Выбрать главу

Яна хуценька дапалола канчуры, вырвала ў прыдарожным адхоне касмыль травы, выцерла рукі і матычку. Хацела ўжо ісці ў сяло, але, як хто падштурхнуў яе, азірнулася назад. Азірнулася і замерла: з Барка ішлі людзі. Трое. Пэўна ж, ад аўтобуса. Недзе такой парой якраз і прыходзіць. Здалёк не магла пазнаць тых, што спускаліся з пагорка. Адно бачыла: хлопец і дзве дзеўкі. Не дужа і верыла ў тое, што Алёшка будзе ехаць на аўтобусе. Калі паважыцца прыехаць, дык, пэўна, на матацыкле прыскочыць,— але ўсё ж не спяшалася скрануцца з месца, стаяла і пазірала: а раптам?

Калі тыя падышлі бліжэй, угледзела: ішоў Шулячышын Мішка і дзве дзяўчыны. Пэўна, з Арэхаўкі, а мо і далейшыя. Счакала, пакуль яны падышлі зусім блізка: неяк няёмка было пайсці — чакала-чакала, а цяпер уцякае.

Мішка падышоў, паздароўкаўся:

— Здарова, цётка!

Яна сказала:

— А я падумала: ці не Алёшка мой?

— Не, Алёшка не ехаў. І на станцыі яго не бачыў,— гаварыў Мішка.

Пайшла разам. Ішла і гаварыла да Мішкі:

— Дык я і верыла, і не верыла. Ён жа, пэўна, на матацыкле прыедзе. Але ж, думаю, раптам? От пастаяла і пачакала. А ты, Міша, чаму адзін?

— Сёння цяжка з дзецьмі ехаць, цётка. Сам ледзь уплішчыўся — столькі людзей. Як селядцоў у бочцы!

— Мы ж на падножцы ўсю дарогу віселі,— азвалася і адна з дзяўчат.

— Ведама, усе едуць на выхадныя. Буднім жа днём лягчэй. Рыта во наша ў сераду прыехала, дык, казала, саўсім пусты ішоў.

— А чаго яна ў сераду прыехала?

— А водпуск у яе.

— А не разам з Алёшкам?

— Нешта яму не далі.

— Вялікім начальнікам зрабіўся, што без яго не абышліся,— сказаў Мішка.

Яна адчувала, што Шулячышын хлопец пацвельваецца, але сказала памяркоўна:

— Хто ж іх там ведае, чаму так.

Мішка, памаўчаўшы, прамовіў таксама іншым тонам:

— Нешта нейкае, калі разам водпуску не далі. Так жа заўсёды разам даюць, калі нават і не ў адным месцы робяць.

— Я ж і кажу...

Ля самага сяла іх напаткаў Пётра — ішоў насустрач. Спытаў у яе:

— Кончылі там?

— Дзе ты бачыў! — Тацяна прыпынілася.— Мо палавіну.

— А чаго? Колькі там тых радкоў?

— А даўжыня якая? Ажно да раўка Якубавага!

— Ну, то тады і заўтра туды ж. Толькі каб кончылі ўжо.

— Заўтра даб'ём.

Мішка з арэхаўскімі дзеўкамі падыходзіў ужо — бачыла — пад сваю хату, а яна ўсё стаяла з Пётрам. Чаго там і стаяць было, але ж — спытаўся неўспадзеўкі:

— А што ты нейкая, бы мокрая курыца?

Яна ўсміхнулася:

— Што табе здалося?

— Не здалося, бачу.

Яна зноў усміхнулася:

— А не, Пётра. Нешта нездаровіцца.

Ён паглядзеў на яе, паківаў галавой, сказаў:

— Ну, ладна, схаджу на поле.

Яна таксама пайшла. І толькі цяпер схамянулася, што не спытала ў Мішкі пра Маньку: мо бачыў яе? Ды тут жа падумала: наўрад! Тая так рана не ўправіцца, хаця б на апошні аўтобус паспела.

Цераз вуліцу з гумна несла посцілку сена Вера-фельчарка. Летась прыслалі дзеўку ў Жылічы. Ужо ці не чацвёртую? Нешта не трымаюцца гэтыя фельчаркі на іхнім медпункце. Замуж выскокваюць. І хоць за сваіх, жыліцкіх, хлопцаў, а з сяла з'язджаюць, бо тыя хлопцы — хто ў Мінску, а хто яшчэ дзе. Прыедзе каторы, на вечарынку раз-другі сходзіць — от і фельчаркі няма. І гэтая таксама хуткая. Летась прыслалі, і летась жа замуж выскачыла. За Толю Кастусёвага. Кастусь дык і не хацеў, каб сын жаніўся. Казалі, што і адлупцаваў кавалера. Але ж — ажаніўся. Пры медпункце перавязачная была, дык там пачалі жыць. Усю зіму там і праседзелі. А нядаўна Толю ў армію ўзялі, дык Кастусь, хоць і муляўся, а ўзяў нявестку да сябе. А дзеўка і не шманае, ганарліва ходзіць. Кажуць жа, загрубела. А мо і няпраўда, калі во посцілкі з сенам цягае?

Падумала: з поўным перайшла, прыедзе-такі Алёшка...

Прыехаў ён пазнавата. Яна ўжо і гаспадарку дагледзела, і на пару з Рытай падворак падмяла. Рыта падбівала і вуліцу падмесці, але яна запярэчыла: сёння падмяцеш, а заўтра і следу таго няма. Дык яны адно каля лаўкі, што пры гародчыку, і каля варотцаў пашкрэблі дзеркачом. І ўнучка памагала, са сваім вядзерцам і грабелькамі круцілася каля іх.

Пасля пайшлі ў хату. Рыта тэлевізар уключыла — кіно нейкае пачыналася. Яна таксама прысела на хвіліну — вось-вось павінна была прыйсці з поля Падласка. Праз тое кіно і не пачула, як затарахцеў і змоўк ля варотцаў матацыкл. Падхапілася, калі пачула, што клямка бразнула ў сенцах. Выйшла ў першую хату, ажно — Алёшка на парозе. У куртачцы балоневай, у шапцы-гаршку на галаве. Весела сказаў: — Здарова, маці!