Выбрать главу

Яська часцей падыходзіў да ходзікаў зусім не для таго, каб паглядзець, да якіх там лічбаў дайшлі вялікая і малая стрэлкі. Ходзікі цікавілі яго найперш самі па сабе. Хацелася яму разгадаць дзівосную тайну хітраспляцення іх шматлікіх зубчастых колцаў: як гэта яны, чапляючыся адно за адно, пакрысе круцяцца там і чаму стрэлкі, быццам разумныя, ведаюць, калі, у які час ім належыць быць каля той ці іншай лічбы, намаляванай сіняй фарбай на белым выпуклым кружку. Калі маці і бацькі не было дома, Яська падстаўляў табурэтку, узлазіў на яе і, прыклаўшыся правым ці левым вухам да сцяны, зазіраў збоку ў іх нутро. Праз шкельца было відаць, як пасля кожнага маху маятніка з зубчастага колца зрывалася ледзь прыкметная воку маленечкая скобачка і колца паварочвалася — ледзь-ледзь, так, што не заўсёды можна было і заўважыць той паварот, але, тым не менш, з яго паспявала саскочыць і кудысьці знікнуць — няйначай, у загадкавую вечнасць — секунда. Цік — секунда, так — секунда. Яську нават здавалася, што гэта яны, секунды, зрываючыся, і голас падаюць: цік-так. І хацелася спыніць гэтыя бясконцыя ўцёкі секунд, і паглядзець, што здарыцца, што будзе з ім самім і з усім, што ёсць у хаце, калі раптам колца тое замрэ і скобачка не будзе адпускаць яго доўга-доўга. Яська асцярожна падымаў угору гірку з нажніцамі. Напяты дагэтуль ланцужок правісаў, маятнік, паківаўшыся крыху сюды-туды, заміраў. Яська, падтрымліваючы гірку ў руках, азіраўся на хату. Не, нічога незвычайнага не рабілася. Гэтак жа гуляла на грубцы з лялькай, скручанай з анучак, Зойка, гэтак жа мурлыкала побач з ёй кошка Рыска, гэтак жа, як і раней, стаялі на сваіх месцах тая ж грубка, шафа, стол, ложкі: бацькаў, жалезны,— за шафай, мацерын і Зойчын, драўляны,— ля грубкі, яго, Яськаў,— ля дзвярэй, узгалоўем у кут, нікеляваны, з рыпучымі і мулкімі рабрынамі-спружынамі. Яська, аднак, не хацеў з гэтым пагаджацца — як жа так, час жа спыніўся! — і трымаў тую гірку з нажніцамі доўга, усё спадзеючыся на нейкі цуд, аж пакуль не млела рука ці не бразгала клямкай, заходзячы ў хату, маці. Тады ён хуценька адпускаў груз, ланцужок імгненна напінаўся, але маятнік сам па сабе ажываць чамусьці не хацеў — яго трэба было, ведаў Яська, злёгку падштурхнуць. Спяшаючыся, каб яго на табурэтцы не заспела маці, Яська пальцам штурхаў маятнік, кумільгам злятаў з табурэткі і ставіў яе на месца — між сваім ложкам і акном. І, ужо не гледзячы ў той бок, каб і выгляду не падаць, дзе ён толькі што быў і што рабіў, слухаў, як ходзікі на сцяне зноў цікаюць, па-ранейшаму адсылаючы невядома куды секунду за секундай.

Цяпер, увечары, Яська наогул нічога не меў да ходзікаў, як і да таго, колькі яны націкалі. Раз маці не клікала вячэраць, значыць, яшчэ не позна. Праўда, маці ўжо гатавала вячэру: ён бачыў, як яна стаўляла ў грубку саганок з вадой. Потым, як вада закіпіць, маці возьме адстаўніцай той саганок, выме яго з грубкі, паставіць яго пры грубцы па зэдлічак, павылоўлівае з кіпню лыжкай трапіўшыя ў яго вугольчыкі — паранілася паставіць саганок да агню, трэба было счакаць, пакуль дровы добра прагараць і перастануць страляць,— і ўсыпле ў ваду перацёртае, пахапанае-пашчыпленае пальцамі на малыя шматкі-друзалачкі цеста, зноў паставіць саганок у грубку. І неўзабаве, праз колькі мінут, будзе гатова зацірка. Забеленая малаком, яна дужа смачна будзе сёрбацца Яськам — гарачая, духмяна салодкая, крыху ажыністая, з ледзь улоўным пахам жорнаў і іхняй белагаловай Аўтарэні. Зацірка варылася і падавалася ў Яськавай сям'і амаль штодня — звычайна забеленая, зрэдзь часу, па заказу бацькі, засквараная, аднак жа яна не надакучала, не прыядалася, і Яську прыемна было класціся ў пасцель з туга налітым жыватом і, лежачы, слухаць, як яна, тая зацірка, боўтаецца там, пераліваецца, булькоча.

