— Ці ты, дачушка, галавы не маеш? Сорам вачэй не выесць, а здароўе б падарвала. Дык не была б нікому патрэбна і без дзіцятка таго...
Тую хваробу сваю яна і хваробай не лічыла. Гэта цяпер папрывыкалі: ледзь катораму што забаліць, дык адразу да доктара. А тады? Ці мала чаго можа нядужыцца! Ды і маладая была, каб хварэць, вылежвацца. А там яна праз нейкі месяц і зусім не да хваробы зрабілася. Яшчэ людзі душой не акрыялі, ад вайны не адышлі, а за калгас узяліся, аднаўляць пачалі. «Полымем», як і да вайны, назвалі. А з чаго той калгас рабіць было? Нейкія тры кані-здыхляціны ды пяток авечак, якіх у гарнізоне немцы не паспелі зжэрці. А да ўсяго — ні хлявоў, ні пуні, ні вупражы, ні плуга ці панарада якога. Адна назва — калгас! І раптам зваліўся ўвесь той клопат на яе...
Старшынёй стаў Юлісь Качан. Быў ён у партызанах недзе ў другім атрадзе. І надта ж не пашанцавала яму. Параніла яго аднойчы. Лёгка параніла, у руку. Ён наган трымаў, і ў гэтую руку куля пацэліла, далонь прабіла. Качан на рану асабліва не зважаў — перавязку зрабілі, і ўсё тут. А яна вазьмі ды пачні гнаіцца, і скончылася тым, што адрэзалі яму руку ледзь не па локаць. Расказваў, што рэзалі звычайнай пантоўкай. Навастрылі, як брытву, і рэзалі. Казаў, сам глядзеў спачатку, а пасля звяў, у вачах пацямнела. Яна, Тацяна, як слухала, дык сама ледзь не ўмлела. Гэта ж казаў, што нават і пасля, як і беспрытомны быў, усё роўна чуў, як піла па косці скрыгатала...
Стаў Качан старшынёй і зайшоў аднаго разу да яе, Тацяны.
Падтрымліваючы сваю куксу, якая ўсё яшчэ балела, пачаў:
— Не палохайся, дзеўка, што скажу, дзела ест да цябе.
— Што такое, дзядзька Юлісь? — сама яшчэ не ведаючы чаго, насцярожылася яна.
— Прыйдзецца табе, дзеўка, у брыгадзірах пахадзіць. Першай брыгадай будзеш камандаваць. Сваім канцом. А ў тым канцы сяла будзе стары Папковіч.
— Ты што, дзядзька, здурнеў? — яна ажно сумелася.
— Не здурнеў, і ты не дурней. Пакуль больш нікога няма. Дык і пабудзеш брыгадзірам. Ты дзеўка вучоная, у партызанах троху абцерлася, у крыўду сябе не давала... Адным словам, будзеш камандаваць брыгадай!
Тут і матка яе не стрывала:
— Ты, Юлісь, часам не выпіў? Які з Танькі брыгадзір? Хто яе слухаць будзе? Што яна ўмее?
А Юлісь на матку ажно ботам па падлозе грукнуў:
— Цыц! Не цябе сватаю! З дачкой гавару. Да яе ў мяне дзела! — І да яе, Тацяны: — Стараваты я ўжо з табой жартаваць. Лічы, што зацверджана. Зразумей, дзеўка, няма больш каго ставіць. Вернуцца мужчыны, тады пабачым.
З тым і з хаты пайшоў. А яны з маткай — у слёзы. Які з яе брыгадзір? Гэта ж людзі засмяюць. Што гэта Юлісю ў галаву ўбілася? Думае яна гэтак і плача. А матка памагае:
— Не згаджайся, дачушка. Ты не парцейная, нічога яны табе не зробяць. Не згаджайся, і ўсё тут!
Вядома, нічога не зробяць, калі адмовіцца, але ж, мусіць, Качан не сам па сабе да яе прыйшоў.
А матка і палохаць пачала:
— Здарыцца што, дык яшчэ і пад суд пойдзеш! Чуеш, Танька?
Хліпала яна і маўчала. А матка тое яе маўчанне па-свойму зразумела, пачала бэсціць дачку: што яна і гультайка — пасцелі за сабой не засцеле, і недарэка, і такая вучоная, як авечка, што ў іх да вайны была,— усё свайго двара не пільнавалася. Тацяна не стрывала і агрызнулася:
— Але ж да мяне прыйшлі, а не да каго!
Матка адно сказала ў злосці:
— Ат, што з дурнем гаварыць! Папомніш мае слоўцы, ды позна будзе!
А яна, на злосць матцы, парашыла: пагодзіцца. Хай гультайка, хай недарэка, хай авечка дурная, а — пагодзіцца!..
А сустрэла Качана, дык той смеласці як і не было, слова вымавіць не магла. Адно выціснула з сябе:
— Не, дзядзька, не змагу я. Дальбог жа, не змагу.
Качан быў у добрым настроі — пэўна, не надта балела кукса, бо не раскрычаўся, а моўчкі ўзяў яе за локаць, сціснуў лёгенька пальцамі левай рукі, спакойна сказаў:
— Бачу, дзеўка, што надумалася, рашылася. І правільна! Пра цябе ўжо гаворка там была... Адно — не палохайся. Дзела, вядома, для цябе новае, але ж будзем неяк рабіць, разам думаць. Людзей жа ты ведаеш...
І пачала яна хадзіць у брыгадзірах. Цяпер успамінаць тое і горка, і смешна — ужо як і не верыцца, што была яна брыгадзіркай. Але ж — была! Хто можа забыць, а толькі не яна. Гэта ж не было за што рук зачапіць. Ні ўзараць, ні пасеяць. Жыта па зернейку збіралі той першай восенню. А вясной зноў па хатах хадзіла, упрошвала жанчын, каб адшкадавалі бульбы хоць па кошыку...