Выбрать главу

— Гэта ж, дачушка, я ва ўсім вінаватая.

Рыта ці недачула, ці не зразумела, што яна сказала, бо не адразу павярнулася да яе, счакаўшы троху, спахапілася:

— Што вы сказалі, мама?

— Нічога, дзіцятка. Кажу, гэта ж, мусіць, я ва ўсім вінаватая.

— У чым, мама?

— А ў тым...

І замаўчала. Бо і сама не ведала, як і што сказаць. Здаецца, круціцца нешта ў галаве, праясняецца, а ўлавіць ніяк не можа. І ўчора, і сёння цалюткі дзень пра адно і тое ж думае, а ўсё туман у галаве. А вось жа, здаецца, каб выгаварыцца, каб выкласці ўсё, што перадумала, дык бы і палягчэла на душы. Ды як тое зрабіць? Як сама з сабой гаворыць, дык быццам усё ясна, а з Рытай — не выходзіць. Чалавека ж нішто так не крыўдзіць, як слова. Праўду гавораць: слоўца не б'е, а забівае. Скажы што неўпапад, то яшчэ пакрыўдзіш знячэўку.

Ды ўсё ж нешта цягнула яе за язык. Доўга маўчала, урэшце зноў уздыхнула:

— Мая ж ты дзевачка, ведаю, што і табе не соладка, але ж і мне, матцы, не саладзей. Не хацела б я чуць таго і думаць пра тое. Хай бы ўсё добранька было ў вас, каб мне, матцы, адно ведаць, што радавацца, з дзетак цешыцца. А от жа...

Бачыла, адчувала, што слухае яе Рыта, хоць і маўчыць, што кіно тое глядзіць так, як і яна, краем вока.

— От ты маўчыш, і я маўчу, і як бытта няма нам чаго сказаць адна аднэй. А я, дачушка, думаю от, думаю. Мне ж цябе ці не болей шкода...

— Дык жа я, мама...

— Ведаю, ведаю, Рытачка. Што ж тут... Толькі не пра тое я...

І зноў замаўчала. Гарцавалі на конях, куляліся цераз галаву на ўсім скаку паўголыя седакі, трапна стралялі з лукаў, і стрэлы з пер'ем упіваліся, ажно, здаецца, чвякалі ў спіны і грудзі людзей са стрэльбамі ў руках, а думкі яе былі ад усяго таго далёка-далёка...

— Я гэта, дачушка, чаму кажу? — яна загаварыла быццам да Рыты, але болей, пэўна, да самой сябе.— От, помню, пайшоў Алёшка ў школку. Я на рабоце з цямна да цямна — ведама, як пры конях. Ну, але ж неяк вучыўся. Не надта добра, каб сказаць, але ж і не горай за другіх. І тройкі былі, і чацвёркі. Да пятага ці шостага класа вучыўся — не скажу нічога благога. А потым заленаваўся. Двойкі пасыпаліся, і настаўнікі пачалі на яго скардзіцца. А да ўсяго, дачушка, стаў мяне не слухацца. Адмоўчыцца, калі што скажу, а назаўтра зноў штуку якую выкіне. Што мне было рабіць? Біць, лупцаваць яго? Дык жа і біла, Рытачка! Адлупцую, ссяку да пісягоў, а потым сама ноч не сплю, галашу ў падушку. К таму часу людзі ўжо добра пачалі жыць. Нашы гарадскія папрыязджаюць з дзецьмі, дык дзеткі тыя вунь як разадзеты, ім ужо абы-якая цукерка не ў смак. А я ўспомню, як мой Алёшка гадаваўся: ні той цукерчыны малым не ведаў, ні гэтых убораў. Штанёнкі якія матка сашчэпіць, сарочачку — от і бегаў. А яшчэ і праз тое даставалася, што без бацькі. Дык я вазьму тое да галавы, наплачуся, а тады і думаю: гары яна гарам, вучоба тая, каб праз яе я яшчэ і біла яго!

