— Гэта злыбяда давядзе! — Яна, Тацяна, як сцепанулася — па спіне пабеглі дрыжыкі.
— Не, мама, не так каб і піў ён. Цяпер зачасціў, а раней нават і палучку прыносіў сухама.
— Дык а што, Рыбачка?
— Не ведаю, мама. Які раней добры быў, дык такі зрабіўся, што і не пазнаць. Як падмянілі. Раней ці купіць што, ці зрабіць, дык пагаворым, параімся, а цяпер толькі і гыркае. То я лішнія грошы растраціла, то — лепш у сталоўку хадзіць, чым есці тое, што я наварыла, то яшчэ што... Ты, кажа, мне свет завязала.
— Які ж ты яму свет завязала?
— Каб жа я ведала!.. А ўсё пасля Алачкі. То радаваўся, як хадзіла ёй,— а то неўзлюбіў. Ноччу ні разу да яе не падняўся. Хварэла яна малой, і не адзін раз, дык я ўсю ноч не засну, над ёй сяджу, то ў калясцы трасу, то на руках гушкаю, а ён адвернецца да сцяны, каб святло было не ў вочы, і спіць... Вы не думайце, я не нагаворваю. Але ж і крыўдна. Ён на работу ходзіць, і я хаджу. А трэба яе і Алачку з ясляў забраць, і па магазінах з ёй пабегаць, у чэргах пастаяць, і на вячэру што зрабіць, і памыць, а яму гэтага быццам нічога не трэба...
— Я ж казала, дачушка, пакінуць Алачку ў мяне. Да школкі магла б тут пасвіцца.
— Што б вы з ёй рабілі, мама! Каб хоць на пенсіі былі. А то ж і ў саўгас ходзіце, і карова, кабан... А там жа, у яслях, іх і вучаць.
— Ці ж іншыя не аддаюць? А ўдваіх лацвей было б, пакуль кватэра будзе. Мо ўжо ж і чарга блізка?
— Мусіць, блізка. Летась нешта каля сотні паперадзе нас было. Але мне ўжо і кватэра тая няміла, калі жыцця няма.
Рыта зноў заплакала.
Слухала Тацяна гэтую блытаную гаворку нявесткі і нічога не разумела. Ну, пасварыліся раз-другі, дык жа сёння сварацца — заўтра мілуюцца. Да дзіцяці не падняўся, не ўпадабаў таго, што зварыла,— дык ці праз гэта сям'ю рашаць? Пэўна, недагаворвае нечага Рыта, не рашаецца сказаць.
Спытала, абы спытацца:
— Ну, а палучку хоць прыносіць?
Рыта адразу не адказала, доўга носам шморгала, вочы церла, пакуль прамовіла:
— Якую палучку, мама! Каторы месяц ні капейкі. Я, можа, і да вас не паехала б, калі б... Водпуск у мяне цяпер.
— Дык што ты, Рыта, бытта скідаешся? — Тацяна ледзь не прыкрыкнула, ды спахапілася, зірнуўшы на Алачку.— Гаворыш, гаворыш нешта... Кажы прама, дачушка, што з Алёшкам?
— Дык жа я казала, мама. Кінуў ён нас, да другой пайшоў,— Рыта таксама як агрызнулася.
— І даўно?
— А ўжо месяцы два.
— Чаму ж адразу не сказала? Ці я табе чужаніца?
— Ай, мама, лёгка казаць! Ці ж я паверыць магла? Усё спадзявалася, што адумаецца, што скрут галавы ў яго нейкі,— Рыта апусціла галаву.
А на яе, Тацяну, як спакой які сышоў. Дагэтуль усё не верыла, што тое праўда, думала, што мо проста кошка дарогу ім перабегла, а цяпер — паверыла. Няйначай, нешта ў паглядзе Рысіным убачыла, у голасе яе адчула. Злосць у голасе нявесткі была, чаго раней ніколі не заўважала. Спытала ў Рыты:
— Ну, а табе сказаў хоць што?
— Што ён, мама, скажа! — Рыта таксама быццам паспакайнела.— Колькі разоў спрабавала пагаварыць. Дык як цвярозы — адмоўчваецца, а выпіты — біцца кідаецца. Сказаў, што дурны быў, пагарачыўся жаніцца, што трэба нам разводзіцца, бо палюбіў другую.
— А мо яшчэ і трэцюю ўпадабае?!— злосць ці хутчэй нейкая крыўда апаноўвала Тацянай.— Харошы сыночак! Добрую матцы вестачку прыслаў. Ды яшчэ з нявестачкай! — Памаўчаўшы, спытала: — А ты да начальства яго хадзіла? Мо прылучылі б?
— Ай, мама, не хачу так. Начальства прывяжа яго да мяне, ці што? — Рыта паглядзела на яе нібы з папрокам.
Яна сумелася ад таго пагляду, уздыхнула:
— Маё ж ты дзіцятка, ведама. Але як топішся, дык і за саломінку хапаешся... Ну, а тая — што за краля? Сама бачыла ці людзі што казалі?
— І бачыла, і людзі казалі. Чорная, насатая... На дзесяць гадоў за Алёшку старэйшая!
— А божачкі мае! Рытачка, што ты кажаш? Ажно на дзесяць гадоў?
— Можа, і на ўсе пятнаццаць! — злосна адказала Рыта.
І яна, Тацяна, аж плечы ўгнула. Пакрыўдзілася на яе нявестка. Падумала, пэўна: ага, матцы зусім іншае баліць, ёй сына шкада!.. Зніякавела ад таго. Што ж тут зробіш? Апраўдвацца не будзеш. Ёй, вядома, адно баліць, а матцы... Хіба ж не дзве болькі ў яе, Тацяны? І іх, Рыты з Алачкай, шкада, але ж і Алёшкі таксама. Сын жа! Ну, валацуга, ну, скруціўся, як Рыта кажа, але ж, здаецца, лягчэй было б, калі б тое неяк больш па-людску зрабілася, каб з раўнёй сабе. А то — на дзесяць гадоў старэйшая! Як гэта да галавы дабраць? Скруціўся і яшчэ з кім!