— Дык я ж і кажу...
Бацька маўчаў.
— Ты ж мяне, Пятровіч, ведаеш. І раслі разам, і як хлапцамі былі, і ў вайну во... Ну, ты ў лесе быў, я — тут, але ж не выракаўся, памагаў чым мог...
— Гэта я ведаю, Паўлюк...
— Ведаеш, Пятровіч, чаму ж не ведаеш,— дзядзька Паўлюк як павесялеў ці пасмялеў.— Ты ж, Пятровіч, братка ты мой, і мяне і Марылю маю... Ці ж я калі каліва чаго?.. А цяперака во, га? Суду чакаем, Пятровіч! Яна плача, а мне што рабіць? Што, Пятровіч, братка ты мой?
Бацька курыў, маўчаў. Доўга маўчаў. Ажно Яська наструніўся ўвесь у чаканні, калі бацька скажа што-небудзь. Урэшце ён, бацька, зноў высвеціўшы кончык носа і плямкі шчок з куточкамі вуснаў, сказаў:
— Храновае дзела, Паўлюк! Перамяніць тут што... Чаму ты адразу да Ксяневіча не пабег? Можа б, ён не так крута...
Дзядзька Паўлюк як махнуў рукой:
— Дык калі ж... Што да таго Ксяндза ісці, Пятровіч? Ці ж ён, як той казаў... Я да Волеся схадзіў, да цябе во...
— Што — я, што — Волесь! Ксяневіч мне сказаў тады, як паперы напісаў і падпісаў! Па закону ўсё, кажа! — бацька, бы забыўшыся на Яську і Зойку, адказаў грамчэй.
Дзядзька Паўлюк раптам усхліпнуў:
— Гэта я ведаю, Пятровіч... Па закону... А, не дай бог, здарыцца бяда тая, дык мне што? Як быць? З канюшняй, з дзецьмі, з усім?
Бацька падняўся з-за стала, пайшоў за шафу, узяў там гімнасцёрку. Нацягваючы яе праз галаву, глуха сказаў:
— Зразумей і мяне, Паўлюк. Гаварыў я з Ксяневічам. Ведаеш, што ён мне сказаў? Ні ў якую! Яшчэ і голас узвысіў. «Ведаем мы гэтую партызанскую ўсёдаравальнасць!..» Ведае ён яе, партызанскую ўсёдаравальнасць... Мы нічога нікому не даравалі. Падчас нават звычайнай чалавечай слабасці...
— Дык жа, Пятровіч, цяперака ж не вайна!
Бацька абарваў яго:
— А можа, і вайна, Паўлюк! Вораг як быццам невідочны, а перамагчы яго ці лягчэй?
— Які вораг, Пятровіч? Пра што ты, братка?
— Шмат ворагаў, Паўлюк. Голад той самы, рэзрух суцэльны, бядота наша... За што найперш брацца — галава кругам ідзе!
Дзядзька Паўлюк знячэўку ўскочыў з лавы, хапіў бацьку за руку:
— Дык гэта самае... Гэтага, як ты кажаш, Пятровіч, ворага трэба іначай адольваць. Злагадою, ласкаю, ядынасцю ўсіх...
Бацька, абцягваючы на жываце і клубах гімнасцёрку, сіплавата, глуха, як з грудзей, дадаў:
— І строгасцю, Паўлюк! І строгасцю. Ласкі на ўсіх не хопіць.
— А трэба, каб хапіла, Пятровіч! Пасля такой вайны трэба, каб хапіла... Каб акрыялі людзі, адагрэліся... Каб душа іхняя на месца стала, а не матлялася, надарваная... Эх, Пятровіч, братка ты мой!! Пайду я,— нечакана скончыў дзядзька Паўлюк.— Да коней трэба...
У хаце ўжо шарэла, і Яську ці відаць было, ці толькі здавалася, што на твары дзядзькі Паўлюка блукала нешта накшталт збянтэжанай усмешкі. Ён памуляўся троху, як не ведаючы, падаваць бацьку руку на развітанне ці не падаваць, і ўрэшце не падаў — пайшоў ціха да парога, валочачы па падлозе свой вывернуты, абуты ў чунь ступак.
