Выбрать главу

Упаўнаважаны па сяўбе быў невысокі, шчуплы мужчына гадоў пад трыццаць пяць, маўклівы, нават, падалося ёй, сарамяжы. Здзіўлялася, што і чырванець умеў, як дзяўчынка. Але гэта пазней заўважыла. А тады, як першы раз у канторы яго ўбачыла, дык толькі і асталося, што худы ён, кволы, бы заморак нейкі.

Качан пазнаёміў іх. Сказаў ёй і старому Папковічу:

— Гэта, таварышы, ест упаўнаважаны па сяўбе. Таварыш Дубіцкі, Іван Пятровіч. Ён зараз і пагаворыць з намі, правядзе інструктыўную нараду. Сяўба, наша першая сяўба, ест дзела важнае. Падыдуць праўленцы, тады і пачнём...

Гаварыў Дубіцкі тое, што пасля гаварылі ўсе ўпаўнаважаныя: спачатку пра падзеі на франтах — вайна канчалася, але яшчэ не скончылася, пра міжнароднае становішча, а пасля пра пасяўную, пра тое, што трэба правесці яе як мага больш арганізавана, у кароткія тэрміны, падняць на гэтае дзела ўсе наяўныя сілы і рэзервы, рашуча змагацца з лайдакамі і з тымі, хто залішне распускае язык, робіць падкопы, дэзарганізуе...

Сядзела яна, слухала, і нейкае дваістае пачуццё расло ў душы. Гэта ж як гаварыла з Качаном, з людзьмі пра тую пасяўную, дык неяк не так страшна было. Цяжка, вядома, будзе, але, быць таго не можа, нешта і пасеюць, і пасадзяць. А ён як нагаварыў усяго, дык яна зноў тыя матчыны словы ўспомніла і падумала, што ёй і праўда не трэба было згаджацца на гэтае брыгадзірства. Гэта ж калі што здарыцца, дык з ёй цацкацца не будуць. Во, гэтак і кажа:

— Гэта, таварышы, не проста гаспадарчая, а ў першую чаргу вялікая палітычная кампанія, і не трэба забывацца...

І ўсё, здаецца, на яе пазірае: маўляў, табе кажу гэта найперш, бачу, што ты маладая і нічога не разумееш.

Здранцвелая выходзіла яна з канторы. Ужо была на ганак выйшла, як нехта сказаў ёй:

— Вярніся, Тацяна, цябе Качан кліча.

Вярнулася яна. Качан падміргнуў выйсці ў сенцы і сам за ёй выйшаў, папярэдне сказаўшы ўпаўнаважанаму:

— Пачакайце хвілінку, таварыш Дубіцкі.

У сенцах Качан зашаптаў ёй:

— Трэба ж, дзеўка, некуды чалавека прыткнуць. Мо да якой бабы завядзеш?

— Ой, дзядзька Юлісь, не ведаю. Да каго ж гэта?

— Не ведаю і я, дзеўка. Да сябе б павёў, дык і спаць няма дзе палажыць. Ты ж ведаеш — дзеці. Мо да Анці?

— А не, дзядзька, сораму не абярэшся пасля. У яе ж і клапоў, і вошай.

— Дык жа гэтага багацця ці не ва ўсіх хапае.

— Яно ёсць, але каторая беражэцца... Куды я, дзядзька, павяду яго? Да сябе хіба?

— Дык я так і думаў, дзеўка! Хай у цябе пабудзе. Месца хопіць,— Качан памкнуўся пайсці.

— Месца хопіць, ведама, але чым жа я карміць яго буду? Чужы ж чалавек!

— Што самі з'ясце, то і яму. Заціркі якой, бульбы, шчаўя ўжо можна назбіраць...

І ўвечары прывяла яна Дубіцкага дамоў. Ложак яму свой уступіла, сама перабралася на палаці ля печы.

Памятае, клікала яго тады, першы раз, вячэраць. Дык пачырванеў ён і адмовіўся быў:

— Дзякую, Тацяна Кірылаўна, я ўжо, можна сказаць, павячэраў. У мяне сёе-тое ў партфелі было.

Яна толькі ўсміхнулася сама сабе: ці ж не бачыла таго партфеля? Калі б у ім што-небудзь было, дык не быў бы такі пляскаты! Сказала яму:

— Не выдумляйце! Ідзіце во і паешце. Прысмакаў няма, а чым багаты, тым і рады.

Хваліўся толькі, што вячэраў. А хіба яна не бачыла, з якім апетытам глытаў клёцкі са скваркамі? І праснака ладны кавалак з'еў. Пасля чаю з мятай напіўся. Павячэраў, і калі ўставаў з-за стала і дзякаваў, дык угледзела — пачырванеў. І ёй, Тацяне, дзякуй сказаў, і матцы.

Аднекваўся Дубіцкі толькі тады, у першы вечар. А пасля — не! Лішні раз напамінаць, каб за стол ішоў, не трэба было. Быццам сем'янін — і снедаў, і абедаў, і вячэраў з імі. Самі чаго не з'ядуць, а яму пададуць: вядома, чужы чалавек і, акрамя таго, начальства.

І вось жа — спадабалася. Прыехаў пасля на сенакос, дык сам прыйшоў у хату, яна ўжо і не прыводзіла. Прыйшоў, пачырванеў, пажартаваў:

— Не прагоніце, Тацяна Кірылаўна?

К таму часу вайна скончылася. Ад таго не пабагацела ў сяле, але людзі неяк больш душою акрыялі, спадзяванні нейкія займелі, што, можа ж, мужчыны хутка вернуцца, што павінна неяк жыццё весялей пайсці. Не забылася яла, ніколі не забудзецца, як плакалі людзі, калі 9 мая мітынг быў у сяле. Ад радасці плакалі. Пасля мітынгу і вечарынка ў школе, у той Лобікавай хаце, была. Болей таўкліся на ёй падлеткі, дзеўкі з дзеўкамі, але і старых шмат сабралася, і жанчын. Шулячыха ўсіх смяшыла: мужыком пераадзелася, вусы сажай падмалявала і дзяўчат у круг вадзіла. Некаторыя бабы і паўпіваліся. І яна, Тацяна, у той вечар чарку ўзяла. У Качана. Але ад таго было ёй чамусьці не весела, а горка. Пецька ўспомніўся: як яны пасля блакады сустрэліся, як хавала яго... Глядзела, як выдурвалася Шулячыха, як круціліся ў польцы дзеўкі і падлеткі, і не весялілася, а плакала. Без слёз плакала, нутром...