Падахвочаная Улімай, бурчала і Волечка — маленькая, круглая, як ступка, кабета. За гэтую яе малечасць і звалі яе, пэўна, усе ў Альхоўцы Волечкай, хоць той Волечцы было ўжо ці не за сорак. Уліму і Волечку нават дзеці за вочы называлі Улімай і Волечкай, на дадаючы да іх імёнаў паважнага слова «цётка».
Адно цётка Марыля не жалілася, што ёй цяжка, і не спрачалася. Нават яшчэ і прысароміла Уліму і Волечку:
— Ай, дзеўкі, не брашыце! Чаго ўжо вы? Хто вас у каршэнь гоніць? І колькі яго там, таго жыта?! Некаму ж трэба...
І Уліме і Волечцы як заняло. Па абедзе зноў хвасталі калоссем па козлах. І на другі дзень...
І ў гэты дзень пакацілася па Альхоўцы нечаканая і неверагодная чутка — Паўлюкова Марыля ўкрала паўмяшэчка жыта, злавіў яе сам участковы Ксяневіч!
Яська гэтай чутцы не паверыў. Калі б такое сказалі пра некага іншага, пра тую ж Уліму хоць бы, ён, пэўна, не здзівіўся б. Ад яе чаго хочаш можна чакаць! А цётка Марыля — зладзейка? Не, паверыць у такое ніяк няможна было. Яська ж ведае яе, бадай, гэтаксама, як сваю маці, і любіць яе, бадай, гэтаксама.
У цёткі Марылі і дзядзькі Паўлюка двое дзяцей — Калюня і Тоня. Тоня — малая, гэтакая ж смаркатая, як яго, Яськава, Зойка, а Калюня — яго равеснік і найлепшы сябрук. Яму, як і Яську, дзесяць гадоў, яны разам гуляюць у свае хлапечыя гульні і разам ходзяць у школу.
Яська часта забягае да Паўлюковых. Там яму падабаецца. Падабаюцца яму цётка Марыля і дзядзька Паўлюк. Найперш тым, што ніколі не сварацца між сабою. І на дзяцей не крычаць — на таго ж Калюню і Тоню. Калі б Яська з Калюнем зрабіў такі гармідар у сваёй хаце, які яны неаднойчы падымалі ў Калюневай, яму б здорава ўляцела ад маці. А цётка Марыля толькі памахае над імі хвастачом, што заўсёды вісіць у іх на шастку над прыпекам, памахае так, дзеля прыліку, нават і не дастане да іхніх спінаў яго мяккімі махрамі,— і супакоіцца. Яська і Калюня, вядома, прыціхнуць на нейкі час, нават — каб паказаць, што напалохаліся — зашыюцца ў запечак, а неўзабаве зноў носяцца па хаце, як і раней.
Ну, а дзядзьку Паўлюка любілі ці не ўсе хлапчукі, а не толькі Яська, не зважаючы на тое, што ён моцна кульгаў (левая ступня ў дзядзькі Паўлюка была вывернута ўнутр) і выгляд меў зласнаваты: у яго былі надта ж калматыя і густыя бровы і такія ж густыя і, мусіць, калючыя вусы. Затое душа ў дзядзькі Паўлюка была надзвычай добрая.
Рабіў ён у калгасе конюхам — і да вайны, і пасля вайны, і гэтую добрую душу дзядзькі Паўлюка адчувалі, пэўна, і коні, бо адгукаліся на кожны ягоны рух і слова і хадзілі за ім, як вялікія і рахманыя сабакі. Хлопцы надакучалі дзядзьку Паўлюку, мусіць, страшэнна, і, тым не менш, ён іх ніколі не праганяў ад сябе і заўсёды пускаў у сані і калёсы, а галоўнае — падсаджваў іх на конскія хрыбціны, чаго яны, вядома ж, найперш і праглі. Машыны ў калгасе тады яшчэ не было, і хлопцы раслі ў сяброўстве, з коньмі, і Яська пасля, праз шмат гадоў, помніў мокрую ад поту і цёплую конскую шыю, калі з яе знімалі хамут, востры, мулкі крыж, шорсткую, як сухая асака, грыву і гулкае ёканне селязёнкі, калі пад ім пускаўся ўрэшце наўскачкі змораны Мангол ці сляпы на правае вока Цупель. (Быў у дзядзькіпаўлюковай гаспадарцы стары, упарты, але цягавіты конь з такой дзіўнай для чужога вуха клічкай. Да вайны працаваў у Альхоўцы настаўнік па прозвішчу Цупель, і меў гэты настаўнік непамерна вялікую галаву — не галаву, а цэбар, і стаў ён у гады вайны паліцэйскім, і з тае ласкі ахрысцілі ягоным прозвішчам адбітага партызанамі ў немцаў каня — бо меў той конь надта ж вялізную галаву, Цупелеву галаву, ніякі хамут не налазіў, давялося рабіць той хамут спецыяльна для яго, па заказу.)
Дзядзька Паўлюк і да вайны меў да коней вялікую ласку. Сёй-той з вяскоўцаў нават пасміхваўся: маўляў, Паўлюк са сваёй Марыляй не так пяшчотна гаворыць, як з якой-небудзь кабылкай. Але, мусіць, яшчэ лагодней і старанней шчыраваў дзядзька Паўлюк на калгаснай канюшні па вайне — пэўна, таму, што конь дужа прыбавіў сабе людской пашаны і ўвагі. Мала іх было, коней, асабліва ў першыя пасляваенныя гады. Ад таго ж дзядзькі Паўлюка чуў Яська, што да вайны ў канюшні «Іскры» стаяла шэсцьдзесят рабочых коней, не лічачы жарабят, выязной кабылы і жарабка. А восенню сорак пятага дзядзька Паўлюк ганяў да крыніцы, ля якой на козлах ляжаў драўляны жолаб, тры паркі коней. І ўсе яны былі не першай маладосці, усе былі падарваныя ў партызанскіх балотах і на франтавых дарогах, адзін конь быў кульгавы на пярэднюю нагу і адзін — Цупель,— паўсляпы. І ў тым, што гэтыя тры паркі з дня ў дзень штосьці рабілі — аралі, баранавалі, вазілі лес і сена, гной і салому, парадзіх і хворых,— найперш была заслуга дзядзькі Паўлюка. Ёп і лячыў-выходжваў іх, і паіў, і карміў, прападаў на канюшні ад ранку да вечара, часта і спаць заставаўся там, у пустой праварыне на посцілцы сена ці саломы.