком піхнула яму ў кішэню пакамечаную паперку.
Валерык усміхнуўся неяк загадкава, зноў замахнуўся пужкай:
— Ай, цётка, выдумляеце!
— Едзь, едзь,— сказала ўжо ці не са злосцю, быццам прамовіўшы сама сабе: бяры і не балабонь абы-чаго!
Пайшла ўслед за ім, зачыніла на вуліцу варотцы, зноў вярнулася ў гарод. Думала прайсціся барознамі, аправіць дзе бульбоўнік, ужо і ў разору ступіла і нагнулася, ды пачула — каровы на вуліцы зарыкалі. Парашыла: заўтра ўранку аправіць.
Загнаўшы ў двор Падласку, зайшла ў хату — даёнку ўзяць. Убачыла ў сенцах — бульба ў каструльцы на керагазе кіпела ўжо.
У хаце не стрывала, сказала Рыце:
— От і добра, дачушка, што здагадалася паставіць. Хай варыцца. Я толькі кароўку падаю, і будзем вячэраць.
Так да вячэры і не пагаварыла пра тое з нявесткай. І за вячэрай таксама болей маўчалі ці так, абы-што гаварылі. У рот, як і абедам, нічога Тацяне не лезла. Яна чагось, сама не ведае, раней з-за стала падхапілася, а за ёй і Рыта — Алачку спаць павяла. Ды і пасля, калі ўжо і Алачка заснула, і яна, Тацяна, прыбраўшы са стала і ўзяўшы дзверы ў сенцах на кручок, вярнулася ў хату, доўга маўчалі. Рыта на краёчку ложка, пры соннай дачцэ, прымасцілася, яна — на канапе, пад люстэркам. Сядзелі і маўчалі. Яна, Тацяна, ужо і злавацца на сябе пачала. Быццам у жмуркі адна з адной гуляюць!
Урэшце варухнулася на канапе, сказала, абы не маўчаць:
— Можа, тэлевізар уключыць?
Рыта не азвалася, як не пачула, і яна, Тацяна, зноў маўчала, ажно пакуль нявестка раптам не ўсхліпнула:
— Ой, мама, што мне рабіць?!
Тады кінулася Тацяна да яе, на ложак побач прысела, абняла яе за плечы:
— Ціха, дачушка, не трэба плакаць. Ты раскажы, усё раскажы. І самой палягчэе, і мне...
А Рыта яшчэ мацней расплакалася, плечы хадуном захадзілі.
— Перастань, дачушка! А то і Алачку разбудзіш, заснула во як салодзенькае. Вытры слёзы. Ты мне скажы, як і што ў вас... Гэта ж не аб адным дні зрабілася...
Рыта адхінулася, адкінула з ілба валасы.
— Даўно, мама,— яна мо ўпершыню за сённяшні дзень зірнула ёй у вочы, і Тацяна чамусь не стрымала, адвяла свой пагляд — нібы збянтэжылася раптоўнае здагадкі, што гэта ж і яна, пэўна, вінавата ў той бядзе.— Як Алачка нарадзілася. Скора пасля таго... Я і не думала ні аб чым спачатку. Ці мала што можа быць? Мо на рабоце з кім пасварыўся, не паладзіў, яшчэ што якое. Прыйдзе, бачу — не ў настроі. Пытаюся: што, Алёша? А ён: адчапіся! Выпіты пачаў прыходзіць.