— Здароў, сынок! — адказала і замітусілася: паправіла абрус на стале, змахнула анучай-адстаўніцай услон і табурэтку.
Алёшка, распранаючыся, здзіраючы з галавы той гаршчок, казаў:
— Ледзь даехаў. Спачатку падача запартачыла, а пасля счапленне паляцела, дык загараў на дарозе. Во калі прыехаў, хоць і выехаў...
І замоўк на паўслове, бо з другой хаты выйшла Рыта. Вырачыўся на яе, у твары змяніўся. Не так са злосцю, як са здзіўленнем — гэтак падалося Тацяне,— сказаў:
— А ты чаго прыперлася?!
Тацяна, трымаючы ў руках анучу, якой выцірала табурэтку, быццам не ведаючы, куды яе прыткнуць, крыкнула:
— Алёшка!
Рыта крутнулася на парозе і шмыганула назад, прычыніўшы за сабою дзверы.
— Не крычы, сынок! А куды яшчэ было ёй ехаць?
Сказала спакойна, спадзеючыся, што і ён астыне, апамятаецца. Ён і праўда быццам збянтэжыўся. Адно прабурчаў:
— Куды хоча...
На вуліцы зарыкалі каровы, і Тацяна абрадавалася таму. Кінулася за перагародку, узяла даёнку. Ідучы праз хату да дзвярэй, сказала нібы сама сабе:
— Пайду ж падаю.
Саскочыла па звычцы з ганка і ледзь не напаролася на матацыкл — Алёшка, як заўсёды, паставіў яго ля сяней. Заўсёды памятала, як прыязджаў, што тут ён ставіць свайго каня на начлег, а сёння забылася.
Падласка была ўжо ў хляве. Крутнулася галавой да яе, пацягнулася пысаю да рук і, не знайшоўшы нічога, незадаволена матлянула рагамі.
— Я табе махну, ненажэра! Абыдзешся! Павярніся, бо стала, што не падступіцца.
Прысеўшы ўрэшце пры боку, зласнавата тузанула за цыцкі, ад чаго Падласка зноўку здзіўлена азірнулася на яе.
Нечакана ўгледзела ў дзвярах Алёшку. Падышоў, пачапіўся рукамі за вушакі, сам падаўся галавой і грудзямі да яе, у хлеў. Павісеў так моўчкі, потым ціха сказаў:
— Дык што, мама?
Яна не адразу азвалася. Нешта злоснае хацела сарвацца з языка, яшчэ перад тым, як ён загаварыў, але цяпер тое слова захліпнулася — даўно Алёшка не пытаўся ў яе нічога вось так, сцішана і быццам вінавата. Яна апусціла галаву, паклала рукі на калені. Седзячы, як і сядзела, на дыбачках, прагаварыла:
— Гэта я павінна спытацца ў цябе: што, сынок?
Ён маўчаў. Адштурхнуўшыся ад вушакоў, паківаўся, потым сеў ля парога на перавернуты, з дзіркай у дне, чыгун. Яна чакала, што ён нешта скажа, але Алёшка маўчаў, і таму зноў спытала:
— Дык што, сынок?
Ён павярнуў да яе галаву — гэта яна адчула, хоць і не глядзела ў яго бок,— і сказаў:
— Я ж і прыехаў, каб сказаць. А ты, аказваецца, усё ведаеш.
Яна здрыганулася, бо ён сказаў тое ці то з крыўдаю, ці то з папрокам, і яшчэ болей панікла, ніжэй апусціла галаву. Сцяўшыся, прамовіла як мага спакайней:
— Я, сынок, нічога не ведаю. Адкуль жа мне ведаць?
Ён як спахапіўся:
— А што, яна не сказала?
— Хто — яна?
Ён сплюнуў:
— Ну, чаго ты прыкідваешся?
І зразумела яна, канчаткова паверыла, што Рыта сказала праўду: скруціўся яе Алёшка. Да гэтай хвіліны верыла і не верыла, усё яшчэ на нешта спадзявалася. Думала: мо пасварыліся, пагыркаліся па-пустому, ці мала што бывае, жывучы разам, а Рыта па-бабску ўзяла тое да галавы і тую пярэстарку прыдумала і машыну. Ажно ж — праўда! Як цяпер і пра што гаварыць з ім? Ушчуваць, сварыцца? Хіба паможаш?
Млелі, дзеравянелі ногі. Адчувала, што калі яшчэ пасядзіць так нерухома, дык не падымецца, пройме ногі курч. Яна паправіла між каленяў даёнку і хуценька, быццам шукаючы паратунку, затузала за цыцкі. Асабліва чыста не выдойвала, паднялася. Курч усё-такі пайшоў па нагах — ад костачак да каленяў па лытках, і яна, як п'яная, ледзь пераступіла цераз парожак і ў нясцерпе апусцілася на яго, выцягнуўшы перад сабой ногі.
— Што, ногі самлелі? — спытаў Алёшка.— Зэдлічак брала б ці калодачку якую.
Яна прамаўчала. Нейкая абыякавасць раптам завалодала ёю.
— Ты, мама, пасядзі, не спяшайся...— пачаў Алёшка.
Але яна перапыніла яго:
— Рыта здагадаецца.
— Хай здагадаецца! Падумаеш, прынцэса!.. Не атрымалася ў нас з ёй. Памыліўся я. Дурань быў, паспяшаўся,— ён закурыў.
Сонца села ўжо. Над могілкамі, дзе яно закацілася, асталася толькі жоўтая палоска, на дварэ ўжо добра-такі пашарэла, і вочы Алёшкавы губляліся пад насупленымі бровамі. Яна спрабавала ўгледзець іх, але марна: ён быццам хаваў іх ад яе. І тады яна перастала глядзець на яго, пазірала прама перад сабой, на агрэставы куст за парканам, угадваючы ў густым, амаль чорным лісці светлаватыя, ужо буйныя ягады.