А яшчэ, каб ты ведала, быў ён нейкі не такі, як усе дзеці. Іншыя на рэчку ці не за тры вярсты папруцца, надвячоркам цікуюць, каб яблыню ў каго абтрэсці ці дапасці ў гарод з бручкаю, а ён — не! У школе дык мог насваволіць, настаўніку катораму паназаляцца, а так бытта і ціхмяны быў, усё больш дома прападаў. То аўтамат які сабе майстраваў, то самакат... А от каб што дома зрабіць, памагчы мне — не. Адно што — радоўку адбудзе. Я, дачушка, дык і не прымушала. Ат, думаю, наробіцца яшчэ за свой век. А ён жа во і цяперака, хоць ты нікому не кажы, і касіць не надта, і араць не ўмее. Паспрабаваў быў, дык плужок у яго ўлукаткі ходзіць, скача і скача...

От, дзіцятка, так і вялося. Школку скончыў, у дзевяты ў Гайнаўку не схацеў хадзіць. Я не пярэчыла. Каб гэта вучыўся, як вунь Сымонішыны хлопцы, дык яно б — хай! З тройкамі ды двойкамі дык якая розніца, ці восем, ці дзесяць? А тут пабачыла, што ён пачаў з Іллюком Бодзікам дружыць. Усё каля трактара яго аціраўся. А пасля і ў полі пачаў з Іллюком прападаць. Прыйдзе дадому ўвечары — страх глянуць, такі мурзаты. Пачну сварыцца, а ён: «А мне ўжо Іллюк руль даваў...» Круціўся так, і дай веры — ці не праз год напарнікам Іллюковым зрабіўся. Я дык і рада была. Другія во школку паканчаюць і ў горад, а ён — дома, не адна я ў хаце...

Так да арміі і рабіў на трактары. І зарабляў няблага. Я, праўда, з грашыма не назалялася. Яму і адзецца трэба, і абуцца — ведама, малады. Касцюм сабе купіў, палітон модны такі — зверху бытта скура, а падшэўка — як аўчына стрыжаная, боты купіў, чаравікі... А яшчэ ж — курыць пачаў і выпіваць патроху. Што будзеш рабіць? Сварыцца на яго? Дык жа неяк павялося так. Аддзячыць чалавеку за што, дык — паўлітэрку на стол. Прывязе ён бабе дроў прычэп — яна за стол кліча. Улетку, як на камбайне рабіў, едзе з работы, а каторая пярэйме: «Алёшка, дзіцятка, тры мэндлікі ўсяго, знарок да аселіцы знесла, каб не круціцца па загуменні,— змалаці...» Ну, прапусціць тыя мэндлікі праз камбайн, а пасля ці ў кішэню пляшку, ці ў хату кліча... Дык спачатку, як патроху выпіваў, я нічога не казала. Сказала раз была, дык пакрыўдзіўся: «Ты мяне калі п'янага бачыла?» А пасля, дзіцятка, усё часцей і часцей. Ужо, гляджу, і зусім п'яны калі прыедзе. Адзін раз, дачушка, напалохалася — ноч не спала. Прыехаў пад хату, чую — матор заглушыў, а ўсё ў хату не ідзе. Выйшла я, глянула, а ён усё нешта вакол трактара тупае, абмацвае яго. А ноч цёмная, хоць вока выкалі. Я гукнула яго. Пайшлі ў хату. Зірнула пры святле — а божачкі, увесь ён у крыві, лоб рассечаны. Што з табой, дзіцятка, кажу. «Нічога, мама, ярунда!..» Якая ж, думаю, ярунда, калі такі пабіты? А бачу — добра выпіты. Заплакала я, сыночак, кажу, дабром гэта не скончыцца... Змоўчаў ён, памыўся троху, раздзеўся і лёг. А ранічкою, зацемна яшчэ, пабег да Іллюка, і пасля ўвесь ранак каля таго трактара тупалі, усё нешта грукалі, ляпалі, бразгалі... Так і не сказаў мне нічога. Ажно пакуль Іллюк не расказаў. У Арэхаўцы ў Юзіка Савіцкага павячэраў добра, ехаў дамоў і каля Яськавага моста ў канаву паляцеў...