І паехаў. Нешта з тыдзень яго не было. А потым прыехаў і кажа: «Усё, мама, я ўжо на рабоце. На бульдозеры раблю, на будоўлі. Месца ў інтэрнаце далі...» Ну, то і дзякаваць богу, сынок,— кажу,— памаленьку, паціхеньку і асталюешся... Ад'язджаў ён, дык я дзвесце рублёў дала. І жыць да палучкі трэба, і касцюм які купіць, чаравікі, бо ўсё яшчэ ў вайсковым хадзіў — тое, што да арміі справіў, малое ўсё парабілася...
Паехаў ён, а мне ўсё думкі дурныя ў галаву лезуць. Днём дык хоць на рабоце, з бабамі, а дамоў прыйду, раблю што і ўсё думаю і думаю. Як ён там, што з ім, ці вячэраў сёння... Пра ўсё перадумаеш, пакуль па хаце тупаеш, пакуль у ложку тым не сагрэешся ды не заснеш. Ад думак сны благія сняцца, дык прачнуся і зноўку думаю: каб жа хаця ўсё добра было ў яго, малады яшчэ, нічога, акрамя арміі, не бачыў. Тры дні нямашака, дык мне ўжо і саўсім спакою няма. Прыедзе, спытаюся: сынок, чаму доўга не было? А ён на жартачкі ўсё пераводзіць. «Табе,— кажа,— каб за спадніцу трымаўся, як маленькі...» Прыскочыць у суботу, на вечарынку куды згойсае, у Гайнаўку ці ў Замошша, там з хлопцамі і чарку знойдзе, а ў нядзельку паснедае і бяжыць на аўтобус. Кажу: чаго ж так рана, сынок, мог бы і пасля абеду паехаць. Дык адмахнецца: «А чаго я буду ўвечары ціскацца ў аўтобусе? Цяпер свабодна заеду...» Ведама, вечарам усе едуць, але ж людцы вунь і з дзецьмі не баяцца паціскацца, а ён... Спытаюся, ці грошы хаця ёсць. Ёсць, кажа. А ўсуну чырвонца ў кішэньку, дык і нічога, і добра, не адмовіцца. Самой дык бытта і крыўдна зробіцца: гэта ж ніколі не спытае, ці мне што трэба, як я тут адна, мо што зрабіць набегла...
Паўгода, мусіць, парабіў на тым бульдозеры. Прыскоквае неяк у суботу, селі вячэраць, а ён і кажа: «А я, мама, ужо на заводзе». Чаму так, сынок? Гэта ж, пэўне, блага, кажу, бегаць з месца на месца? Засмяяўся: «Нічога ты, мама, не разумееш! А хто там затрымліваецца, на будоўлі?..» Папыталася: ну, а на заводзе што, ляпей будзе? «Цёмны ты чалавек, мама»,— кажа. Цёмны дык цёмны. Табе відней, кажу, сынок...
Тут, на заводзе, і цябе напаткаў. Я ж і не ведала нічога ўвесь час, ажно пакуль не сказаў: «Мама, як ты глядзіш, калі я ажанюся?» Ну, я думала, жартуе. Кажу: а бо, сынок, пра гэта цяперака ў матак не пытаюцца. А ён: «А я вось пытаюся!..» Бачу, не жартуе. Кажу: можа, ранавата яшчэ, не ўцячэ гэта нікуды, паспееш ачалавечыцца, ні сам во нічога за душой не маеш, ні яна — пра цябе кажу — таксама. А ён зноўку жартачкамі: «Ранняй жаніцьбы, як і ранняй сяўбы, не кайся...» Ты не крыўдуй, Рытачка, ні пры чым ты была, але не, прызнаюся, не хацела я, каб ён жаніўся. Сям'ю заводзіць гэта ж не раз-два, і гатова. Пакуль вас двое, можна і ў чужым кутку. А, дасць бог, дзіцятка знойдзецца? Хай сабе якія добрыя людзі будуць, але каму гэта радасна, калі дзіця чужое ў хаце? Загаварыла пра гэта, дык зноўку смешачкамі адбыўся: «Ты, мама,— кажа,— памудрэй заўкома...»
Ну, а скора ж і цябе прывёз на агледзіны...
Даўно скончылася кіно, бубнеў аб нечым, хуценька варушачы губамі, мужчына ў акулярах, надта ж падобны на іхняга Квочку, а яна, Тацяна, усё гаварыла-спавядалася...
Пятніца, 30 чэрвеня
Задрамала яна ўчора позна. Ужо, здаецца, і не думала ні пра што, гнала ад сябе думкі, дык, як на тое, галава разбалелася. І не ў скронях, як уранку, а ў патыліцы — быццам свінцом налілася. Хацела ўжо ўставаць, каб пашукаць якую таблетку, але і ленавалася з-пад коўдры вылазіць, і нявестку турбаваць не хацелася. Ляжала паленам, ажно пакуль, урэшце, сон не змарыў.
А прахапілася, дык спалохалася. У галаве быццам шумела нешта. Болю не чуваць, а ўсё шуміць і шуміць. Расплюшчыла вочы, прыслухалася — не мінаецца той шум. «Што за насланнё?» — думала нейкую хвіліну. А пасля дацяміла, што шуміць тое зусім не ў галаве — гэта ж дождж за вокнамі. Дацяміла і падхапілася з ложка: памроілася, што праспала. Прабегла, забыўшыся на тэпці, да стала, зірнула на будзільнік. Было палова на пятую. Дзякаваць богу, не заспала! Прыцемак у хаце ад таго, што хмарна. Вярнулася да ложка, уздзела сукенку. Ужо за дзвярамі, у першай хаце, усунула босыя ногі ў гумовікі, узяла даёнку і выйшла на ганак.
Дождж ішоў ціхі, не густы, але спорны. Пачаўся, відаць было, нядаўна: пясок на падворку не мокры, а толькі быццам курамі падзяўбаны. І пад капяжом нават суха яшчэ было. Гэта ж, пэўна, дождж яе і разбудзіў.