Дзед Волесь адрывае локаць ад стала, махае рукой:
— Нічога я не пачынаю! І ведаю ўсё, як яно зрабілася! Я кажу, дык і што — хай сядае баба? Так?
— А што я табе — пракурор? Ці суддзя?
Яська ведае ўжо, што і бацька і дзед Волесь, нягледзячы на сваю вонкавую марудлівасць і памяркоўнасць, абодва ўспыхваюць, як запалкі. Бацьку ў такія хвіліны лепш не трапляйся на вочы — можа агрэць чым папала. А так ён ніколі і пальцам не кране яго, Яську. І дзед Волесь такі ж. Добры-добры, а, як маці кажа, да трох не гавары. Яська чуў не адзін раз, як сварыцца ён з бабай Альжбетай — праз двое загуменняў чуваць! Бацька з дзедам Волесем сяды-тады, седзячы вось так у іхняй хаце за сталом, таксама сварыліся. Нават без чаркі, было, счэпліваліся — схопяцца, бы пеўні. Сядзяць, гамоняць спакойна, а тады раптам як ашпарыць іх хто — слова за слова, і чым далей, тым болей, спуску адзін аднаму не даюць, адно што ў бойку не кідаюцца. Яська ў такіх выпадках голасу не падае, сядзіць ціха, як мыш пад венікам. А маці кінецца іх улёшчваць. Не разбіраючы, дзе свой, дзе чужы, абодвум выдасць, як малым, што насваволілі. І неўзабаве яны зноў ужо мірна, па-сяброўску гамоняць, як быццам нічога перад тым і не было.
І цяпер Яська чакаў, што бацькавага пракурора дзед Волесь не прапусціць міма вушэй. Аднак жа — прапусціў, сцярпеў. Нават усміхнуўся. Яську відаць было, як яго левы вус таргануўся некалькі разоў, а загнуты ўверх кончык палез высока, ажно пад самае вока.
Усміхнуўся дзед Волесь, ад стала адпіхнуўся, сказаў:
— Дурны ты, Сцяпан! Я чаго зайшоў? Выпіць з табой? Дык мог бы і дома, з Альягбетай... А зайшоў парахавацца. Нешта ж трэба рабіць, га?
Бацька таксама тут жа адышоў. Круцячы ў пальцах новую цыгарку, адгукнуўся на дзедаволесевы словы ўжо спакайней:
— Ага, табе не ўсё роўна, а мне... Быццам я не рос тут і Марылі Паўлюковай не ведаю... Але што зробіш тут?
— Вось давай і падумаем што! — падхапіў дзед Волесь.— Быць таго не можа, каб...
Бацька падняўся, нагнуўся да газоўкі, прыпаліў цыгарку. Апускаючыся зноў на лаву і выпускаючы два струмені дыму ўверх з-пад адкапыленай ніжняй губы, ён раптам ці не тужліва ўздыхнуў:
— Быць таго не можа, каб... Стары ты, Волесь, чалавек, перападала табе не раз, а ніяк паразумнець не хочаш. Што мы, што я ці ты, можам зрабіць? На ражон палезеш?
— А што рабіць беднаму Паўлюку? З двума дзецьмі? Што б ты рабіў, га?
— Ты зноў за сваё! Што Паўлюку рабіць, што б я рабіў... Мая ж во не крала!
Дзед Волесь матлянуўся грудзямі да стала, як не кінуўся да бацькі з кулакамі, закрычаў:
— Што ты гаворыш, Сцяпан?! Твая не крала! І язык паварочваецца казаць такое!.. Крала... Дзеці ад нішчымніцы зайшліся, от і прыхавала баба...
— А калі б кожная так? Што б тады, Волесь? — бацька, разумеў Яська, быццам лавіў дзеда на слове.
Дзед Волесь затрос кулакамі перад бацькавым тварам:
— Дык жа не кожная! Пра Марылю гаворка! Пра Марылю і яе дзяцей! Ці Паўлюк таго пуда жыта не зарабіў?!
У бацькі на правай шчацэ захадзіў жаўлак, пальцы на стале сціснуліся ў кулакі. Сказаў, як прахрыпеў:
— Што ты на мяне крычыш? Ці ты не ведаеш, час які? Што я магу зрабіць?
Дзед Волесь увабраў галаву ў каўнер, глуха, аднак жа спакойна загаварыў:
— Час, Сцяпан, якраз такі, што трэба бабу ратаваць. Досыць жа, нагараваліся, напекаваліся, натрэсліся людзі — па завязку! Вайны ж нямашака, скончылася, дзякаваць богу! Дык жа... Каб усе разам... Ты, я... Пайшлі б, пагаварылі б... Быць таго не можа, каб не...
Бацькаў твар, здаецца Яську, яшчэ больш схуднеў, шчака пабялела, і стала добра відаць, што за дзень адрасла на ёй густая рыжаватая шчэць. Бацька таропка робіць зацяжку за зацяжкай, ажно пакуль не апякае пальцаў. Трыбушачы ў попельніцы — аскялепку ад жбанка — канчур, ён кажа:
— Хочаш, каб з партыі паляцелі? Ведаеш, што могуць прышыць? Каго, скажуць, абараняеце? Раскрадальніцу народнага дабра? Таго, хто моц дзяржавы падрывае?.. Ці мне цябе вучыць, Волесь?
Дзед Волесь разводзіць рукамі, нібы ловячы штосьці ў паветры, гаворыць як ужо не да бацькі, а некуды ў пустату:
— Дык і прападай, чалавек!.. Дурная зялепуха вякнула — і ўсё, і рады нямашака...
— Не каркай,— перапыняе яго бацька.— Мо папалохаюць толькі. Ці мала што...
У дзеда Волеся кончык вуса паўзе па шчацэ ўверх — бы ад смеху, але дзед не смяецца, а як перакрыўляе некага:
— Ага, папалохаюць! Як у Лішчыцах: за два пуды — два гады!
Бацька не паспявае што-небудзь сказаць на гэта — азываецца ад грубкі маці:
— Ну, а Сцёпа што можа зрабіць, Волесь? Чаго ты ад яго хочаш? Хіба ж ён не заступаўся?