Бацька ішоў за ім, быццам праходзячы. Ля парога, напаследак, сказаў:
— Выбачай, Паўлюк, сам разумееш...
— Разумею, Пятровіч, разумею,— ківаў галавой дзядзька Паўлюк, і цяжка было Яську даўмецца, што прагучала ў ягоным голасе — крыўда, расчараванне ці, сапраўды, гэтае самае разуменне.
Заснуць Яську ўжо не выпадала. Ляжаў у ложку з заплюшчанымі вачамі і слухаў, як бацька галіўся ў першай хаце — тупаватая, пэўна, брытва не хацела зразаць пругкую шчэць і шастала па шчоках, бы вехаць па гаршку, як пасля ён мыўся, плюскочучы і фыркаючы над вядром, як яшчэ пасля маці цадзіла малако, налівала яго ў конаўку — на сняданак бацьку, як яны аб чымсьці ціха гаманілі між сабою,— і ў другі раз за апошнія дні падумалася Яську пра бацьку з нейкай незразумелай, але, тым не меней, асязальнай крыўдай. Хутчэй нават не з крыўдай, а з горыччу. Упершыню такая недарэчная думка прыйшла да Яські колькі дзён назад, тады, калі бацька гаманіў за сталом з дзедам Волесем. І вось сёння — зноў. Што асаблівага сказаў дзядзька Паўлюк? Чаму Яську хочацца пагадзіцца з ім, а не з бацькам? Было боязна такіх думак. І рабілася да млоснасці горача ад сораму, ад трымклівай згадкі пра тое, што іх, гэтыя думкі, нейкім чынам можа падслухаць ці ўгадаць бацька,— і, бы на самой справе палохаючыся, Яська міжволі ўціскаўся ў падушку і нацягваў на галаву коўдру...
Не, думаць пра бацьку блага Яська не мог. Ён жа любіць бацьку!
Даваеннага яго Яська не памятае. Амаль не памятае. Як праз сон, прыгадваецца яму нешта іншае, звязанае з бацькам...
Прыгадваецца доўгае, чорнае, з надта ж глыбокімі кішэнямі бацькава паліто. Яно, халоднае, з намерзлымі ледзянымі крупкамі на крыссях, вісіць на сцяне ў першай хаце. Потым пад ім на падлозе ўтвараецца невялікая лужынка — калі таялі ад хатняга цяпла і сцякалі вадою тыя ледзяныя крупкі. Бачыць Яська гэтае паліто і чуе голас: «Пашукай там у кішэнях, сынку, мо што знойдзеш...» Да кішэняў з падлогі Яська не дастае. Валачэ, высільваючыся, табурэтку, узлазіць на яе з нагамі і, абапіраючыся адной рукой аб сцяну, другой лезе ў кішэню. Рука апускаецца ўніз, як у бяздонне, ажно пакуль не намацвае там шаматкі папяровы пакуначак. «Знайшоў!» — крычыць Яська. Пальцы яго ўчэпіста хапаюць пакуначак і выцягваюць на святло. Тут жа, стоячы па табурэтцы, Яська разгортвае паперу. У ёй — прыгаршчы рознакаляровых духмяных падушачак. Яська спаўзае з табурэткі, бяжыць у другую хату, узлазіць на мацерын ложак, з ложка — на ляжанку. Там высыпае падушачкі на посцілку, якой заслана ляжанка, і раскладвае іх па кучках: у адну кучку — жоўценькія, у другую — ружовенькія, у трэцюю — чырвоненькія, у чацвёртую — беленькія. З якой кучкі пачаць? З жоўтай? З ружовай? Не, так няможна. Шкада! Ён будзе браць з кожнай кучкі па адной падушачцы... Канчаецца тым, што неўзабаве на посцілцы не застаецца ніводнай цукерчыны.