І неяк жа перажыла той сорам. Кажуць жа, што чалавек з усім звыкаецца, нават з самай цяжкай бядой. Звыклася і яна. Але ж, памятае, усё адно хавалася ад чужога вока, без патрэбы на вуліцу не патыкалася.
А напрадвесні нарадзіўся ў яе Алёшка. Яшчэ толькі-толькі сонца на цяпло паварочвалася, на ноч пад стрэхамі ўжо цырбулі вешала, а ўдзень прымушала тыя цырбулі плакаць. Яна зусім не думала, што тым днём родзіць. Зранку паднялася, як і заўсёды, матцы яшчэ ля печы нешта пасабляла, а ў абед раптам штосьці спіна забалела, самы крыж: быццам там хто пару цаглін прывязаў, і яны ціснуць усё на ніз і ціснуць. А яшчэ праз некаторы час усю яе курчыць пачало. Пакутуе, а матцы нічога не кажа. Але ж хіба ад матчынага вока схаваешся? Пабегла яна па Алёнку, сяброўку сваю яшчэ з дзявоцтва. Прыйшла старая і пачала яе, Тацяну, вучыць-ратаваць:
— Ты, дачушка, не палохайся, не думай ні пра што благое. І не наструньвайся, не пруцяней. Ад таго яшчэ болей баліць. Ты ляж і расслабся. І дыхай, дачушка, глыбока. Не палохайся, усё абыдзецца...
Надвячоркам, ужо сінела ў вокнах, радзіла яна. Пацямнела на хвілінку ў вачах у яе, а калі, вярнуўшыся да памяці, расплюшчыла вочы, дык пачула плач. Убачыла: бабка Алёнка трымае на руках маленькі, чырвоненькі, маршчыністы камячок. І дзіўна: у тую мінуту нічога не зварухнулася ў ёй. Ні жалю да яго не адчула, ні замілавання. Ляжала знясіленая, спустошаная, як сама не свая, і глядзела на ўсё так, нібы яна не мае да ўсяго таго, што рабілася ў хаце, ніякага дачынення.
І толькі пасля, калі бабка Алёнка палажыла Алёшку пры ёй і калі ён цёпленькім і бяззубым роцікам усмактаўся ў грудзі — толькі тады перавярнулася нешта ў яе душы, быццам гэта не ён, Алёшка, нарадзіўся, а яна сама нанова нарадзілася на свет, i ўсміхнулася яна такой усмешкай шчаслівай, якой, пэўна, датуль ні разу не ўсміхалася. Помніць, нават бабка Алёнка, гледзячы на яе, сказала таксама з добрай, бяззубай усмешкай:
— Прывыкай да сыночка. Добрай парой ён у цябе знайшоўся, перад вясенькаю, калі дзянёк дужэе. Знацца, на шчасце...
А матка нічога не сказала, толькі ўздыхнула і, здаецца, змахнула з вачэй слязу. А мо і не, мо толькі здалося тое Тацяне, мо матка проста адкінула з лоба пасмачку валасоў...
Назвала яна сына Алёшкам. Не таму, што некалі Пецька прасіў назваць гэтак сына. Алёшка — гэта ў гонар дзеда, матчынага бацькі. Сама яна мо і не дадумалася б да таго, ды бабка Алёнка падказала. Шапнула неяк ёй, зайшоўшы ў адведкі:
— Імя прыдумала ўжо ці не? Калі не прыдумала, дык хай Алёшкам, Ляксеем будзе. Па дзеду. І матка твая ласкавей на яго глядзець будзе, а то ж... Крыўду яна мае на цябе, дачушка. Ты не думай нічога, матчына сэрца адходлівае, але ж пакуль...
Хай будзе Алёшка, пагадзілася яна. Чым не імя? Дзеда свайго яна не памятала, матка казала, што маладым памёр, яшчэ да той германскай вайны, аднак жа — хай будзе Алёшка. Дзень, другі мінуўся, дык ужо здавалася, што і сама так думала, каб Алёшкам назваць. А прозвішча наважылася даць Пецькава — Раманкевіч. Ён жа вельмі сына хацеў. Як падумала пра тое, дык і кардонкі тыя партызанскія ўспомніла — пасведчанне іхняе шлюбнае.
Памятае, дастала яго з куфра і пайшла ў сельсавет. Не саромелася ўжо — Алёшку з сабой узяла, на руках праз сяло несла. Нічога ж благога не было ў яе наўме, калі думку тую выспельвала — запісаць сына Раманкевічам. Не бачыла ў тым граху. Гэта ж не абы-чыё прозвішча бярэ, а мужыкова.
Таму і сказала Піліпу, старшыні, калі ён спытаўся, як пісаць малога:
— Пішыце: Раманкевіч Аляксей Пятровіч.
А Піліп галаву падняў, вочы вылупіў:
— А чаму — Раманавіч?
— А як жа яшчэ, дзядзька Піліп? Мужык жа мой — Пецька Раманкевіч.
А Піліп хмыкнуў:
— Ну, ведаеш! Знаем мы такіх мужыкоў. Вайна!.. Во і я сабе ледзь другую бабу не займеў. У шпіталі...
Яна зазлавала:
— Чаго вы, дзядзька Піліп, выскаляецеся? — І тыцнула яму пад нос кардонкі партызанскія.— А гэта вы бачылі? Хто мне Пецька быў, калі не мужык?
Піліп доўга разглядаў шлюбнае пасведчанне, урэшце сказаў:
— Ты, гэта самае, не крыўдуй, Тацяна. Каб жа я ведаў... Але як бы табе гэта сказаць, яно... Ну, добра, Пецька быў тваім мужыком, усё правільна. Ну, а малое тваё? Што Пецька да яго ці яно да Пецькі?