Калі цётка Марыля па абедзе зноў падышла да Франусінай пуні, дык убачыла там Ксяневіча і Гэлю. Цётка Марыля напачатку нічога благога не падумала. Ці мала чаго Ксяневіч, Ксёндз той, будзе разам з Галяй? Ён жа ў іх сталуецца... Ёкнула сэрца ў яе толькі тады, калі Ксяневіч, хмура зірнуўшы на яе, сказаў кудысьці ўбок:
— Сама пакажаш, куды схавала, ці будзем шукаць?
Цётка Марыля не прамовіла ні слова — не аднеквалася, не плакала. Моўчкі павярнулася, пайшла паволі да Юстынінай мяжы, нагнулася, асцярожна падняла бульбоўнік, які прыкрываў мяшэчак, паклала яго на ранейшае месца — на жаўтлявую, падапрэлую плямку на мяжы. Ксяневіч хвіліну пастаяў, памаўчаў, штосьці сам сабе прамармытаў. Потым адной рукой узяў мяшэчак за хахол, закінуў яго за плечы і загадаў:
— Пайшлі!
Яны, усе трое,— цётка Марыля, Ксяневіч і Гэля,— пайшлі ў Франусіну хату, дзе месцілася за перагародкай калгасная кантора. Там мяшэчак найперш быў усчэплены на кручок бязмена — пра яго Ксяневіч паклапаціўся загадзя. Заважыў мяшэчак пяцьдзесят фунтаў. Ксяневіч, быццам задаволены нечым, крактануў:
— Колькі ж гэта будзе?
Яму ніхто не адказаў.
— Колькі ж гэта будзе? — паўтарыў Ксяневіч. Паварушыўшы вуснамі, запытальна сказаў: — Роўна дваццаць кілаграмаў? Так і запішам — дваццаць кілаграмаў...
Ён сеў за стол, дастаў паперу і ручку.
Там, у канторы, цётка Марыля і расказала пра ўсё: і пра мяшэчак, і пра тое, як ён апынуўся ў кішэні ватоўкі, і як нагрэбла ў яго рукамі гэтых пяцьдзесят фунтаў жыта, і як прыхавала яго пад кучкай бульбоўніку на Юстынінай мяжы.
Выслухаўшы яе, не перабіваючы, Ксёндз загадаў ёй распісацца і адпусціў. І цётка Марыля зноў пайшла ў Франусіну пуню абіваць снапы, каб можна было пасля збіць з іх кулі і прыкрыць на зіму аўчарнік і канюшню. Думала, што на гэтым усё і скончылася, і бедавала, што не папрасіла вярнуць ёй мяшэчак, а то яшчэ, чаго добрага, прападзе недзе...
Удала цётку Марылю Васіліна, Антосішына выхаванка. Яська ведае, што да вайны Васіліна жыла з маці, паспела скончыць апошняй мірнай вясной пяць класаў. А вясною сорак трэцяга маці яе расстралялі карнікі. Сядзела яна з Васілінай і яшчэ некалькі жанчын з дзецьмі ў рове ў Паддубоўі, да якога рукой падаць з Альхоўкі. Не хацелі кабеты ўцякаць з дзецьмі куды далей, спадзяваліся, што і там адседзяцца. І не пачулі, як над іх галовамі, ускрай рова, затупалі боты. Іх там, у рове, і пастралялі з аўтаматаў.
Цяпер Яська, як і ягоныя сябрукі, пасучы кароў ці швэндаючыся ў Паддубоўе па арэхі, абыходзяць тое страшнае месца, хоць ніхто з іх і не бачыў, як яны ляжалі там, забітыя жанчыны і дзеці з іхняе Альхоўкі. Хапіла з іх і таго, што расказвалі старэйшыя. А расказвалі, што нібыта некаторыя бабы і дзеці і на ногі ўскочыць не паспелі. Тая ж Васілініна маці як сядзела на ўскрай разасланай на траве посцілкі, так і засталася сядзець, прыхінуўшыся адубянелай спінаю да гонкай алешыны.
А Васіліна ўратавалася. Адна ўратавалася. Кінулася без памяці бегчы куды вочы глядзяць, і не дагналі яе кулі. Маладыя ногі занеслі яе ажно на Лішчанскі пасёлак, ці не за шэсць кіламетраў ад таго Паддубоўя. На трэці дзень прывяла Васіліну ў Альхоўку нейкая лішчанская кабета, калі ўжо матку Васілініну і іншых пабітых пахавалі людзі ў агульнай магіле.
Прытуліла Васіліну баба Антосіха. Дзвюм адзінокім душам, казалі ў вёсцы, будзе ўсё ж цяплей разам: мо пры старой пакрысе акрыяе дзеўчынёха, а праз гады мо і Антосішына старасць будзе пры Васіліне не такой самотнай. Так і жылі яны, адаграваючыся, адтайваючы душой адна пры адной, так і вызвалення прычакалі.
Восенню сорак чацвёртага Антосіха паслала была Васіліну ў школу, у шосты клас, аднак пахадзіла туды дзеўка нядоўга. Для шостай групы, як казала пасля баба Антосіха, была Васіліна пераросткаў пашавэлкі назаляліся — падкрадзецца каторы і балюча ўшчыпне за добра ўжо адторкнутыя грудзі (Яська можа пацвердзіць — было такое), а галоўнае, не гарнулася дзяўчына да вучобы. І неўзабаве пайшла Васіліна ў калгас — памагала бабе Антосісе даглядаць і пасвіць авечак. Дзяўчына яна была рабацяшчая, паслухмяная, баба Антосіха не магла нахваліцца ёю. І людзі любілі і шкадавалі Васіліну. Дзед Волесь падказаў Гэлі, якая хадзіла не толькі ў брыгадзірках, але была і сакратаром камсамольскай арганізацыі, прыняць Васіліну ў камсамол. Васіліна з радасцю стала камсамолкай. А сёлета ўлетку, калі ў калгас прыгналі аднекуль да ранейшых шаснаццаці авечак яшчэ ці не пяцьдзесят, Васіліна стала не проста памочніцай у бабы Антосіхі — ужо і ёй як работніцы фермы ішлі працадні. Пра Васіліну была нават невялічкая заметка ў раённай газеце. Бацька, памятае Яська, чытаў увечары тую заметку ўголас, і ён, Яська, доўга не мог уцяміць, што ўсё тое было напісана пра Антосішыну выхаванку — надта ж усё было складна і надта ж непраўдападобна, быццам яна не авечак дурных пасвіла, а рабіла немаведама што...