Выбрать главу

Выходзіла цётка Марыля з пуні, азіралася на бліжэйшыя гароды і загуменні, нікога, здаецца, не бачыла, а яе, аказваецца, угледзела з аселіцы Васіліна. Авечкі хадзілі па той бок рэчачкі, за кустамі, а Васіліна выйшла чагосьці на гэты бераг, у канец гародаў. Пераскочыла цераз рачулку якраз у той момант, калі цётка Марыля, абняўшы аберуч мяшэчак, высунулася з пуні і пабегла трушком да Юстынінай мяжы. Пазнала цётку Марылю Васіліна. І здагадалася, што несла і чаго плюхнулася яна ля мяжы на калені, што прыхоўвала ўчарнелым бульбоўнікам. І, не раздумваючы, пашылася назад, на другі бераг, а там паза кустамі, уздоўж рачулкі памчалася бягом у вёску — да Ксяневіча. Вось Ксяневіч і сустрэў цётку Марылю ля пуні па абедзе...

— Дык што, могуць і напраўду засудзіць? — усё яшчэ не верыла маці.

— Ксяневіч загарэўся, афармляе справу ў суд, а там, пад гарачую руку, могуць і пасадзіць,— адказаў нарэшце бацька.

Маці падхапілася з-за стала, памкнулася нешта рабіць, але зноў падышла да бацькі, загаварыла:

— Ты б, Сцёпа, зрабіў бы што. З Ксяндзом патаварыў бы, з дурніцай той Антосішынай, калі яна не разумее, што натварыла...

Бацька пахмура адказаў:

— Я, Паўліна, Ксяндзу твайму не ўказ. Ён як абрадаваўся ўсё адно, што недарма хлеб есць... І Васіліны лепш не чапаць. Гэля ёй нешта сказала была, дык уз'елася: «Што, злодзеяў пакрываць? Гэта будзе па-камсамольску?..» Вось і рабі тут што!

Яська больш не слухае. Ён выбягае на вуліцу.

Ужо звечарэла, але над Нырковымі таполямі вісіць у небе амаль круглы месяц, і ў ягоным малочным святле можна было нават угледзець, што нехта перайшоў вуліцу ажно ў канцы сяла, ля Маслючковых. Яська паціху брыдзе вуліцаю, цікуючы за тым, як поруч з ім, крыху наперадзе, сунецца па бруку яго ўласны цень.

Ля Паўлюковых спыняецца — нехта сядзіць на лаўцы, але ў засені страхі не пазнаць хто.

— Чаго глядзіш? Не бойся, не ўкушу,— чуе Калюнеў голас.

Яська падыходзіць, сядае побач. Не ведае ён сёння, пра што гаварыць з Калюнем. Не будзе ж ён пытацца, ці дарабіў Калюня свой аўтамат і ці прыдаўся яму кавалачак меднай трубкі, які даў яму Яська, адшкадаваўшы са сваіх прыпасаў.

Калюня раптам уздыхае:

— Мама з татам сварацца... І Тоня плача.

Яська па-дурному пытаецца:

— Чаго ж яны сварацца?

Калюня паварочваецца да яго, глядзіць на Яську. Зноў адвярнуўшыся, сам пытаецца:

— А ты хіба не ведаеш?

— Ведаю,— не стаў хлусіць Яська.

— Дык чаго пытаешся?

Зноў маўчаць. Потым Калюня кажа:

— Тоньку шкада. Калі маму забяруць... Мы з татам не прападзём. А Тонька малая яшчэ... Цэлы вечар плача...

Яську хочацца сказаць Калюню нешта добрае, але не ведае што. Урэшце гаворыць:

— Можа, яшчэ і не забяруць... А Тоня ваша не малая ўжо. Як наша Зойка. А Зойка ніколі не плача,— хлусіць ён.— І Тоня не будзе... Вось пабачыш!

Калюня сапе:

— Малая... Яна ж спіць з мамай. А маму забяруць, з кім спаць будзе?

Яська на гэты раз не знаходзіць, што сказаць.

Нечакана Калюня саскоквае з лаўкі, кажа:

— Пайду ў хату, скажу, каб не сварыліся. І з Тоняй пагуляю...

І ідзе. А Яська яшчэ колькі часу сядзіць на лаўцы адзін і стараецца ўявіць, як будуць яны — дзядзька Паўлюк, Калюня і Тоня — без цёткі Марылі, як будзе ў іх у хаце без яе, як яны з Калюнем будуць гуляць у той хаце,— стараецца і не можа ўявіць. І яму робіцца шкада ўсіх чатырох — і цёткі Марылі, і дзядзькі Паўлюка, і Калюні з Тоняй, хоць і ведае Яська, што красці — не можна, што гэта брыдка і сорамна, што крадзе толькі той, хто пазычыў у сабакі вачэй...

А ля Маслючковых чуваць гамонка, смех, воклічы. Там, на месцы спаленай фашыстамі школы, на колішнім падмурку сярод таполяў штовечар збіраюцца хлопцы і дзеўкі. Такіх «смаркатых кавалераў», як Яська ці Калюня, хлопцы бязбожна тураць дахаты, яны разбягаюцца пад іхнімі кухталямі хто куды, але неўзабаве зноў вяртаюцца туды ж, пад школьныя таполі, на цёплыя камяні падмурка — бо дзе яшчэ можа быць цікавей! — і разыходзяцца ўрэшце толькі тады, калі нейкае ўнутранае чуццё падказвае ім, што дома, затрымайся каторы яшчэ хоць на хвіліну, чакае нешта куды горшае, чым нязлосны хлапцоўскі пляскач па рэбрах ці па ніжэйшым месцы.

Падымаецца з лаўкі Яська, ідзе таксама туды. Цішком, каб не надта вытыркацца, прыцягваць увагу да сваёй яшчэ зусім кволай у месячным сяйве постаці, шыецца за дзявочыя і хлапцоўскія спіны, хутчэй нюхам учуўшы, чым убачыўшы, што яго «смаркатая гвардыя» менавіта там. Хлопцы і дзеўкі гавораць пра цётку Марылю і Васіліну. Не гавораць, а зубаскаляць. І найбольш выскаляюцца «лётчыцы» — Зінка Аленіна, Лёдзя Маслючкова, Вера Юстыніна.