На Лугавінні яна не ўмешвалася ў бабскія гаворкі. Краем вуха чула, вядома, аб чым яны перагукваліся, ды не зважала на тое. Што ёй да таго, што Ганулін Васіль купіў машыну? Купіў дык купіў. Каб не Гануля, дык дулю б ён купіў? Не надта ён там, у Мінску, і раскашуецца, каб яшчэ і на машыну завінуцца. Каб не матка, якая во ўжо каторы год цялятніцай робіць і вунь якія грошы палучае, дык ці сабраўся б на матацыкл, як Алёшка. А пасля ці не гадзіну абгаворвалі Таісу Змітракову і яе Косцю. Быццам разводзіцца Таіса з Косцем. Дык хто за яе, а хто — за яго. Ён, кажуць, хоць і п'яніца, а чалавек добры, мухі не пакрыўдзіць, і дзяцей любіць. Найбольш Адарчына старэйшая, Франуся, за Косцю заступалася, дык бабы і рагаталі ўжо: ці не меціць яна на Таісіна месца? А Франуся праз тое яшчэ больш распалялася. Дурная Франуся, не разумее, што не можа п'яніца добрым чалавекам быць. І дзеці яму — ці ёсць, ці няма, бо ён не іх, а гарэлку любіць. А Таісу шкада, вядома. Колькі ўжо гадоў за тым Косцем гаруе! Траіх дзетак нажылі, а ён усё роўна за розум не можа ўзяцца.
Але што ёй, Тацяне, да таго? І бабы маглі б пра тое памаўчаць. Калі б Таіса тут была, дык, нябось, не гаварылі б, а за вочы дык адна перад адной. Пра чужое ўсім лёгка гаварыць. Тут табе кожны і суддзя, і пракурор, а як каторай сваё што забаліць, дык тады, як той казаў, і язык праглыне.
З Манькай, лічы, таксама не гаварыла. Потым ужо, калі ішлі з Лугавіння дадому, дык абмовіліся колькімі словамі, кілбасу, што яна, Тацяна, брала з сабой, з'елі. Так і да крамы дайшлі.
Ля крамы спытала Тацяна ў Манькі:
— Ты зойдзеш?
— Не,— адказала Манька.— Хлеба ўчора ўзяла, а так — што там купляць?
— А я забягу. І хлеба трэба свяжэйшага ўзяць, і хачу паглядзець што ўнучачцы.
— А грошы ёсцека?
— А я заўсягды з сабой дзесятку, а то і дваццацьпятку нашу, каб пры нагодзе не бегаць, не перахопліваць у каго,— яна, Тацяна, прыставіла да сцяны граблі.
У краме, акрамя Волькі-крамшчыцы, была толькі Гэрцава Лялька.
Старая жалілася Вольцы:
— Хутчэй бы да Алісейкі. Не трымаюць ногі. Было два кані, ды з'ездзіліся. Думала — не дайду.
— Дык вы б, цётка, папрасілі каго,— казала Волька.
— Пэўна, Волечка, можна было б і папрасіць, але ж і самой хочацца па сяле прайсці.
Яна, Тацяна, паздароўкалася, падышла да прылаўка.
— Насып мне, Волька, цукерак. Толькі паглядзі, каб лепшых якіх,— папрасіла.
— Якіх вам, цётка? «Вавёрачкі» ці самых даражэйшых — «Тузіка»?
— Гэта з сабачкам на паперках?
— Ага.
— Давай іх. Малой забаўка будзе,— кіўнула галавой.
— Што, унучка прыехала?
— Але ж.
— А я думала, сабе выбіраеце,— усміхнулася Волька.— І думаю: во распанела цётка Тацяна, «Тузіка» захацела.
— А ці ж мне хто ў рот глядзіць? Толькі я не надта і люблю іх,— Тацяна глядзела, як Волька важыць цукеркі, потым зноў папрасіла: — І паглядзі, дзяўчына, мо ёсць у цябе сандалікі якія?
— Таксама ўнучцы?
— А каму ж.
— А што, босая прыехала?
— Ат, босая! У туфельках прыехала. Але ж іх шкода тут насіць. Хай у сандаліках па сяле бегае. І панчошкі паглядзі. Мо ёсць такія, забылася, як іх завуць, каторыя па каленькі?
— Гольфы, цётка!
— Ага! Паглядзі, каб харашэйшыя былі! Мо ў палосачку якую ці хоць з рубчыкам-аблямовачкай.
— Ёсць, цётка. Во, глядзіце самі. Якія ўпадабаеце, такія і выбірайце. Гэтыя, сіненькія? Нясіце сваёй унучцы,— Волька падала ёй пакуначак.— Усё ці яшчэ што?
— Хто ж яго ведае. Можa, кансерву якую ўзяць? Помніш, ты мне некалі давала, дык смачная была. Не ў тым совусе, не люблю я яго, а ў алеі рыбкі маленькія плаваюць.
— Шпроты, цётка?
— Во, во! Падай бляшанку. Ну, і ўсё, пэўна. І стаяць жа нямашака часу... Во, ледзьве не забылася. Хлеба ж дай баханачку!
Расплацілася, паспяшалася да дзвярэй...
Рыта з Алачкай былі на агародзе, ляжалі на посцілцы пад яблыняй. Нявестка, угледзеўшы яе, Тацяну, паднялася, пахвалілася:
— А я, мама, градку буракоў апалола. Паглядзіце, ці добра?
— А бо, Рытачка! Яшчэ пытаешся! Я ўжо здалёк бачу. Так ужо чысценька, нідзе ні травіначкі. Адно што прарваць іх троху трэба б было. Але я тое ўвечары сама зраблю. На во, мерай Алачцы абноўкі.
Пасядзела хвіліну, цешачыся з унучкі, ды падхапілася:
— Пабягу Падласку даіць. Гэта ж на добры лад трэба было б дадому прыганяць, дзень во, як год, дык усё наўкол засеяна, няможна ганяць, увечары кругом гоняць дадому. Пабягу. А ты, Рытачка, калі не лянуешся, запалі керагаз і яечак звары. Не шкадуй, дзесятак кладзі. Што да шчаўя будзе, а што так з'ямо.