Зняліся лётчыкі з Буды гэтак жа нечакана, як і селі, а памяць пра іх кароткачасовую стаянку засталася ці не ў кожнай хаце. Ва ўсіх у сенцах пахла бензінам. Хто хоць пляшку, слоік ці які бітончык, а расстараліся ў лётчыкаў «газы». І куродымілі ў хатах вечарамі газоўкі з абсыпанымі соллю кнатамі — каб, не дай бог, не ўспыхнула, не выбухнула бядою тая чортава «газа».
Яськава маці за нейкі пачастунак, а хутчэй не за пачастунак, а за работу — пераніцоўвала лётчыкам гімнасцёркі і леіла галіфэ, прывалакла дадому цэлую пляскатую каністру бензіну і выліла яго ў пустой улетку варыўні ў старую бляшаную балею, пазатыкаўшы дзіркі калочкамі, абкручанымі пакуллем. Праз той бензін бацька з маці, памятае Яська, ледзь не пасварыліся. Як ні старанна затыкала маці дзіркі, а бензін усё ж прасочваўся, і пакуль бацька вярнуўся з работы, пакуль шукаў нейкі іншы посуд і пераліваў у яго бензін з балеі, уся варыўня наскрозь прасмярдзела. «Як ты цяпер бульбу туды ссыплеш, моркву ці бурак пакладзеш?» — папікаў бацька маці. А яна апраўдвалася: «Дык сказалі ж: «Хадзяйка, флягу прыташчы назад!» А пад рукою нічога лепшага не знайшлося...» Бацька толькі махнуў рукой: «Ат, бабская твая галава!..»
Як бы там ні было, а ў Яськавай хаце цяпер штовечар гарэла газоўка — колішняя лямпа без камінка. Наліваў бацька ў магазын бензіну, навінчваў рашотку, а ў яе паўнютка, упоравень з кнотам, насыпаў солі. І газоўка гарэла. Спачатку, праўда, маці пабойвалася падазронага, як ёй здавалася, патрэсквання, але пасля бацькавых пасміхванняў аціхла. Яська, зрэшты, думае, што не так падзейнічалі на маці бацькавы кепікі, як тое, што газоўка, хоць і чадзіла, свяціла ўсё ж куды лепей, чым лучына.
Звычайна яна вісела на сцяне, уздзетая дзірачкай у ручцы магазына на цвічок. На стол, на перавернутую ўверх дном драўляную ступку, газоўка ставілася тады, калі Яська сядаў рабіць урокі.
Вось і цяпер газоўка стаяла на стале, на ступцы. З кончыка дрыгатлівага язычка-полымя выцягваўся і, звіваючыся, цягнуўся ўгору, аж пад цёмную — там панаваў зморк — столь, шнурочак дыму-чаду. Цікаў на сцяне «інвалід вайны». Стралялі ў грубцы дровы. І пад гэты ціхі вечаровы акампанемент (тады Яська наўрад ці ведаў гэтае слова) хлопец рабіў урокі: у сшытак, зроблены са здзёртых са сцяны шпалераў, перапісваў і рашаў задачкі. Сшытак Яська зрабіў сам з прынесенага бацькам кавалка шпалераў: склаў яго ў восем столак, сшыў ніткамі, а пасля разрэзаў нажом. Ручку таксама сам зрабіў: адшукаў у гародзе ўсохлае малінавае сцябло, абрэзаў акуратна, з аднаго канца ўставіў у мякаць пяро — вось і быў гатовы нескладаны струмант для пісьма. А чарніла Яську прыгатавала маці — з густа-чырвонага бурака. Доўга варыла яго, доўга настойвала, пасля працадзіла настой. Чарніла, налітае ў бляшанку, выдавала ажно занадта чырвоным, аднак, трапляючы з пяра на паперу, нечакана бляднела, рабілася ружовым. Папера таксама была ружаватая, нават хутчэй рудаватая, і трэба было добра націскаць пяро, шмараваць ім на адным месцы некалькі разоў, каб пасля мець магчымасць угледзець вокам і прачытаць, што там Яська накрэмзаў.