Выбрать главу

Цяпер, крэмзаючы пяром, Яська таксама раз-пораз кідаў позірк на бацьку і на дзеда Волеся. Абодва яны сядзелі да яго бокам: бацька — правым, дзед Волесь — левым, і Яська абодвух бачыў у профіль. Бацькаў твар — худы, з вострымі скуламі, з буйным, крыху гарбаватым носам, з высокім лобам і гладка прычасанымі светлымі валасамі. Твар дзеда Волеся — зусім іншы: круглы, поўны, маршчыністы, нос у дзеда Волеся тоўсты і кароткі, вусы чорныя, кончыкі задзёрты ўверх, сівыя валасы на галаве злямчыліся, збіліся ў касмылі. Шыя ў бацькі — доўгая, худая, як і твар, жылаватая, тырчыць з каўняра туга зашпіленай цёмнай — камсастаўскай — гімнасцёркі. У дзеда Волеся шыі зусім не відаць: круглая, сівая, паклычаная галава акаймавана аблезлай чорнай аўчынай.

Колькі памятае сябе Яська, памятае і гэтую дзедаволесеву паддзёўку. Яна як прыліпла навечна да ягоных плячэй. Яська нават быў упэўнены: што зведалі дзедавы плечы, тое зведала і яго паддзёўка. Бо вунь жа: відаць па ёй і след ад яловага камля, які дзед Волесь браў, пэўна, некалі на плячо, і след саламянай трукацкі з вазка, у які штодня куляецца дзед Волесь, і след напаленай, пабеленай вапнай грубкі, да якой дзед Волесь неаднойчы прытуляўся старэчымі азалелымі плячамі...

Яську было цікава назіраць за бацькам і дзедам Волесем праз дрыгатлівае полымя газоўкі. Яно, гэтае кволае, варухлівае, бы лат вос полымя, падзяляла іх, было своеасаблівай мяжой двух светаў, з-за якой Яська са свайго свету зазіраў у іхні. Які кволы ні быў агеньчык, ён усё ж ствараў уражанне светападзелу: профілі бацькі і дзеда Волеся бачыліся Яську ў шэра-блакітных воблаках тытунёвага дыму так, быццам сядзелі яны не побач, тут жа, па другі канец стала, а недзе далёка-далёка,— як на экране, на той шараватай прасціне, што развешваецца на сцяне ў ДСК тады, калі ў Альхоўку прывозяць кіно. Зрэдзь часу профілі гэтыя злёгку мяняліся — калі бацька і дзед Волесь падносілі да вуснаў свае суслы-цыгаркі. Яська бачыў, як спачатку на бацькавай правай шчацэ ўтваралася цёмная ўпадзіна, як варушыўся жаўлак і кадык на шыі, як потым адкапыльвалася ніжняя губа — гэта бацька зацягваўся цыгаркай, глытаў дым і праз хвіліну са смакам выдыхваў яго назад, выпускаючы з рота двума шырокімі струменямі — па куточках вуснаў — уверх; нос, вока, залысіна на нейкі час хаваліся ў дыме. Дзед Волесь зацягваўся іначай — як усім нутром, ад чаго варушылася ў каўняры ўся яго круглая паклычаная галава, а выдыхаў ён дым, шырока раскрываючы пад вусамі рот, перад сабой, і хмарка яго доўга вісела над сталом, паволі расплываючыся, ахутваючы і кволы язычок газоўкі, і Яську па другі бок светлавой мяжы.

— Паўліна, можа, прыкусіць што знойдзеш? — падае ўрэшце голас бацька.

— Што я знайду? — тут жа азываецца з другой паловы хаты маці,— Зацірка во скора будзе гатова!

— Зацірка! Зацірка! Мо сыраквашы хоць падай?!

Маці паяўляецца на парозе, выцірае фартухом рукі, зласнавата кажа:

— Што ты нэндзішся, як малое? Ці ж я табе шкадую? Сам жа, як прыйшоў, выхлябтаў з гарнушка! Ці забыўся?

Дзед Волесь разам з табурэткай паварочваецца да маці, прымірэнча кажа:

— Ты, Паўліна, не злуйся. Гэта во мая Альжбета сёння выціснула, дык я... Ну, ішоў сюды і ўзяў пляшку... І не шукай нічога. Агурок во ёсцека...

Маці прысядае ля грубкі, бярэ ў рукі качаргу, поверх гаршка падварочвае дровы, кажа:

— Канчайце от і не гамзайце! Зацірку зараз на стол пастаўлю, дзеці есці хочуць...

Дзед Волесь зноў разам з табурэткай адварочваецца да стала. Бацька бярэ пляшку, разлівае рэшту ў шклянку, якая стаіць перад дзедам Волесем, і ў сівую алавяную конаўку, што стаіць перад ім. Моўчкі выпіваюць абодва, хрумстаюць агурком.

Выцершы даланёй рот і вусы, дзед Волесь кажа:

— Дык што будзем рабіць, Сцяпан?

— З чым? — пытаецца бацька.

Дзед Волесь адказвае не адразу. Спачатку доўга ўзіраецца ў бацьку — быццам не верачы, што той не разумее, пра што ён пытаецца, а пасля, як бы ў чымсьці пераканаўшыся, кажа:

— Пра Марылю кажу. Пра Паўлюкову.

Бацька пацепвае плячамі:

— А што рабіць? Усё ж зроблена!

Дзед Волесь уцягвае галаву ў каўнер і круціць ёю, бы выцірае аб аўчыну ўспацелую патыліцу, потым выпростваецца, падаецца грудзямі да стала, аблакочваецца на вышараваную вехцем стальніцу. Гледзячы на бацьку, гаворыць:

— Дык і што — хай сядае кабета?

Бацька, бачыць Яська, пачынае злавацца — засоўгаўся на лаве, зарыпеў скуранымі леямі галіфэ. Паклаўшы рукі таксама на стол, кажа:

— Што ты, Волесь, пачынаеш, быццам я... Хіба я ўсчаў? Дурніца тая адразу да Ксяневіча пабегла.