На тое Гэрц, быццам выхваляючыся, быццам з гонарам, адказваў:
— Дык жа ў яго, гэрц, у адной пахвіне, а ў мяне — у абедзвюх!
Лялька ж яго рабіла і за сябе, і за яго, і дома, і ў калгace. А Гэрц днямі на лаўцы, каля свайго гародчык-кветачка, адседжваўся. Сядзіць, цярэбіцца, бы курыца ў пяску, і другіх павучае. Па ім дык і тое не так зрабілі, і гэта не па-гаспадарску парашылі.
Да вайны на Гэрца асабліва не зважалі — было каму рабіць і без яго. А па вайне, калі пааставаліся адны бабы, дзеўкі ды падлеткі, не лішнім аказаўся і Гэрц. Качан і пачаў быў яго прыструньваць. Ды нічога не атрымалася. Адбрэхваўся Гэрц:
— Ты ж ведаеш, Юлісь, які з мяне работнік. Каб мог, то ж я б, гэрц... Мяне ж і на вайну не ўзялі, а ты, гэрц, кажаш...
— То ты б хоць пастаяў пры жанках, падказаў што, параіў! Усё ж мужчына ты, здаецца,— казаў Качан.
— Ну, падказаць, параіць — гэта, гэрц, я магу.
І зрабіўся Гэрц, як смяяліся ў сяле, «інструктарам». Радзей і Гэрцам пачалі зваць, а ўсё — «бабскі інструктар» ды «бабскі інструктар».
Але і інструктар з Гэрца быў такі ж, як і работнік. Помніць яна, Тацяна, як перавозілі зруб з дзядзінца на Лобікава гумно, каб якую канюшню і аўчарнік агораць. Пачалі той зруб раскідаць. Камандаваў жанчынамі ды падлеткамі Гэрц. І дакамандаваўся: скацілася зверху бервяно і прыціснула самога інструктара. Не надта, праўда, але пакульгаў тыдні са два. Дык пасля і ад інструктарства адмовіўся, зноў заняў свой пост на лаўцы пры гародчыку.
Ліха б з тым Гарцам было, надта б і ўспамінала яго Тацяна, каб ён языком не мянціў! Хіба яна не ведае, хто пра яе пагалоску — пра «партызанскую нявесту» — па сяле пусціў? Вядома, хто — Гэрц! Але і за тое яна на яго не злавалася. Хай сабе пабрэша, калі так хочацца. Чаго яна дараваць яму не магла, дык гэта таго, што ён Алёшку ў вушы ўвёў. Стары чалавек, а на такое рашыўся!
Алёшку гадоў сем было. Пераняў яго Гэрц на вуліцы і пачаў:
— Дык ці ведаеш ты, гэрц, хто твой бацька? Ага, партызан, значыцца. Так мамка сказала. Але, але, гэрц, што ж яшчэ яна скажа табе! Дык жа ведай, гэрц! Ніякі ён не партызан, а... Ды што я табе казаць буду? Ты, гэрц, пра тое ў яе самой спытай. Тады і будзеш ведаць, ці ты бацькаў сын, ці байструк. Бяжы і спытайся...
Памёр Гэрц не так даўно, пра мёртвых нельга благога казаць, але і сёння не забылася яна на сваю крыўду. Як успомніць, дык і злосць ранейшая ажывае: рана тая зноўку баліць.
Гэта ж прыбег тады Алёшка дадому. Дурненькі яшчэ быў, не разумеў нічога. Прыбег і пытаецца:
— Мама, дык мой тата не партызан?
— Скуль ты ўзяў, сынок? — не знайшлася што больш сказаць яна, перапалохалася, хоць і ведала, хоць і чакала, што некалі спытаецца сын пра тое.
— А дзядзька Гэрц казаў, што байструк я, што тата мой не партызан.
Не адвяла яна вачэй сваіх, глядзела проста ў сынавы вачаняты, хоць і пакутліва было тое.
— Не слухай ты, сынку, таго дзядзькі дурнога! Я ж табе казала. І сама я была ў партызанах, і тата наш. Там, у партызанах, і ты ў нас знайшоўся. Гэта ж усе людзі ведаюць. І Гарца ты не слухай. Ён хоць і стары, але дурны. Абы-што брэша.
Не ведае яна, паверыў ёй тады Алёшка ці не. Пэўна, паверыў. Але па сынавых вачанятах зразумела, што засталася ў Алёшкавай душы і нейкая кропля сумнення, і баялася, і чакала, што некалі зноў сын прыбяжыць да яе з тым жа пытаннем.
А ўсё — праз Гэрца. Людзі ж ашчаджалі яе і сына, не лезлі сляпіцаю з насмешкамі ці падцінаннямі. Нашто ўжо дзеці да розных крыўдлівых мянушак здатныя, і сваркі ў іх часцей надараюцца, а неяк жа так абыходзілася, што да таго Гарца яе Алёшку, здаецца, ніхто не папікнуў байструкоўствам.
Яна так і не сказала Алёшку праўды. Малы быў, дык казала тое ж, што і тады, пасля першай Гэрцавай брахні, а потым, як падрос, дык, мусіць, і сам нешта зразумеў, перастаў пытацца. Так і вялося: ён маўчыць і яна маўчыць. А як пасталеў, дык, мусіць, саромеўся пытацца. Вядома, саромеўся!..
Пачула Тацяна, што быццам клямка бразнула. Ці Рыта выходзіла на двор, ці мо хто прыходзіў? Разагнулася яна ў баразне, атрэслася, пайшла да ганка.
Зазірнуўшы ў хаце на чыстую палавіну, угледзела, што Рыта з Алачкай на нагах ужо. Унучка нават адзета была, а нявестка ложак засцілала. Тацяна азвалася да іх з парога:
— Хай жа бы яшчэ паспалі. Так раненька ўспароліся.
— Выспаліся, мама. Мы і там заўсёды ў сем падымаемся,— сказала Рыта.
У голасе яе Тацяна не пачула ні ніякаватасці, ні крыўды. Наадварот, падалося, што нявестка, няйначай, акрыяла, павесялела за ноч. І таму ўздыхнула Тацяна з палёгкай, і быццам адразу ж пакінулі вызвоньваць сваю чачотку малаточкі ў скронях.