Выбрать главу

— Ну, то і добранька. Зараз я ў печы запалю, блінкоў напяку. Пакуль будзеце бліны есці, дык і бульба паспее, і яешня... Ну, то і добранька,— паўтарыла, прычыняючы дзверы.— Гуляйце пакуль.

Чырканула яна сярнічкай, паднесла да трэсак — тыя ўраз успыхнулі. Выцягнула з коміна юшку. Хоць і лета, але комін закладвала. Не адразу, як выпаліцца ў печы, а пазней, часам і па абедзе — так, здавалася, лепшы дух у хаце. Падняла на прыпек і падсунула да агню два чыгуны з паронкай — курам і свінчаці на сёння і на заўтрашняе паўдня. Чыгуны можна было б паставіць і пазней, калі дровы прагараць, але ж іначай бліноў не спячэш, блін полымя любіць, а між чыгунамі зручна патэльню прытаркнуць. Пакуль угарацца дровы, адхінулася замяшаць і занесці свінчаці. Ажно і Рыта выйшла да яе ў запечак.

— А што мне рабіць, мама? — спыталася.

— Ат, дзіцятка, а што табе рабіць?

— Вы, мама, заўсёды так. Самі ж нешта робіце. Цэлую раніцу на нагах,— Рыта стаяла ў праходзе, расхінуўшы дзве палавінкі паркалёвай занавескі, што адгароджвала запечак.

— А хай цябе кот убрыкне, з дзяўчынай! — Тацяна ажно ўсміхнулася.— Ну і праўда ж, таўкуся цэлую раніцу. Як карову прагнала, так і таўкуся. У бульбе троху пакорпалася, бо ўчора поцемну няможна было... Хочаш, дык мо падлогу падмяцеш?

— А можа, памыць?

— А не, Рытачка, не трэба. Яна чыстая, нядаўна мыла, пяску толькі нанасілася. А пачні мыць, дык на мокрую яшчэ болей набярэцца. Так падмяці, калі не лянуешся. Малой во лепш будзе гуляць, яна ж усё на падлозе... Венік у сенцах! — гукнула мацней, бо Рыта ўжо валакла на двор ходнікі вытрасаць.

Як толькі Рыта ўправілася з падлогай, Тацяна паклікала яе і Алачку за стол.

— Ідзіце, дзеткі, ешце, пакуль гарачанькія. Я й шмат напякаць не буду, бо халодны блін — сабаку хіба. Масла не шкадуйце, не куплёнае.

— А вы, мама, чаму самі не сядаеце? Нам усё носіце і носіце, а самі і не прыселі,— нявестка падсунула да стала табурэтку.— Сядайце!

— А не, дзіцятка, я троху пазней,— яна зняла фартух, выцерла рукі.— Вы ешце, на мяне не зважайце. Я падбягу, гляну, які нарад сёння. А мо і на вуліцы каго сустрэну, дык тут жа і вярнуся, не паспее астынуць.

Ёй і праўда не давялося бегчы туды, пад Пётраву хату, дзе ён на слупе вывешваў нарад,— якраз ішла адтуль Маруся Адарчына. Дзеўка і сказала, што і сёння ўсім жанчынам — на сена, толькі ўжо не ў Карчаватку, а на Лугавінне, за канаву. Дык Тацяна і ў хату тут жа вярнулася.

Рыта і Алачка даснедвалі. Прысела за стол і Тацяна. Паліла сабе малака кіслага, бульбіны ўкусіла. Есці не хацелася, хоць жа ўжо каторы час на нагах. Паранку ёй нешта ніколі есці не хочацца, у абед, зазвычай, заадно і снедае. Хутчэй для блізіру, каб нявестка лішне не думала, пажавала троху. Падумала, што возьме з сабой кілбасы нявестчынай — мо ў полі з'есца смачней. Сядзела за сталом моўчкі. Адно — унучку ўпрошвала, каб малачко выпівала да дна.

Толькі пасля ўжо, калі Рыта з Алачкай дзякуй сваё сказалі, калі прыбірала, спяшаючыся, са стала, бо, чула, жанчыны ішлі вуліцаю і трэба будзе іх даганяць, прамовіла:

— Заўтра ж, пэўне, і Алёшка прыедзе.

Сказала, зусім забыўшыся, як і ўчора, што Рыта не так, як раней, з ёй снедала. Сама сабе веры б не дала, што можа быць такое, што падыдзе на яе насланнё такое — начыста забылася. І ачомалася, калі здзівілася, што Рыта на яе словы не азвалася, і ажно пачырванела ад няёмкасці, быццам яе заспеў хто за нечым непрыгожым.

Жанчын яна не дагнала ўжо. Добра, Манька здагадалася пачакаць яе. Дык разам ішлі на Лугавінне. Яна, Тацяна, усё яшчэ не ачомаўшыся ад таго наслання, пра яго ж і з Манькай загаварыла.

— Мая ты Манечка, дальбог жа, памяць адняло. Усю раніцу так добранька было, ні яна да мяне пра тое, ні я да яе, от так, здэцца, усё, як і раней у нас. А пад канец самы, калі ўжо з хаты выходзіла, вазьмі ды ляпні.

А Манька, як заўсёды, толькі плюнула:

— Трасцу на цябе, як ты з ёй носішся! Пакрыўдзіла! А што, каб хто спытаў, ты кепскае сказала?

— Дык жа я, Манечка, не кажу, што кепскае. Проста — не хацела тое казаць, а сарвалася. Я ж думала, хай адыдзе дзеўка, акрыяе, дык пасля і сама раскажа.

— Ну, а хоць што гаварыла?

— Што ж яна скажа. Тое, што і ўчора.— Тацяна перавяла дух.— Што пайшоў Алёшка да другой. На машыну бытта паквапіўся.

Яны ішлі далёка позаду жанчын і не баяліся, што іх могуць пачуць,— гаманілі ўголас.

— Што, ва ўхажоркі машына ёсць? — перапытала Манька.

— Анягож!

— Матацыкл прыеўся ўжо, машыны захацелася! — Манька сказала зласнавата, і яе, Тацяну, гэта здзівіла. Ведала: любіла яна Алёшку, малога песціла больш, чым яна сама, і пасля заступалася за яго, нават перад ёй, Тацянаю А вось жа — асуджае. А што ж тады чужыя скажуць?