Даўшы курам, прысела побач і яна, Тацяна. Сядзелі, глядзелі, як чубіліся ля карыта куры, і маўчалі. Зайшоў на двор Шулячышын певень, паходжваў зводдаль, намерваючыся далучыцца да кампаніі, баязліва паглядаў на яе, Тацяну, але яна, як бы заўсёды зрабіла, не замахнулася на яго, не заакышкала. Наадварот, пасміхнудася сама сабе, быццам сказала: «Дзеўбані, дзеўбані і ты, кавалер. Пасеш жа і маіх...»
А ўголас прамовіла да нявесткі:
— Ну, хай ядуць. Пара і нам за стол.
Пасля абеду Манька не прыйшла на буракі. Як і казала, паехала ў Мінск — надумала ж баба госці рабіць. Кінула-рынула ўсё — і паджгала. А ёй, Тацяне, мо і трэба было б з'ездзіць, дык жа...
Да жанчын яна не пайшла. Раз занялі дзялку з Манькай, трэба яе і дабіваць. Бабы вунь ужо дзе, пад самым Барком рагочуць і перагукваюцца, а яна з гэтага краю, ад сяла, адна кешкаецца. Кошыка пасля абеду не брала. Таго зелля, што ў полудзень прынесла, на два дні хопіць. А без кошыка, хай яно і невялікі замінак, работа спарней робіцца. Яна, глядзі, мо і за абедзвюх управіцца. Яно ж і трэба, раз ужо ўзяліся. Хай Манька пагойсае па Мінску, прысмакаў пашукае.
Пра Рыту з Алёшкам старалася не думаць. Бо што яна можа прыдумаць новае? Прыедзе, то і відаць будзе. Мо ён будзе больш разгаворлівы, чым Рыта, скажа матцы, чаму такую радасць ёй прыгатаваў і што рабіць цяпер.
Не верыць яна, што Алёшка, як Рыта кажа, на машыну паквапіўся. Гарыць хай яна, машына тая, каб на яе чалавека мяняць, матку свайго дзіцяці, калі ўжо не жонку. Не, не гаварыла яна гэтага Рыце, але сэрцам чуе, што не адна машына вінавата. Разлюбіў? Цяпер жа модна, кажуць, стала так гаварыць. Ледзь што — разлюбіў. І суддзі тыя ці хто там — вераць, разводзяць. А не падумаюць пра тое, што як жа гэта можна, каб чалавек дзіця сваё разлюбіў? Што ж гэта за чалавек ён такі, калі праз прыхамаць сваю дзіцяці выракаецца?
Нечакана прыгадаўся Іван Рабцэвіч. Рабіў у эмтээсе ці механікам, ці брыгадзірам. Нейкі год ён нешта часта панадзіўся ў іхнія Жылічы. Яна спачатку і думаць нічога не думала, а пасля ўжо ўведала: той Іван Рабцэвіч быццам нешта да яе займеў. Неяк раз паздароўкаўся, другі, а пасля і загаворваць пачаў. Але яна не звяртала на тое ўвагі. Ён жа нейкі такі чалавек быў, што ні з кім на вуліцы не размінецца, кожнага зачэпіць. Надта ж гаваркі быў. Заўсёды на ім быў плашчык нейкі руды і афіцэрская шапка з бліскучым брыльком — і зімой і летам. Хутка хадзіў, подбежкам, быццам яму холадна. Бяжыць вуліцаю, каля якога старога прыпыніцца, каб закурыць стрэльнуць, анекдот расказаць, а бабу ці дзеўку каторую стрэне, дык брылёк свой прыпадыме, усміхнецца, хуценька скажа: «Здароў, дзеўка!» — і не размінецца, каб рукою яе не ляпнуць, і не па плячы, а ніжэй, па мякчэйшаму.
І гэта ж дай рады: Рабцэвіч той у сваты да яе прыходзіў!
Яна адно пасмяялася з таго сватання. Вечарам неяк, яна ўжо спаць збіралася, у дзверы нехта пастукаў. Яна ці не спалохалася: значыць, чужы нехта, калі стукаецца. Ажно адчыніліся дзверы, і зайшоў Качан, а за ім — Рабцэвіч. Патапталіся ў парозе, памуляліся троху, а потым Качан і загаварыў:
— Не лягла яшчэ? Гэта ж мы ішлі і вось надумаліся да цябе зазірнуць, дзеўка, паглядзець, як ты тут.
— А што на мяне глядзець? — сказала яна.
— А так сабе,— мармытнуў Качан, і яна раптам сумелася, бо нейкі не такі быў старшыня — быццам бянтэжыўся чагосьці.— То, можа, ватоўку скіну?
Не чакаючы, што яна скажа, Качан сцягнуў з плячэй ватоўку, зняў шапку, павесіў на цвік. Зняў свой плашч і Рабцэвіч. Яна ў недаўменні пазірала на ўсё тое. Калі распранаюцца, дык не на хвіліну зайшлі. Што ім прыспічыла? Час жа не ранні. Яшчэ больш здзівілася, калі Качан раптам дастаў з кішэні бутэльку і паставіў на стол.
Яна не стрывала:
— Што вы надумаліся, дзядзька Юлісь?
— Як бы табе сказаць, дзеўка... Дзела, значыць, ест. Пашукай чаго закусіць, гэта самае.
— Ці цётка Ганна з хаты выгнала?
— Ага, вытурыла! Дык зайшлі да цябе. Ты не прагопіш?
— Так бы і казалі, дзядзька. Зараз пашукаю чаго. А то ж я спалохалася. Хто, думаю, проці начы?
— Мы не кусаемся, каб палохацца. Пашукай што на стол,— Качан ужо асвойтаўся, прысеў да стала, кіўнуўшы і Рабцэвічу на табурэтку.
Яна падала ім скрылёк сала, акраец праснака, цыбуліну, паклала сырых яечак. Мужчыны ажывіліся, заёрзалі — Качан на ўслоне, Рабцэвіч на табурэтцы. Качан сам, не чакаючы яе, сяк-так парэзаў хлеб і сала, Рабцэвіч ачысціў цыбуліну. Урэшце Качан гукнуў яе:
— Сядай і ты, Танька!
Яна адмахнулася:
— Абыдзецеся і без мяне!
— Не, дзеўка, не абыдземся. Сядай, кажу! І чарку сабе дастань.
Яна прынесла трэцюю стограмоўку, прысела да стала. Качан наліў у чаркі. Круцячы ў пальцах сваю стограмоўку, сказаў: