А ёй праз яго ой як даставалася! Гэта ж пакуль яго не было, дык ніхто пра тую «партызанскую нявесту» і не заікаўся. А як знайшоўся Алёшка, дык і пайшло. «Нагуляла Танька аднаго, нагуляе і другога...» Хіба яна не чула такога, хіба не даходзіла да яе? Колькі яна такіх крыўд выцерпела, хто калі падлічыць!
Памятае, малацілі на таку. Алёшку, пэўна, гадоў пяць было ўжо, а можа, і меней. Яна, Тацяна, снапы ў малатарню падавала, а яе коньмі хлапчукі салому адцягвалі. Прыглушылі ўрэшце трактар на абед. Качан тады ўсё яшчэ старшыняваў, наказваў:
— Глядзіце, дзеўкі, не баўцеся. Кароў падоіце, перакусіце — і сюды. Бо, дзела такое, час не жджэ, забяруць малатарню, а тады хоць за цэп хапайся.
Тады ж парадкі іншыя былі. І поначы, памятае, малацілі. Дзе трактар сваім вокам свеціць, а дзе і ліхтары — іх чамусьці «лятучымі мышамі» звалі. На людзей не зважалі. Колькі машына выцерпіць, столькі і рабілі.
На абед не ўсе дахаты пайшлі. Хто з сабой якога агурка ўзяў ці яблыка, дык тут, на таку, перакусілі і прылеглі ў саломе адпачыць. Не хадзіла дадому і яна, Тацяна. Кульнулася са стала на торп, рукі знямелыя раскінула і, здаецца, прыдрамала на сонейку. Спахапілася ад таго, што нехта па грудзях яе мацае, каптанчык расшпільвае. Не датумкала, ці то гэта ёй саснілася, ці напраўду, як нехта наваліўся на яе і ў вусны ўпіўся. Прахапілася — ажно Сяргей Клеркаў. Дальбог жа, не магла дацяміць, чаго гэта ён за пазуху да яе лезе, твар слінявіць.
— Сяргей, ты што — здурнеў?— быццам спакойна яшчэ спытала.
— Другім можна, а мне — не? — прахрыпеў хлопец.
Лінула кроў да галавы ў яе, у горле перасохла.
— Ах ты, смаркач! Ах ты, апоўзлік!
Не помнячы сябе, з усіх сіл штурханула хлопца ад сябе. Так штурханула, што ён толькі войкнуў і пакаціўся з торпа. Пачула, як грымнуўся вобзем. А сама перакулілася на жывот і загаласіла нема.
Колькі тады было яму, таму Сяргею Клешчаваму? Пэўна, гадоў шаснаццаць. Дадумаўся ж, смаркач! Наслухаўся іншых... Яна тады, як адышла троху, дык і спалохалася: ці не пакалечыўся хлопец?
Нікому не сказала пра тое. І брыдка было прызнавацца, і не хацела, каб з хлопца смяяліся. А ён пасля таго ўсё яе пазбягаў, стараўся на вочы не трапляцца. Ажно праз шмат гадоў, калі ўжо ў Мінску быў, жонку і дзяцей меў, загаварыў з ёю. Ішоў вуліцаю, няйначай, на падпітку, а яна на лаўцы сядзела, дык прыпыніўся, прысеў побач, сказаў:
— А я помню, Тацяна.
Здагадалася, пра што ён, ды адно ўсміхнулася:
— І ты нічога не помніш, і я...
— Мо і твая праўда,— Сяргей уздыхнуў чагосьці.
А што яна яшчэ магла сказаць? Што не помніць, дык — няпраўда. Як не думае, як іншым галава занята, дык яно вядома — даўно ўсё тое забылася, як сон, што знячэўку пад раніцу нахопіцца. Здаецца, і снілася нешта, а што — не згадаць. А як пачне ўспамінаць пражытае, дык усё чысцютка прабяжыць перад вачамі, быццам было ці не цеперся, а ўчора...
Рыта і Алачка глядзелі па тэлевізары нейкую дзіцячую перадачу. Яна яшчэ на вуліцы здагадалася: чутна была музыка, смех і гамонка дзіцячая. Зайшла ў хату, прачыніла ціхенька дзверы ў другую палавіну — так і ёсць. Умасціліся абедзве на канапцы і так захапіліся, што і не пачулі, як яна зайшла. Гэтак жа ціхенька зачыніла дзверы — хай глядзяць. Пакуль яны заняліся там, дык яна памаленьку работу паробіць, а там прыйдзе Падласка, то астанецца толькі падаіць і вячэраць можна будзе.
Яна занесла курам, у хлеў занесла, бо каторыя і на курасадні паселі, потым збегала на гарод, нарвала бацвіння, пасекла яго секачом у ражцы, замяшала і занесла парасяці. Пасля корпалася ў сенцах з вячэрай, стараючыся не грукаць лішне, каб дзяцей не трывожыць. Рыта і не пачула нічога. Выскачыла з той хаты, калі ўгледзела, што Падласка ля варот зарыкала. Выскачыла і сумелася:
— Ой, мама, і вы ўжо дома?
Яна прызналася:
— А я ўжо і даўнавата прыйшла, але не азывалася да вас. Гледзіце, думаю, дык і глядзіце.
— Мульцікі паказвалі.
— Дык бяжы дагледзь да канца. Вячэра ўжо гатова, толькі Падласку падаю.
— Ужо кончыліся. Алачка там нешта другое глядзіць. А праз паўгадзіны кіно будзе. Пра індзейцаў,— сказала Рыта.
— Дык от павячэраем і паглядзім. Ідзі да яе, а я тут скоранька...
Вячэралі похапкам — каб заспець пачатак таго кіно пра індзейцаў. Але яна так і не пабачыла, чым яно пачыналася,— малую спаць укладвала. Рыта хацела сама, але Тацяна замахала на яе рукамі:
— Глядзі ўжо, глядзі! Адно — цішэй зрабі, каб заснула хаця.
Сядзела на краёчку ложка, Алачку люляла, а кіно тое глядзела і не глядзела. Толькі потым ужо, калі заснула малая, перасела на канапу да Рыты, утаропілася ў экран. Ды што там і глядзець было? Носяцца на конях тыя індзейцы, у пер'е паўбіраныя, быццам чэрці, і ўсё. Што да чаго, дык і не разабраць. А яшчэ і слоў тых ледзь чуваць: Рыта зусім ужо сцішыла. Сядзела, глядзела, а сама бы драмала. Што кіно тое, калі ў галаве іншае? Хацела спытаць у нявесткі, што было спачатку, чаго гэта яны сварацца так, індзеец гэты голы з чалавекам тым, што ў капелюшы, з пісталетам пры боку, але сказала зусім другое: