І вось на Альхоўцы папаўзла чутка тая. Не хацелася Яську верыць, што цётка Марыля магла такое зрабіць. Аднак жа — гавораць! І маці Яськава паверыла таксама не адразу. Калі ён прыбег дахаты і ляпнуў з парога гэтую навіну, маці перапытала:
— Марыля Паўлюкова? Жыта ўкрала? Ад каго ты чуў, сынок?
— Усе кажуць,— адно сказаў Яська.
— Выдумляюць людзі,— адмахнулася маці.
Яська пераказваў пачутае на вуліцы:
— Мусіць, не выдумляюць. Сам Ксёндз, кажуць, злавіў з мяшком на спіне, як дадому несла аселіцай.
Маці жагналася, не верачы, і ўсё прыгаворвала:
— Калі гэта праўда, дык, знаццё, нейкае насланнё па яе пайшло. Няйначай Уліма з Волечкай падбілі яе... А самі яны не папаліся?
— Пра іх не гаварылі,— паціснуў Яська плячамі.
Надвячоркам прыйшоў бацька. Падаючы яму міску бульбы-тушанкі і нязменную конаўку сыраквашы, маці спытала:
— Ці ж праўда гэта, што пра Марылю Паўлюкову кажуць? Ты чуў што ці не?
Бацька, хлебчучы з конаўкі, адказаў:
— Чаму ж не чуў! Ашалела баба! Дзяцей асіраціць хоча...
— Што ты кажаш! — Маці таксама прысела да стала.— І як жа яна рашылася?
Бацька быў, памятае Яська, нечым раздражнёны, адказаў маці са злосцю:
— Адкуль я ведаю! Спытай у яе!..
Вельмі блізка да сэрца прыняла Яськава маці бяду, што звалілася на галаву цёткі Марылі. Сябравалі яны — цётка Марыля і Яськава маці. Была між іх добрая паразумеласць — як між сёстрамі. І плён гэтай паразумеласці найперш адчувалі яны, дзеці — Яська і Калюня. Цётка Марыля славілася на ўсю Альхоўку тым, што надта ж удала катала валёнкі. А Яськава маці ці не адна на ўсю вёску мела швейную машынку і ўмела кроіць і шыць. Адна вельмі добра дапаўняла другую, і Яська з Калюнем сярод аднагодкаў хадзілі ў фарсунах. З надыходам халадоў і ў Яські і ў Калюні на нагах былі акуратныя, якраз па пазе, цёплыя і мяккія валёначкі, між тым як большасць іх сябрукоў соўгаліся з Бладыкавай гары ў ватовых бурачках. І штаны — найгалоўнейшая рэч, найвышэйшы гонар хлапчукоў-падшыванцаў — былі ў Яські і ў Калюні не такія, як у іншых. Няхай сабе пашыты яны былі з таго ж зрэбнага, пляміста-рудаватага ад альховай кары палатна, аднак штаны пашыты былі адмыслова: з гэстачкай на грудзях, з дзвюма, крыж-накрыж, шлейкамі і, што самае галоўнае, з дзвюма глыбокімі кішэнямі — рукі хаваліся ў іх ажно па локці. А ў іншых хлопцаў былі не штаны, а дзве, сяк-так сашчэпленыя калашыны, якія матляліся на іх, бы на пудзіле, на адной шлейчыне, а то і зусім на вяровачцы. А к школе Яська з Калюнем мелі і суконныя безрукавачкі на гузіках і з кішэнькамі, і падагнаныя па росту ватовачкі-палітончыкі з хлясцікамі (дармо, што перашытыя-пераніцаваныя з бацькавых ці з матчыных неданоскаў), і нават шапкі-вушанкі, якія чымсьці нагадвалі сапраўдныя будзёнаўкі — хлопцы ўмудраліся дамагчыся нават таго, каб на іх былі нашыты вялікія мацерчатыя зорачкі.
Дзяліліся іх маткі і сім-тым з яды. Цётка Марыля магла, разам з катанымі ёю валёначкамі для малой Зойкі, прынесці ў Яськаву хату торбачку льнянога семя (яно, тоўчанае, было вельмі смачнае з варанай бульбай), а Яськава маці, разам з пашытай сукеначкай для Тоні, заносіла цётцы Марылі ў капусным лісці кулачок масла — Аўтарэня не надта залівала сям'ю малаком, але за тыдзень-другі маці ўсё ж неяк умела назбіраць вяршкоў і аскароміць бойку...
Маці сядзела на лаве, ускрай стала, і чакала, што яшчэ скажа бацька. А ён еў і маўчаў. Маці другі раз падступілася да яго:
— Ну што ты за чалавек! Як язык праглынуў! Каб жа пра каго, дык ці пыталася б я?!
— Дык от збегай да яе самой і папытай,— агрызнуўся бацька.— Што я табе яшчэ скажу? Ну, украла, ну, злавіў Ксяневіч...
Пасля цётка Марыля сама расказала Яськавай маці, як чорт падбіў яе на тое, каб нагарнуць таго паўмяшэчка жыта разам з мякінай...
Ну, абівалі яны ўтраіх — з Волечкай і Улімай — тое жыта. Цягалі снапы з тарпы на правай палове пуні, хвасталі імі аб козлы і трыбушылі пранікамі на гліняным таку пасярод, насупроць дзвярэй, абабітыя снапы акуратна складалі на левай палове. Троху пра нешта гаварылі, троху праз нешта сварыліся — ведама, бабы як збяруцца, дык не могуць без таго. От і тым днём...