Выбрать главу

Ну, а тады, у сорак чацвёртым, як нашы прыйшлі, вырашылі адкрыць школу ў хаце Данілы Лобіка. Быў у Жылічах кулак такі — Даніла Лобік. Як калгас арганізоўвалі, яго з сям'ёй вывезлі — казалі, у Котлас. Яна добра помніць, як забіралі з Лобікавага двара дабро. Шмат вазоў было ўсяго: і жыта, і бульбы, некалькі панарадаў новых і саней, вопратка розная, палатно. Але найболей запомнілася, як рагаталі людзі, калі з гарышча Лобікавай хаты знялі ці не тры капы пяньковых і лыкавых лапцяў. Цэлы панарад з коптарам накідалі! І яна, Тацяна, рагатала разам з усімі, а чаго — дык і не ведае. Мо ўжо і тады разумелі людзі, якое гэта багацце — лапці, няхай іх і тры капы?

Лобікава хата была вялікая, на дзве палавіны. Між імі былі сенцы — без падлогі, але з печчу. Зрабілі ў хаце пасля калгасныя яслі. У сенцах была кухня, на адной палавіне дзеці абедалі і гулялі, а на другой — спалі: уздоўж сцен пароблены былі тапчаны-палаці.

У вайну хата ацалела. Нават і страха не надта каб цякла. Адно што лежакі на гарышчы папрэлі, паразвальваліся. Вось у ёй, былой Лобікавай хаце, і надумаліся адчыніць школу. Часу да верасня аставалася мала, а на падлогу дзяцей не пасадзіш. І тады нехта ці не з падлеткаў успомніў лаўкі са спінкамі, што стаялі ледзь не ў кожным двары. І то праўда! Сабраць тыя лаўкі, пазбіваць з дошак сталы-казлы — хай яно і не вельмі, але вучыцца можна.

Чаму даручылі сабраць па сяле тыя лаўкі ёй, Тацяне, яна і сама не ведае. Пэўна, не было каму. Дырэктар школы, калі не забылася, быў прызначаны ўжо — хворы на сухоты Антон Трухан, па мянушцы Квочка. Які там настаўнік быў з яго. Да вайны скончыў у суседняй Гайнаўцы дзевяць класаў. Ну, але ж тады і такіх няшмат было. Хлопец ён, праўда, быў начытаны, болей за яго ці прачытаў хто тых кніжак у Жылічах. Ён і ў вайну кніжкі чытаў. Пайшоў быў у партызаны, але прабыў там нядоўга — прастудзіўся ў лесе, і яго, ледзь жывога, прывезлі да маткі. Ён, мусіць, і павінен быў збіраць тыя лаўкі, але ўсё ў раёне прападаў, каб кніжак якіх ды сшыткаў расстарацца. Мусіць, таму і сказаў ёй Качан:

— Запражы Дэраша, ён дужэйшы і спраўнейшы, і праедзь па сяле. У каго ўгледзіш — забірай! Раз яны казённыя, дык, дзела такое, не цырымонься.

Яна і паехала. Памочнікаў у яе сабралася — ці не цэлая рота: ад пяцігадовых жэўжыкаў, якім яшчэ і не да школы было, да падлеткаў, што і яе, Тацяну, перараслі. Дык яна сама нават і на двор ні да кога не заходзіла. Хлапчукі навыперадкі адзін перад адным усё абшныпараць: і двары, і дрывотні, і загуменні. Ды людзі і самі выносілі тыя лаўкі.

Адзін толькі Гэрц гвалт падняў. Калі дзеці панеслі з яго двара лаўку, ён выскачыў на вуліцу, размахаўся перад Тацянай кулакамі:

— Ты мне, гэрц, свае партызанскія замашкі не паказвай!

Яна сумелася ад неўспадзеўкі такой, але не стрывала:

— Гэта ж не тваё, дзядзька, школьнае!

Але Гэрц разышоўся:

— Ведаю, што школьнае, але на маім двары стаіць, і ты без спросу не руш! Начальніца мне, гэрц!

Што з таго Гэрца возьмеш? Гэрц і ёсць Гэрц. Змалада хваробу сабе займеў — грыжу — і насіўся з ёй, як дзіця з цацкай. Праз гэта, пэўна, і дзеўкі яго ганьбілі, бо ажаніўся Гэрц позна, ці не пад сорак гадоў, і прывёз сабе жонку аднекуль здалёк — маўклівую, быццам рыба, і непрыгожую, рабатую Марылю. Яе ў сяле, пэўна, на здзек, Лялькай ахрысцілі. Іначай ніхто і не зваў. Адно яны самі сябе па імёнах звалі: яна яго — Алісейкам, ён яе — Манюняй. А ўсе — Гэрц і Лялька. І за вочы, і ў вочы. А яны і не крыўдавалі, адгукаліся. Яна, Тацяна, спачатку спрабавала была зваць яго дзядзькам Алісеем, ды часта забывалася і, бачачы, што яму тое ўсё роўна, перастала пільнавацца. Гэрц, як яна памятае, ніколі нічога ў калгасе не рабіў. Ды і дома болей адседжваўся, каб калі вядро вады Ляльцы прынёс. Калі што хто казаў часам, чаму ў калгас на работу не ходзіць, Гэрц уздыхаў і ледзь не са шкадаваннем казаў:

— А мне, братка, няможна на пуп браць. І хацеў бы, а не магу — кішкі ўніз збягаюць.

Сёй-той, не стрываўшы, кідаў:

—А Сымон Паўлінін? У яго ж таксама грыжа, а робіць, як усе!