Ну, ды пра зацірку Яська падумаў проста так, яна яшчэ будзе сёння, у гэты вераснёўскі вечар. А пакуль што палалі, страляючы, дровы ў грубцы, і было чуваць, як гарачыя іскры-вугольчыкі падалі ў ваду і шыпелі там, і водсветы з топкі скакалі па падлозе, па спінцы Янкавага ложка, па сцяне; куродыміла, патрэскваючы соллю, газоўка на стале — запраўлена яна была бензінам.

Пра бензін гэты можна расказаць цэлую гісторыю...

Улетку ў Будзе, па лузе за вёскай, некалькі тыдняў стаяла невялікая лётная часць. Ці не дзесятак самалёцікаў-стракозак. Падзея гэтая ўскалыхнула вёску. І пакінула па сабе памяць. Дзяўчаты ўсё ўспаміналі, як прыходзілі лётчыкі па вечарынкі ў пустуючую Франусіну хату (цётка Франуся з дзецьмі, ведаў Яська, загінула ў апошнюю блакаду), а самыя смелыя і рахманыя прыгадвалі, пэўна, і сёе-тое іншае. Казалі, напрыклад, што да Зінкі Аленінай лётчык неаднойчы хадзіў начаваць у пуню. Старэйшыя за Яську хлопцы, каторым па чатырнаццаць-пятнаццаць, бажыліся, што аднаго разу бачылі, гонячы на ранкі кароў, як той лётчык разам з Зінкай крадком выходзіў з пуні. Праўда, такія смаркачы, як Яська, пра якіх старэйшыя казалі, што ў іх яшчэ мамчына малако на губах не абсохла, куды больш цікавіліся іншым. Яны зранку і да самага вечара, ажно пакуль маткі ледзь не сілком турылі іх дамоў, прападалі ў Будзе. Лётчыкі былі добрыя, падпускалі хлопцаў да самых самалётаў, а за сякія-такія паслугі — прынесці вады, малака, яек — нават падсаджвалі на крыло, каб зазірнуць у кабіну, а то і пасядзець у ёй. Там, у Будзе, Яська на свае вочы бачыў, як тая ж Зінка Аленіна, Лёдзя Маслючкова і Верка Юстыніна сядалі ў заднія кабіны, прывязваліся там рамянямі, і лётчыкі разам з імі падымаліся ў неба і рабілі па некалькі кругоў над Альхоўкай і над Будай, і ён, Яська, на свае вушы чуў, як вішчала Верка ў небе, калі лётчык, які катаў яе, клаўся на крыло ці раптоўна даваў з вышыні нырца ўніз. Вішчала Верка так, што заглушала гул матора. А Яська і іншыя хлопцы качаліся па траве ад рогату. І моцна зайздросцілі тым дурным дзеўкам. Ах, як яны ім зайздросцілі! І як злаваліся на лётчыкаў! Што яны маюць да гэтых пісклівых дзевак? Знайшлі каго катаць! Вось яго б, Яську, паднялі ў неба (кожны, вядома, думаў пра сябе), пабачылі б, ці запішчаў бы ён са страху! А то — дзевак... Не, бачыць гэта было Яську балюча. Дзевак садзяць у самалёт і катаюць ні за што ні пра што, а Яську, які так стараўся дагадзіць ім ва ўсім,— нізавошта! Колькі ні ўпрошваў Яська, чуў толькі адно: «Мал яшчо! Вывалішся із кабіны — хто адвячаць будзе?!» Ах, як яму было крыўдна! Вось гэта яго даймала. А што нехта некага з некім бачыў уначы, чуў нейкія падазроныя шэпты і гукі — гэта абыходзіла Яську бокам...